Супрацоўнікі службы грамадскага транспарта Берасця ўслед за гомельскімі калегамі заявілі, што эканамічная сітуацыя аўтобусных паркаў вобласці і Беларусі ў цэлым патрабуе змены тарыфу ў бок павелічэння.
Па словах супрацоўнікаў транспартных службаў, пасажырскія перавозкі будуць не стратнымі толькі ў тым выпадку, калі кошт квіткоў будзе не меней 1200 рублёў у рэгіёнах і 1500 рублёў у Менску.
«Мы прааналізавалі сітуацыю, – распавёў газеце «Вячэрні Брэст» намеснік начальніка кіравання антыманапольнай і коштавай палітыкі Берасцейскага аблвыканкама Канстанцін Рэчыц. – У выніку накіраваны зварот транспартных арганізацый у Савет міністраў з просьбай даць згоду транспартнікам павялічыць тарыф да ўзроўня 1200 рублёў за талон. У прынцыпе, усе вобласці завуць прыкладна такую лічбу. Урад павінен разгледзець нашы прапановы і зацвердзіць ці не зацвердзіць падвышэнне тарыфаў».
Тым часам, у Мінгарвыканкаме яшчэ ў красавіку, гэта значыць да дэвальвацыі і падаражэнні бензіну, заяўлялі, што па сабекошце адна паездка ў сталічным грамадскім транспарце абыходзіцца ў 3000 рублёў і прапанавалі, каб грамадзяне аплачвалі прынамсі 30%, а тое і ўсё 50% ад кошту праезду, паведамляе “Народная Воля“.
Паводле Рэальнага Брэсту