Грамадства

Як абараніць сваю перапіску ў інтэрнэце?

Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце атрымаў права ажыццяўляць аператыўна-вышуковую дзейнасць, і яго паўнамоцтвы значна пашырыліся. Некаторыя ўладальнікі сайтаў у байнэце проста ў шоку ад паўнамоцтваў. У бюджэце ж на 2010 год на цэнтр выдзелілі 12,5 мільярдаў рублёў (амаль 4,5 мільёна долараў).

Цяпер з санкцыі можна атрымаць доступ да пошты кожнага чалавека, калі сервер знаходзіцца ў Беларусі.

Гэта і слыхавы кантроль, кантроль паштовых адпраўленняў, праслухоўванне размоваў, запіс інфармацыі з тэхнічных каналаў сувязі. Усе пункты можна паглядзець тут.

Некаторыя эксперты кажуць, што цэнтр будзе мець легальныя падставы, каб сачыць за людзьмі. Але ў гэтым ёсць і пазітыўны момант. Тое, што раней магло рабіцца па-за законам, цяпер будзе рэгулявацца заканадаўствам. І каб умяшацца ў таямніцу асабістага жыцця, перапіскі і весці знешні кантроль, цэнтру давядзецца атрымліваць санкцыі.

Рэч у тым, што падраздзяленне “К”, якое займаецца інфармацыйнымі злачынствамі, даўно ўжо існуе пры МУС, а цяпер такія правы нададзеныя і Аператыўна-аналітычнаму цэнтру.

Сёння можна адсочваць усе перасоўванні карыстальніка ў сетцы. І ведаць, куды вы ходзіце і што пішаце.

“Тэхнічна нават кожны слухач ваш можа паспрабаваць адсочваць. Існуе шмат праграмаў па аналізе пакетаў. Я карыстаюся праграмай Wireshark. Яе можна бясплатна скачаць“.

Такую праграмку можна усталяваць на сваім ноўтбуку, прыйсці на працу ў офіс і  чытаць, што там калегі пішуць ў асьцы ды кантакце.

Таму лепш карыстацца ананімнымі сеткамі. Там ваш запыт праходзіць праз сотні кампутараў па ўсім свеце і адсачыць, адкуль ён прыйшоў, амаль немагчыма. Калі карыстальнік уваходзіць у гэтую сетку, як, напрыклад, Tor, то ўжо ніхто не можа бачыць, на які сайт ён пайшоў. Гэтак сама, як сам сайт не можа бачыць, адкуль прыйшоў гэты карыстальнік.

Для перапіскі эксперты прапануюць Skype. Ён лічыцца найбольш бяспечным. Хаця, напрыклад, у Кітаі і яго можна “ўзламаць”.

“Там калі карыстальнік усталёўвае кітайскую версію “скайпа”, усе яго паведамленні адсылаюцца ў спецслужбы“.

Што тычыцца пошты, то лепш карыстацца абароненым пратаколам https — гэта лічыцца самым бяспечным. Такі пратакол выкарыстоўвае, напрыклад, сервіс gmail.com і tut.by. Але і тут ёсць свая небяспека: калі дасылаць ліст з gmail.com на, напрыклад, mail.ru, дзе няма https, то гэтае паведамленне лёгка перахопліваецца, бо ідзе па небяспечным канале да другога карыстальніка.

Спецыяльны софт, усталяваны на сервер правайдэра, можа аналізаваць увесь трафік па ключавых словах і перасылаць паведамленні ў спецслужбы ці нават затрымліваць іх, каб яны не даходзілі да іншага карыстальніка.

Напрыклад, калі вы напішаце ў “асьцы” свайму сябру слова “бомба”, якое забіта ў базе, то гэтае паведамленне і ўсе наступныя аўтаматычна будуць адасланыя ў спецслужбы. А калі ж у пасланні нешта вельмі сур’ёзнае, то яно можа нават не дайсці.

Еўрарадыё.

0 Comments

Пакінуць адказ