Categories: Культура

Альма-матэр Берасця: крокі гісторыі

31 студзеня – Дзень беларускай навукі. Сёння вышэйшую адукацыю на Берасцейшчыне можна атрымаць у чатырох дзяржаўных навучальных установах.

Гэта Берасцейскі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна, Берасцейскі дзяржаўны тэхнічны універсітэт, Баранавіцкі і Палескі дзяржаўны універсітэт.

Першай ВНУ у вобласці стаў Брэсцкі настаўніцкі інстытут, які быў заснаваны праз год пасля вызвалення г. Брэста ад немцаў. Пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 6 чэрвеня 1945 года было зацверджана рашэнне аб стварэнні настаўніцкага інстытута ў Брэсце. Ён распачаў сваю дзейнасць у жніўні 1945 года (у 1949 годзе інстытуту было прысвоена імя А. С. Пушкіна ў гонар 150-годдзя з дня нараджэння паэта). Як і перад іншымі, перад новым настаўніцкім інстытутам ставілася задача падрыхтоўкі настаўнікаў для 1-7 класаў сярэдняй школы.

Стары корпус БрДУ

Пад інстытут быў перададзены двухпавярховы будынак былой мужчынскай гімназіі, узведзены ў 1903 годзе, у якім у вайну размяшчаўся ваенны шпіталь. Як адзначаў першы дырэктар настаўніцкага інстытута Іван Паўлавіч Вольскі, начальнік шпіталя, перш чым пакінуць будынак, загадаў вырваць аконыя рамы, электра-праводку, выняць шыбы, замкі, ручкі дзвярэй, забраць усю мэблю: не было ніводнага стала, класнай дошкі, не працавалі водаправод, каналізацыя, санвузел. Інстытут прыйшоў на абсалютна пустое (не лічачы гор смецця) месца. Зразумела, адсутнічалі падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, карты, крэйда. Але ўжо да канца першага навучальнага года аўдыторыі набылі належны стан.

Пры арганізацыі настаўніцкага інстытута было вырашана адкрыць тры аддзяленні: гісторыка-філалагічнае, прыродазнаўча-геаграфічнае і фізіка-матэматычнае. Вучэбны працэс на іх павінны былі забяспечваць кафедры марксізму-ленінізму і гісторыі, прыродазнаўства і геаграфіі, фізікі і матэматыкі, мовы і літаратуры, педагогікі, а таксама выкладчыцкі калектыў. За чатыры месяцы колькасць штатных выкладчыкаў вырасла да 13 чалавек, а ў канцы 1945/46 навучальнага года — да 18. Сярод іх быў толькі адзін кандыдат педагагічных навук — П. П. Дзёма.

23 чэрвеня 1950 года была прынята пастанова СМ СССР “Аб адкрыцці ў горадзе Брэсце Брэсцкага педагагічнага інстытута з захаваннем пры ім настаўніцкага інстытута”. Гэтая ВНУ распачала сваю дзейнасць 1 лістапада 1950 года. У сувязі з гэтым адбываецца планавае павелічэнне колькасці студэнтаў і навукова-педагагічных кадраў. Калі ў 1945 годзе ў інстытут было залічана 66 чалавек, то ў 1950-1951 навучальным годзе ў інстытуце займалася ўжо 438 чалавек, адпаведна выкладчыцкі штат вырас да 34 супрацоўнікаў.

У 1980-я гады ў навучальнай установе з’яўляюцца першыя дактары навук, актыўна абараняюцца кандыдацкія дысертацыі, павялічваецца колькасць факультэтаў, кафедраў, адкрываюцца новыя спецыяльнасці.

Значныя змены адбыліся ў інстытуце ў канцы 80-х гадоў. Згодна з загадам Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР і загадам Дзяржадукацыі СССР, якія зацвердзілі Часовае палажэнне аб ВНУ СССР, універсітэты і інстытуты атрымлівалі шырокія аўтаномныя правы. Прыметамі дзейнасці станавіліся ў ВНУ галоснасць, дэмакратызм, плюралізм, а таксама выбарнасць кіруючых асоб. На падставе вышэйназваных дакументаў новым рэктарам інстытута на конкурснай аснове ў чэрвені 1989 г. быў абраны кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Васіль Аляксеевіч Сцепановіч.

Асаблівым годам у гісторыі Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна стаў 1995 год. 22 жніўня  1995 г. міністр адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь В. І. Стражаў выдаў загад № 29 “Аб пераўтварэнні Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна ў Брэсцкі дзяржаўны універсітэт”.

Рашэнне аб пераўтварэнні педагагічнага інстытута ва універсітэт абавязвала калектыў значна палепшыць вучэбна-выхаваўчую і навуковую дзейнасць. Неабходна было з улікам патрэбаў гаспадаркі, адукацыі, культуры адкрыць новыя спецыяльнасці, падрыхтоўка па якіх скараціла б дэфіцыт кадраў у галіне практычнай псіхалогіі, сацыяльнай педагогікі, дэфекталогіі, замежных моў, права, эканомікі, інфарматыкі, фізічнага выхавання. Пачынаючы з 1995 г. былі адкрыты або выдзелены ў якасці новых пяць факультэтаў, асвоена 30 новых спецыяльнасцяў і спецыялізацый, сярод іх пяць — навуковага профілю і сем — гуманітарнага, што было асабліва важна для станаўлення універсітэта як класічнага.

4 мая 1999 года на пасаду рэктара быў прызначаны доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар У. А. Плецюхоў — на той час дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Напярэдадні 200-годдзя з дня нараджэння А. С. Пушкіна універсітэту па ініцыятыве яго новага кіраўніка было адноўлена імя рускага паэта і пісьменніка.
Сёння універсітэт — буйнейшая вышэйшая навучальная ўстанова Берасцейшчыны, цэнтр навуковых даследаванняў і культурнага жыцця рэгіёна.

Галоўны корпус БрДУ

Навучальная ўстанова займае тры будынкі, мае чатыры інтэрнаты, спартыўны комплекс з басейнам, бібліятэку, біялагічны, этнаграфічны, геалагічны музеі і музей гісторыі фізічнай культуры Брэсцкай вобласці, навуковую аграбіялагічную і спартыўна-аздараўленчую базы, сваё выдавецтва з паліграфічнай базай.

Навучэнне ў БрДУ вядзецца на 12 факультэтах па трох профілях: навуковым, гуманітарным і педагагічным. На 55 кафедрах універсітэта працуюць больш за 600 выкладчыкаў, з якіх 21 доктар навук і 249 кандыдатаў навук.

Узначальвае Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна з 2002 года доктар гістарычных навук, прафесар Мечыслаў Эдвардавіч Часноўскі.

Сяргей Быцкевіч, “Газета для вас”.

dzedzich

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago