Замежжа

Аматары сацыяльных сетак вучацца горш

Амэрыканскія навукоўцы высветлілі, што аматары пасядзець у Facebook і іншых сацыяльных сетках маюць горшыя адзнакі за тых, хто абыходзіць сеткі бокам.

Магчыма, што ўладальнікі пяці соцень сяброў у Vkontakte і адчуваюць сябе на кібербязмежжы ў сацыяльным пляне паспяховымі. Але ў рэальным свеце цалкам верагодна, што яны могуць сутыкнуцца з праблемамі ў навучанні. Аб гэтым кажуць вынікі даследаваньня адукацыйнага дэпартамэнту Дзяржаўнага ўнівэрсытэту Агайо.

Навукоўцы сцвярджаюць, што рэгулярнасць наведвання сацыяльных сетак адваротна прапарцыянальная адзнакам у залікоўцы. Амэрыканцы зьвярнуліся да самай папулярнай сеткі ў свеце — Facebook — і выявілі, што тыя са студэнтаў, хто карыстаецца гэтым сайтам, маюць «значна» ніжэйшую паспяховасць за тых, хто не карыстаецца ім.
Па словах навукоўцаў, студэнты, што любяць пачаціцца, пазырыць чужыя фоткі альбо «палайкіць» статусы сяброў, надаюць менш увагі навучаньню, бо часу на гэта пасля ўсіх сацыяльных радасцяў Facebook проста не застаецца.
«Кожнае пакаленне мае ўласныя нагоды для адцягнення ўвагі. Але Facebook — гэта сапраўдны фэномэн», — кажа аўтар даследавання Арын Карпінскі.

Каля 63% юзэраў сеткі заходзяць у яе кожны дзень, седзячы там і па некалькі хвілін, і па гадзіне. Але суадносіны паміж паспяховасцю студэнтаў і колькасцю часу, які яны праводзяць у сетках, навукоўцы яшчэ ня высветлілі.

generation.by

Пакінуць адказ