Культура

Вызначыўся пераможца “Залатой восені-2009”

Сёння ў Берасці вызначыўся пераможца традыцыйнага фестываля маладых рок-гуртоў “Залатая восень”. Сярод чатырох калектываў, якія трапілі ў фінал, лепшым быў прызнаны “The Fraiz”.

Як адзначыў на цэрымоніі ўзнагароджання старшыня журы фестываля Алег Сцепанюк, узровень гуртоў у гэтым годзе пакінуў жадаць лепшага. Вядомы музыка, колішні вакаліст гурта “Onegin”, а цяпер дырэктар гурта “D-tails” спадар Сцепанюк таксама зазначыў, што членам журы было вельмі цяжка вызначыць пераможцу, бо ўсе калектывы былі прыкладна аднаго невысокага ўзроўню, і ім яшчэ трэба шмат працаваць над сабой. Тым не менш, дасведчаным музыкам прыйшлося-такі вызначыць лепшага сярод маладых калегаў. Ім стаў рок-гурт “The Fraiz”. На карысць хлапцоў з гэтай каманды згулялі ўдалыя аранжыроўкі, праца з гледачамі і паводзіны на сцэне. На другім месцы апынуўся гурт “Eastwood”. Ангельскамоўны калектыў утварыўся ўсяго толькі месяц назад і адразу патрапіў у фінал. На трэцім месцы – яшчэ адзін ангельскамоўны бэнд “Anno Domine” – адзіны ў фінале з жаночым вакалам. Гэты зусім малады гурт сапраўды стаў адкрыццём фестываля, бо пасля адборачнага тура атрымаў хіба больш за ўсё прыемных водгукаў ад членаў журы і слухачоў. Але гэтага аказалася недастаткова, каб перамагчы. Маладыя музыкі пакуль зусім не ўмеюць паводзіць сябе на сцэне, матэр’ял недапрацаваны і месцамі аднаабразны. Але ў гурта ёсць будучыня – гэта відавочна. Галоўнае – праца над сабой. Урэшце апошняе, чацвёртае месца, заняў адзіны беларускамоўны фіналіст – гурт “Амерта”. Хлопцы адзначыліся добрай сыгранасцю і ўменнем паводзіць сябе на сцэне, але з-за адсутнасці, па выразу Алега Сцепанюка, “чагосьці свайго” не здолелі падняцца на п’едэстал.

Пакінуць адказ