Моладзь

Колькі каштуе стаць студэнтам?

Да ЦТ засталося менш за паўгады, таму мы вырашылі правесці некаторыя разлікі, каб уявіць, колькі грошай можа быць пушчана «на вецер».

Пачнем з самай важкай справы – рэпетытарства. Многія мяркуюць, што без гэтага спосабу падрыхтоўкі паступіць у ВНУ амаль немагчыма. Калі толькі ты не маеш лоб на сем пядзяў… Таму кожны паважаючы сябе бацька ці маці спраўна адлічваюць грошы на рэпетытара, а кожны паважаючы сябе і бацькоў вучань паслухмяна наведвае заняткі амаль па ўсіх прадметах. У сярэднім паслугі рэпетытара каштуюць каля 10 еўра за акадэмічную гадзіну (калі рэпетытар мае вучонае званне ці ступень, патрабуецца большая сума, калі гэта звычайны школьны настаўнік – плата складае каля 10 даляраў ). Калі займацца адзін раз на тыдзень, то гэта каля 30-ці заняткаў за год, альбо каля 300 еўра на аднаго рэпетытара.

Канешне, якім бы вучоным не быў рэпетытар і як бы добра ён не выкладаў, усё роўна не абысціся без самападрыхтоўкі. Для гэтага патрэбны падручнікі, розныя дапаможнікі, слоўнікі і спецыяльная літаратура. Каштуе такая бібліятэка значную суму. Цана за адзін дапаможнік з тэстамі прыкладна 10 тысяч беларускіх рублёй, а за падручнік – каля 30 тысяч. Па адным прадмеце патрэбна не менш 3-4 падручнікі і 2-3 зборнікі тэстаў. Падсумуем, атрымалася каля 150 тысяч рублёў па адной дысцыпліне.

Калі на рэпетытара не хапае грошай, а «падцягнуцца» хочацца, то можна пайсці на падрыхтоўчыя курсы пры ВНУ. Напрыклад, Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Янкі Купалы прапануе крусы – доўгатэрміновыя, скарочаныя, па індывідуальнай праграме і нават з дыстанцыйным навучаннем. Каштуе гэта ад 260 000 да 420 000 беларускіх рублёў па кожным прадмеце. У Гродзенскім аграрным ўніверсітэце – ад 160 000 рублёў, а ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце – ад 300 000 да 890 000 рублёў. Не так ўжо і танна, тым больш што ўсю суму трэба ўнесці адначасова.

Можна абраць і яшчэ больш танны, але менш выніковы (па меркаванні не толькі вучняў, але і настаўнікаў) варыянт – факультатыўныя заняткі ў школе. Гэта бясплатная форма навучання, аднак тут патрабуецца больш глыбокая самападрыхтоўка, таму на кніжкі пойдзе значна больш грошай.

Для таго, каб адчуць вынікі падрыхтоўкі і мець магчымасць выправіць памылкі яшчэ да ЦТ, можна паспрабаваць свае сілы ў рэпетыцыйным тэсціраванні. За кантроль ведаў па адным прадмеце прыйдзецца выкласці 16 100 рублёў, а калі заказаць індывідуальную кансультацыю з разборам памылак, то яшчэ 5 000 рублёў. У параўнанні з аплатай рэпетытарскіх паслуг – амаль дарма.

Падвядзем вынікі: калі аплаціць паслугі двух рэпетытараў, падрыхтоўчыя курсы па адным прадмеце, купіць падручнікі і паўдзельнічаць у трох этапах рэпетыцыйнага тэсціравання атрымаецца больш за тры з паловай мільёна беларускіх рублёў. І невядома яшчэ, ці здзейсніцца мара атрымаць жаданы студэнцкі білет.

t-styl.info

Пакінуць адказ