У ліпені 2010 года Беларусь, Літва і Польшча будуць адзначаць 600-годдзе перамогі ў Грунвальдскай бітве. Да юбілея прымеркавана стварэнне літоўска-беларускага мастацкага фільма аб гэтай старонцы нашай гісторыі.
Здымкі мастацкай стужкі пра Грунвальд (па-літоўску – “Жальгірыс”) – ідэя літоўская. Яшчэ некалькі гадоў назад нашы суседзі абвясцілі конкурс праектаў поўнаметражных фільмаў у межах адзначэння 1000-годдзя першай летапіснай згадкі Літвы. Сярод 12 заяўленых работ перавагу атрымаў менавіта “грунвальдскі праект”. Напэўна, і рэалізаваны ён быў бы ўласна літоўскімі сіламі, калі б не дзве прычыны: адсутнасць вялікіх сродкаў (паводле папярэдніх падлікаў, 17 млн літ) і эканамічны крызіс. Гэтак, у траўні партал DELFI.lt са спасылкай на прадзюсара фільма Арунаса Стошкуса паведаміў, што запланаваныя здымкі фільма “Грунвальд – дзень жалеза” адкладзены на нявызначаны час.
Аднак у пачатку кастрычніка міністр культуры Беларусі Павел Латушка заявіў, што падчас сустрэчы з літоўскім калегам Рымігіюсам Вілкайцісам у Белавежскай пушчы была дасягнутая дамоўленасць аб падрыхтоўцы супольнага беларуска-літоўскага кінапраекту з агульным бюджэтам каля 6 млн долараў. Праз колькі тыдняў пра гатоўнасць гісторыкаў і кінематаграфістаў дзвюх краін пачаць сумесную працу над “Грунвальдам” паведаміў і літоўскі міністр.
Аднак і тут ёсць колькі нюансаў. Па-першае, скончыць працу да юбілею ў наступным годзе адназначна не паспеюць. Па-другое, апроч фінансавага складніка ёсць яшчэ і ідэалагічны, а менавіта розная інтэрпрэтацыя беларусамі і літоўцамі гісторыі ВКЛ. На думку Латушкі, задача няпростая, бо сцэнар павінен адлюстроўваць погляды на бітву абодвух бакоў. Не выключыў разыходжанні і Вілкайціс, дадаўшы, праўда, што пры папярэднім абмеркаванні ацэнкі адмыслоўцаў дзвюх краінаў наўздзіў супалі.
Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў называе супольнае кіно пра Грунвальд плённай ідэяй, якую можна ажыццявіць, дасягнуўшы кансенсусу ў ацэнцы сілаў, што ўдзельнічалі ў бітве з боку ВКЛ. Аднак, паколькі фільм будзе прысвечаны канкрэтнай гістарычнай падзеі, ён лічыць, што акцэнты мусяць быць расстаўлены даволі дакладна.
“Справа ў тым, што літоўская гістарыяграфія дагэтуль сцвярджае, што гэта была перамога літоўскай і польскай зброі. Натуральна, літоўцы робяць акцэнт, што ледзь не галоўную ролю ў трыумфе адыгралі яны, тое тычыцца і палякаў, – распавёў Арлоў.
Вядома таксама, што літоўцы разглядалі магчымасць супрацоўніцтва ў стварэнні кінапраекту з палякамі. Менавіта польскі погляд на гэтую гістарычную падзею стаў асновай у папярэднім фільме пра Грунвальд – стужцы Аляксандра Форда “Крыжаносцы” 1960 года, дзе літоўцы былі паказаны “храбрымі дзікунамі ў мядзведжых скурах”. Беларуская пазіцыя тады наогул не была прадстаўлена.
Паводле ранейшай інфармацыі, асновай сюжэтнай лініі стане лёс двух стрыечных братоў – польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. Прычым, адна з асноўных умоў літоўцаў – каб ролю Вітаўта выконваў іх актор.
Што да рэжысёра, літоўцы прапанавалі як варыянт парную працу прадстаўнікоў дзвюх краінаў. Ад Літвы ідзецца пра 50-гадовага Раймундаса Баніоніса, выпускніка маскоўскай кінематаграфічнай школы. Якая кандыдатутра разглядаецца ад Беларусі – невядома. На “Беларусьфільме” паведамілі, што пакуль усё знаходзіцца на стадыі перамоваў. Невядома таксама, хто з айчынных літаратараў і гісторыкаў будзе ўдзельнічаць у напісанні сцэнара.
паводле http://news.tut.by/
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…