Роўна 20 год назад, 26 студзеня 1990 г., Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон “Аб мовах БССР”, які надаў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Падкрэслім: надзвычай смелы для тагачаснай Беларусі закон быў ухвалены менавіта партыйнымі бонзамі. У краіне пачалася беларусізацыя.
А што было б з матчынай мовай, калі б не рэферэндум 1995 года, не заход адраджэння?
Алег Трусаў лічыць галоўнай памылкай адраджэнцаў на пачатку 1990-х, што “не з таго пачалі”.
“Трэба было спачатку брацца не за школы, а за універсітэты. Калі б мы за два гады перавялі ўсе універсітэты на беларускую мову, школы б самі перайшлі, як гэта адбылося ва Украіне. Паўнавартасную беларускамоўную сістэму вышэйшай адукацыі цалкам рэальна было зрабіць за пяць год. І разбурыць яе потым было б вельмі цяжка, бо, напрыклад, тыя выкладчыкі, якія пачалі чытаць лекцыі па-беларуску тады, працягваюць і цяпер, — прыпускае лідэр ТБМ. — Цяпер бы ў беларускамоўныя школы стаялі б чэргі, а “рускіх” засталося б 10-15%. І польскія, і літоўскія былі б…”
“Калі б не адкат, які пачаўся ў 1995 годзе, сёння ў Беларусі былі б другія адносіны да мовы і зусім іншая абстаноўка. Але ў любым разе, у пачатку 1990-х быў дадзены магутны штуршок адраджэнню і развіццю беларускай мовы, карэнным чынам змянілася стаўленне да гістарычнага мінулага краіны…” — заўважае экс-кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі.