Грамадства

Улады Берасця парушаюць законы

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры перадала матэрыялы ў пракуратуру, у сувязі з парушэннем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны РБ”.

Актывіст Руху “За Свабоду”, старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прыйшоў да высновы, што выканаўчыя і распарадчыя органы г. Берасце неаднаразова выстаўлялі на рэалізацыю аб’екты нерухомасці, надзеленыя статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці для іх далейшага зносу і новага капітальнага будаўніцтва, што з’яўляецца грубым парушэннем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” ад 09 студзеня 2006 году.

Пад знос выстаўляліся на продаж наступныя будынкі і збудаванні, якія згодна рашэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь ад 01.07.2009 г. атрымалі статус гісторыка-культурных каштоўнасцей:

  • 1.Будынкі 26; 28 па вул. Савецкіх пагранічнікаў
  • 2.Будынак 23 па вул. Леніна
  • 3.Будынак 12 па вул. Астроўскага
  • 4.Будынкі 48; 50; 56 па праспекце Машэрава
  • 5.Будынак 36 па вул. 17 Верасня
  • 6.Будынак 39 па вул. Дзяржынскага
  • 7.Будынкі 100; 102 па вул. Савецкай

У сувязі з тым, што гэтыя будынкі-помнікі па ўмовах аўкцыёну адлягаюць зносу з далейшым праектаваннем і новым будаўніцтвам, правядзенне аўкцыёну парушае артыкулы 27; 28: 29; 36 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, пп. 1.2, 1.5, 2.3, 2.4 артыкула 10 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” і шэраг іншых нарматыўных дакументаў.

Паводле БДТАПГК, асабістая пазіцыя старшыні Берасцейскага гарвыканкама А. Палышанкова стварае перадумовы для здзяйснення злачынстваў па артыкуле 344 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры просіць пракуратуру Брэсцкай вобласці і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь разабрацца ў сітуацыі і прывесці працу Берасцейскага гарвыканкама з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі ў прававое рэчышча.

БДТАПГК патрабуе ад берасцейскіх уладаў прадставіць план мерапрыемстваў па рэалізацыі заканадаўства і дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны і перспектыўныя прапановы гарвыканкама па правядзенню аукцыёнаў у Гістарычным цэнтры Берасця, а таксама прапануе апублікаваць у газеце “Вячэрні Брэст” рашэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь аб пераліку аб’ектаў Гістарычнага цэнтра Берасця і аб асноўных накірунках захавання, узнаўлення і перспектыўнага выкарыстання гістарычнай спадчыны на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці.

milinkevich.org

Пакінуць адказ