Культура

Чароўнаму трусіку апладысменты!

Прадстаўніка Беларусі на міжнародным дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне-2009» Юру Дземідовіча, які 22 лістапада вярнуўся з Кіева, у аэрапорце сустрэлі апладысментамі.

«Я вельмі стаміўся, усё гэта вельмі складана, — сказаў Дземідовіч. — Найбліжэйшым часам планую адпачыць, а потым — працаваць». Паводле яго слоў, хутка адбудзецца здыманне кліпа на песню «Чароўны трус».

Выканаўца прызнаўся, што яму вельмі спадабалася ў Кіеве, нават ад’язджаць не хацелася, аднак арганізацыя конкурсу «была крыху не вельмі». «Святло выключылі на рэпетыцыі, я ўпаў, зламаў палец», — сказаў ён. Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 19 лістапада, напярэдадні генеральнай рэпетыцыі конкурсу.

Дземідовіч заняў на «Еўрабачанні» дзевятае месца. Першае месца атрымаў 14-гадовы Ральф Макенбах з Нідэрландаў.

Раней канкурсанты з Беларусі двойчы станавіліся пераможцамі дзіцячага «Еўрабачання». У 2007 годзе першае месца заваяваў мінскі школьнік Аляксей Жыгалковіч, у 2005 годзе — Ксенія Сітнік з Мазыра.

Дзіцячае «Еўрабачанне-2010» пройдзе ў наступным годзе 20 лістапада ў Мінску.

БелаПАН

Пакінуць адказ