Скульптура класіка беларускай літаратуры была ўсталяваная ў Кіеве на вуліцы Кацюбінскага, 3 (Шаўчэнкаўскі раён). Аўтары помніка — беларускія скульптары Кастусь Селіханаў і Алег Варвашэня.
Кампазіцыя вагой каля 2,5 тонаў і вышынёй 2,5 метры стваралася з сакавіка мінулага года. Бронзавы Караткевіч трымае рукі ў кішэнях паліто, на галаве яго — берэт. Пісьменнік стаіць на фоне разгорнутай кнігі; адну з яе старонак упрыгожвае цытата з верша Караткевіча на беларускай і ўкраінскай мовах:
І пад птушак зялёны гоман
Нарадзіліся для абшараў
Плод кахання бору і хмары —
Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.
Уладзімір Караткевіч скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, працаваў у сярэдняй школе ў вёсцы Лясовічы Кіеўскай вобласці, добра разбіраўся ва ўкраінскай літаратуры.
Нагадаем, што першапачаткова помнік Караткевічу планавалася ўсталяваць у канцы мінулага года, у гонар 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Бронзавая скульптура з Мінска ў Кіеў была адпраўленая яшчэ 14 снежня.
Але толькі 14 красавіка двухметровы Караткевіч з’явіўся побач з будынкам беларускай амбасады ў Кіеве. Разам з чорнымі стужачкамі і кветкамі, якія гараджане прынеслі ў знак скрухі па загінулых у выніку выбуху ў мінскім метро.
Паводле “Наша Нiва”