Прэзэнтацыя першага беларускага поўнафарматнага коміксу “Андрэй Трасянок і загадка Плошчы Каліноўскага” адбылася ўвечары 16 чэрвеня ў сядзібе Партыі БНФ.
Як паведаміў намеснік старшыні партыі Ігар Лялькоў, комікс створаны ў рамках кампаніі “Страху няма”, якую ў лютым абвясціла кааліцыя “Беларускі выбар”.
Лялькоў адзначыў, што гэта “першая ластаўка” кампаніі, закліканай “паказаць, што беларускія ўлады і спецслужбы зусім не страшныя”.
– Яны, можа быць, зласлівыя, але ў той жа час смешныя, – сказаў палітык.
Па словах аднаго са стваральнікаў коміксу Алега Новікава, у беларускай гісторыі пакуль не было спробаў стварыць паўнафарматны комікс.
– Былі спробы ў 1990-я гады, потым былі” Саша і Сірожа “, аднак ўвязаць усё ў адзіны сюжэт, у адзіную фабулу – такога яшчэ не было, і мы паспрабавалі гэта зрабіць, – заявіў Новікаў.
Паводле яго, стваральнікі коміксу ня думалі, што гэта будзе так цяжка. Праект ад задумы да рэалізацыі заняў амаль чатыры гады.
– Мы не ўяўлялі, як гэта зрабіць. Арыентаваліся спачатку на коміксы пра Чалавека-павука, аднак у нашых умовах шмат што прыйшлося перарабляць. Трэба было з розных фактаў зрабіць адзін сюжэт – дынамічны, у жанры” фікшн “. Акрамя таго, мы меркавалі зрабіць вобраз галоўнага героя ў духу папулярнага дэтэктыва тыпу Фандорына , – сказаў адзін з аўтараў коміксу.
Сюжэт коміксу заключаецца ў тым, што спіты міліцыянт Андрэй Трасянок, які бамжуе ў Менску ў пошуках бясплатнай ежы, трапляе ў 2006 годзе ў намётавае мястэчка на плошчы Каліноўскага. Там яму даручаюць знайсці укаранёнага агента. У працэсе пошуку Трасянок разумее, што гэта падобна на тое, як у 1863 годзе падчас паўстання жандары шукалі Кастуся Каліноўскага.
Комікс выдадзены накладам 300 асобнікаў. Аб’ём кнігі 140 старонак.
Стваральнікі, па словах, Новікава, плянуюць на яго аснове зрабіць мультфільм, а таксама працягнуць сэрыю пра Андрэя Трасянка.
Паводле: Радыё Свабода