Грамадства

Берасцейцы напісалі заяву ў пракуратуру

Калектыўны зварот падпісалі жыхары дома № 26 па вул. Памежнікаў у Берасці, які выстаўляецца на аўкцыён пад знос. Людзі ўпэўненыя, што іх правы груба парушаныя і яны гатовыя за іх змагацца.

Берасцейскія актывісты Руху “За Свабоду” праінфармавалі жыхароў дома № 26 па вул. Памежнікаў пра намеры гарадскіх уладаў пра продаж і знос іх жытла. Людзі былі абураныя, што іх дом, які да таго ж з’яўляецца архітэктурным помнікам, быў выстаўлены на аўкцыён без іх згоды.

Пры дапамозе актывістаў Руху Сяргея Вакуленкі і Дзяніса Турчэняка была складзена калектыўная скарга пракурору Берасцейскай вобласці. Жыхары дома ўпэўненыя што ўлады парушаюць артыкулы 44 (“дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці”), 48 (“Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жытла”) і 54 (“Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурныя каштоўнасці”).

Актывіст Руху “За Свабоду” упэўнены, што менавіта своечасовае ўмяшальніцтва актывістаў Руху, у тым ліку кіраўніцтва Таварыства аховы помнікаў, паўплывала на тое, што аўкцыён не адбыўся. Аднак, па словах актывіста, арганізатары аўкцыёну намераны яго правесці ў канцы снежня, пачатку студзеня.

milinkevich.org

Пакінуць адказ