Музыка

Аляксандр Патліс прэзентуе новы альбом на dzedzich.org

(інтэрв’ю з музыкам + mp3)
Аляксандр Патліс, адзін з самых раскручаных артыстаў Беларусі, графік гастроляў якога распісаны на месяцы наперад, сустрэўся з карэспандэнтам dzedzich.org, каб распавесці аб сваім новым альбоме “Читай мои мысли”.

– Як ішла праца над новым альбомам?

– Узмоцнена – апошнія паўгода. Да гэтага вельмі расслаблена амаль паўтары (смяецца). А калі сур’ёзна, то песню “Кто сказал?” я і зусім думаў не ўключаць у альбом. Яна была напісана спецыяльна для адборачнага тура “Еўрабачання”, дзе я дайшоў да фіналу, але перамог тады Пётр Ялфімаў. Зрэшты, песня – гэта ўсё-ткі частка жыцця, таму было прынята рашэнне ўключыць яе ў трэк-ліст.

– Чаго чакаць слухачам ад новага альбома?

– Мне як музыканту цяжка казаць, ці адрозніваецца гэтая праца ад іншых ці не, таму што гэта ўсё ж такі маё тварэнне. Я не магу сказаць, што вось гэты сын прыгажэйшы і лепшы папярэдняга. Гэта ўсё павінен вызначыць слухач. Асабіста для мяне гэта нейкі новы этап у жыцці, трохі іншая лірыка. На альбоме будзе адна песня на ўкраінскай мове. Нам часта даводзіцца выступаць ва Украіне. Увогуле, я проста прапаную паслухаць працу. Тыя, хто ведаюць альбом “Второе дыхание”, змогуць супаставіць і параўнаць. Мае сябры, якія слухалі новыя песні, не маглі пазнаць мой голас. У некаторых кампазіцыях я змяніў манеру падачы вакалу. Напрыклад, у песнях “Hello”, “Мыслями связаны”, “Стань светом…” гэта асабліва чуваць. У цэлым на альбоме ёсць 5-6 песень, якія мне асабліва падабаюцца. Ёсць у іх асаблівы нерв, месцамі нават Псіхадэлія на мяжы музычнай шызафрэніі! (смяецца)

– Як плануеце арганізоўваць прамоцыю новага альбома?

– Ужо 28 траўня – Масква, 5 чэрвеня – Кіеў, увосень – Германія. Атрымалі прапанову выступіць у жніўні ў Чэлябінску. 1 чэрвеня я ўжо ў другі раз буду ўдзельнічаць у акцыі “У абарону жыцця”, прысвечанай Дню абароны дзяцей. Яна пройдзе ў канцэртнай зале “Менск”, і ў другім аддзяленні ў нашага гурта будзе выступ на цэлую гадзіну. А цалкам, прыгожую праграму я ўсё ж буду рыхтаваць на восень. Улетку мы аддамо песні на радыёстанцыі, здымем кліп, а ўжо восенню прэзентуем альбом у Беларусі. Таксама мы плануем запісаць 1-2 песні на беларускай мове. Плюс цяпер ідуць перамовы з Vincent’ом. Магчыма, мы зробім сумесны праект.

Даведка “Дзедзіча”:

Свет даведаўся пра Аляксандра Патліса ў якасці саліста гурта “Новы Іерусалім” ў 1992 годзе. Аднак праз 14 гадоў сумеснай творчай дзейнасці дарогі музыкаў разышліся і Аляксандр пачаў уласную кар’еру. У 2008 годзе выйшаў яго першы сольны альбом “Второе дыхание”. Праз тры гады пасля першай пласцінкі Аляксандр прэзентуе новы альбом “Читай мои мысли”.

Аляксандр Патліс выказвае падзяку гукарэжысёру Андрэю Баброўка – “чалавеку, які працуе не для сябе, а для артыста” і Віктару Пшанічнаму за дапамогу ў запісе вакалу.

Аляксандр Патліс

Аляксандр Патліс

Пакінуць адказ