Эканоміка

“Казловічы-2” адкрылі з дапамогай ЕС

20 лістапада на беларуска-польскай мяжы ўведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс грузавога тэрмінала “Казловічы-2”.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага тэрміналу ўзялі ўдзел кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ва Украіне і Беларусі Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра, Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі, старшыня Дзяржаўнага пагранічнага  камітэта Беларусі Ігар Рачкоўскі, кіраўнікі мытных адміністрацый Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, прадстаўнікі  Мытнай службы Польшчы, а таксама  выканаўчай улады Брэсцкай вобласці.

“Я рады тым пераменам, якія адбыліся ў гэтым пункце пропуску. Я ўпэўнены, што адкрыццё гэтага комплексу будзе садзейнічаць супрацоўніцтву Беларусі з краінамі Еўрасаюза”, — сказаў на цырымоніі адкрыцця комплексу  Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра.

Будаўніцтва першага пускавога комплексу грузавога тэрміналу “Казловічы-2” у межах праграмы ТАСІС пачалося ў 2005 годзе. На гэтыя мэты Еўракамісія выдзеліла 14 млн. еўра. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва выступіла польская фірма “Будымекс”.

Да 2008 года былі ўзведзены галоўны будынак, інжынерныя сеткі і збудаванні, будынак кіналагічнай службы.

У 2009 годзе завершана будаўніцтва ўсіх аб’ектаў першага пускавога комплексу. Гатовы да ўводу ў эксплуатацыю галоўны  корпус, пад’язныя шляхі і пляцоўкі. Завершаны мантаж і наладка камп’ютэрнай сеткі, сувязі і міні-АТС, сістэмы  радыяцыйнага кантролю. Генпадраднай будаўнічай арганізацыяй на гэтым этапе з’яўлялася ААТ “Будаўнічы трэст № 8”.

У 2009 годзе будаўніцтва тэрмінала фінансавалася за кошт бюджэтных сродкаў Беларусі (12,6 млрд. руб.).

У выніку рэалізацыі дадзенага праекта магутнасць тэрмінала ўзрасце ў два разы і складзе 4 тыс. грузавых транспартных сродкаў у суткі ў абодва напрамкі. Гэта  адпавядае прапускной здольнасці тэрмінала “Карошчын” на польскім баку. З адкрыццём новага тэрмінала “Казловічы” стаў найбуйнейшым пунктам мытнага  афармлення на заходняй беларускай мяжы.

Ларыса Шыганава, БелаПАН.

Kazloviczy-2b

На памежным тэрмінале "Казловічы-2"

Фота БЕЛТА.

Пакінуць адказ