Культура

У Мінск прыедзе Rammstein

Некалькі сталічных канцэртных арганізацый вядуць перамовы аб арганізацыі выступлення Rammstein у Мінску. Паводле папярэдняй інфармацыі, першы ў Беларусі канцэрт гурту плануецца на 7 сакавіка 2010 года.

Як паведамілі ў адной з арганізацый, якая вядзе перамовы аб канцэрце, чакаецца, што месцам яго правядзення будзе цэнтральная пляцоўка спартыўнага комплексу «Мінск‑Арэна», якая ўмяшчае да 15 тысяч гледачоў. Пытанні, што тычацца кошту білетаў і таго, якія гурты будуць выступаць «на разагрэве» ў Rammstein, пакуль узгадняюцца.

Паводле слоў арганізатараў выступлення, апрача музыкантаў на канцэрт павінна прыехаць адміністрацыя калектыву і тэхнічны персанал, усяго прыкладна 40 чалавек.

Гурт прывозіць уласнае музычнае абсталяванне на пяці грузавіках.

Што тычыцца бытавога райдэра, то для музыкантаў патрабуецца пяцізоркавы гатэль, для тэхперсаналу — трохзоркавы.

Зараз Rammstein праводзіць сусветнае турнэ ў межах выхаду новага альбома Liebe ist fur alle da.

У канцы лютага наступнага года гурт плануе даць канцэрты ў Санкт‑Пецярбургу і Маскве, 4 сакавіка — у Рызе, 5 сакавіка — у Вільні, 9 сакавіка — у Кіеве.

***

Гурт Rammstein быў створаны ў студзені 1994 года. Музычны стыль калектыву аб’ядноўвае ў сабе элементы індастрыял‑метала і традыцыі нямецкай цяжкай музыкі. Rammstein — адзін з самых папулярных рок‑гуртоў Германіі, шырока вядомы і ў астатнім свеце. Амаль усе песні калектыву выконваюцца на нямецкай мове. Каманда таксама праславілася сцэнічнымі шоу і эпатажнымі тэкстамі.

rammstein

БелаПАН

Пакінуць адказ