Грамадства

Беларуская школа: савецкае выхаванне

Сённяшняя школа выхоўвае безыдэйнае пакаленне. Па-другому можна сказаць, што ў беларускіх школах па сённяшні час яшчэ савецкае выхаванне.

Расказвае Андрэй, педагог‑арганізатар адной з менскіх школ.

– У чым сэнс працы педагога‑арганізатара?

– Мая галоўная задача — арганізацыя ў школе мерапрыемстваў. Напрыклад, канцэртаў, прысвечаных афіцыйным святам. Праводзім конкурсы, віктарыны. Таксама ў мае абвязкі ўваходзіць праца з актывам школы — членамі БРСМ, піянерамі, акцябратамі…

– Акцябратамі?!

– Так, у сучаснай школе ёсць акцябраты. Cпачатку спрабавалі ўжываць назву «спадкаемцы». Бо, маўляў, павінны захоўваць багатую гістарычна‑гераічную спадчыну краіны. Аднак не прыжылося. Ужываюць звыклы тэрмін — акцябраты. Толькі ў нашага аналага зорачка без Леніна, дый дзецям распавядаюць легенду пра добрага хлопчыка Акцябронка, які ўсім дапамагаў…

– І вераць?

– Школьнікі зорачку не носяць: у акцябраты прынялі, а чаму менавіта зорачка — не паяснілі.

– А як жа піянеры без Леніна?

– Тут праблема. Кіраўніцтва школы само не можа даць ідэалагічнае азначэнне піянеру. Як у тым анекдоце: «Мама, у школе сказалі, што піянер — гэта той, хто не лаецца матам, дапамагае старэйшым, аберагае прыроду. Дык нашто мне ўступаць у піянеры, калі я і так усё гэта раблю?»

Але структура піянерскай дружыны — як у савецкія часы. Важатым абавязкова павінны быць прадстаўнік БРСМ. Нават «цімураўцы» існуюць.

– Пра ініцыятывы піянераў і БРСМ столькі пішуць!

– Мерапрыемствы, якія праходзяць у школе, павінны адбывацца нібы па ініцыятыве БРСМ, піянераў, акцябратаў. Хаця звычайна гэта на паперы. Мне трэба аформіць дзесяць тэчак, якія будуць асвятляць жыцце нашай піянерскай дружыны. А як звязаць школьныя мерапрыемствы з піянерамі? Гэта ўжо мае праблемы. На першым месцы ў школе паперы, а дзеці — як удасца.

– Ці ёсць у школе «беспартыйныя»?

–  Усяго ў школе 750 вучняў. 250 з іх уваходзяць у дзіцячыя і падлеткавыя арганізацыі. Дзецям нецікава слухаць пра тое, як прэзідэнт у дзяцінстве прасаваў піянерскі гальштук. Леніна Лукашэнкам у гэтай сітуацыі не заменіш, як ні круці…

–  Ці ладзяцца ў школе мерапрыемствы, скіраваныя на прапаганду беларускай культуры?

– Такіх мерапрыемстваў школа ўвогуле не ладзіць. Я сам у паўсядзенным жыцці карыстаюся беларускай мовай. Калі пры найме на працу падпісваў кантракт, першае, пра што запыталіся — ці не ўваходжу ў БНФ (страшная такая абрэвіятура для савецкіх начальніц) і ці не збіраюся прапагандаваць сярод дзяцей «антыдзяржаўныя ідэі».

Наша Ніва.

Пакінуць адказ