Categories: Культура

Што слухаюць Іван Кірчук і Алег Хаменка?

У нашых улюбёных спевакоў ёсць свае ўпадабаныя артысты, а нашыя самыя чытаныя пісьменнікі маюць сваіх улюбёных аўтараў. Тое самае можна сказаць пра тэатральных актораў, кінарэжысёраў, мастакоў… Для тых, каму цікава даведацца пра фаварытаў вядомых беларускіх творцаў у самых розных відах мастацтва, спадарожнікавы канал “Белсат” запусціў новую праграму – “Прыватная калекцыя”.

Яна будзе выходзіць раз на два тыдні. У кожным выданні гледачы змогуць спаткацца са знакамітымі ды папулярнымі постацямі культурнага жыцця Беларусі.

Падчас гутарак у кватэрах (або ў майстэрнях і студыях) творчых асобаў аўтарка і вядоўца “Прыватнай калекцыі” Вольга Гардзейчык-Мазярская распытае іх пра падзеі, дыскі, музыку, кніжкі, якія даюць натхненне. Таксама без ўвагі не застануцца і важныя ды памятныя хатнія рэчы, пачынаючы з фотаздымкаў. Але пераважна гаворка пойдзе пра духоўнае, у прыватнасці пра тое, што ў герояў праграмы стаіць на паліцах з кніжкамі і дыскамі.

Мы пакажам фрагменты ўлюбёных фільмаў герояў, прагучаць урыўкі ўлюбёных песень і вершаў. Можа, нават і ў іхным выкананні.

Пасля гутаркі з творцам гледачоў чакае афіша: анонс канцэртаў, выставаў, тэатральных прэм’ераў на бліжэйшы час. Дарэчы, разлічаная яна будзе на розныя густы.

– І выступ той самай Талкуновай у Менску, напрыклад, будзем анансаваць, бо гэта цікава сталаму пакаленню. Мы палічылі, што не варта арыентавацца на нейкага ўяўнага ідэальнага слухача-гледача, – зазначыла ў інтэрв’ю Вольга Гардзейчык-Мазярская.

А пачатак новай праграме “Белсату” паклала сустрэча з лідэрам гурта “Тройца” Іванам Кірчуком. У эфіры выданне было 1 лютага.

Са словаў Кірчука вынікае, што самы слуханы ім музыка – Чэслаў Немэн: “Ён заўсёды прагрэсаваў, не было праграмаў, падобных адна да адной… Немэн заснаваў свой музычны свет, у якім жыў і працаваў. І працаваў выдатна”.

Дарэчы, лідэр “Тройцы” лічыць, што на Немэна паўплывала тое, што ён нарадзіўся пад Лідай: “А ў Лідзе ж быў першы рок-клуб у Беларусі ды першая тэледыскатэка, шмат музычных навінак былі найперш менавіта тут”.

Іван Кірчук прызнаўся, што ў дзень народзінаў і смерці Чэслава Немэна ён запальвае свечку – і цэлы дзень гучыць музыка нашага земляка, вядомага польскага артыста.

Лідэр “Тройцы” распавёў, што таксама шмат слухае духоўнай музыкі, падабаецца яму Сэзар’я Эвура: “Я люблю яе за прастату. Яна мае незвычайную аўру як музыка высокага палёту. І яна няёмка пачуваецца на вялікіх канцэртах. Сэзар’я некалі спявала ў партовых кабачках, яна бачыла людзей, бачыла іхныя вочы. І калі ёсць такі кантакт, то яна іншая”.

Цікава, што Іван Кірчук не трымае ў хаце ніводнага музычнага інструмента: апошняю вынес на студыю гітару. Бо пакуль яна была, усё граў ды граў…

У наступных выданнях раскрыецца “Прыватная калекцыя” Алега Хаменкі (ён, паводле вядоўцы, мае самую багатую калекцыю беларускай музыкі або набліжаецца да гэтага), Сяргея Харэўскага (слухае і чытае сваіх сяброў, а сярод іх столькі талентаў, што на іншых творцаў проста не стае часу), Ігара Сацэвіча (ён верны сваім музычным захапленням з маладосці, а дакладней са школы для асабліва таленавітай моладзі: Стыві Ўандэр, Тоні Бэнэт). У перспектыве гледачы “Белсату” даведаюцца пра тое, што змяшчаюць паліцы і шуфляды Лявона Вольскага, Мікалая Пінігіна, Валянціна Акудовіча…

З бальшынёю тых, з кім збіраецца пагутарыць Вольга ў межах праграмы, яна знаёмая асабіста:

– Я ганаруся гэтым сяброўствам. І не таму, што гэта знаныя людзі. А таму, што творчыя і цікавыя. Яны шмат ведаюць і ўмеюць, але шмат ўсё адно шукаюць і спрабуюць. Ад іх падсілкоўваешся.

Акцэнт будзе рабіцца на выяўленне духоўных густаў:

– Пакажам гледачам, што той або іншы вядомы творца чытае, глядзіць, слухае. У асабістым жыцці корпацца не будзем. У гэтых людзей і ў гэтых людзях ёсць шмат куды больш цікавага, чымся інфармацыя пра колер іхных шкарпэтак.

Сярод герояў праграмы захаваецца гендэрны баланс, а таксама прадстаўленыя будуць і беларускамоўныя, і расейскамоўныя творцы. І абавязкова – з розных відаў мастацтва, у тым ліку і вядомыя ў вузкіх колах:

– Напрыклад, фотамастакі – яны ж не могуць быць надта, шырока вядомыя.

Ці здзівілі аўтарку тыя творцы-знаёмцы, з кім выданні ўжо запісаныя? Яна адказвае на гэтае пытанне станоўча:

– Бо мы ж з сябрамі не часта вось так садзімся і не размаўляем падрабязна пра тую самую літаратуру. Нечаканым можа быць і такое прызнанне: мне падабаецца гэтая спявачка, бо падобная да маёй дачушкі.

Тым больш прыватная калекцыя густаў будзе цікавая людзям, хто асабіста не знаёмы з нашымі творцамі.

Другая частка “Прыватнай калекцыі” на “Белсаце” – у панядзелак, 15 лютага (паўтор у чацвер, 18 лютага). Гэтым разам наведаем Алега Хаменку, лідэра гурта “Палац”, і даведаемся, што ён слухае, чытае і глядзіць.

dzedzich

Recent Posts

Анастасія Коваль: стваральніца англійскага размоўнага клуба

Анастасія – адна з тых асоб, якія здольныя перадаць матывацыю і энтузіязм іншым. Яна ператварыла…

2 дні ago

Ігар Міхута: спартыўная навука і каардынацыя

У свеце спартыўнай навукі ёсць людзі, якія ствараюць нешта зусім новае і цікавае. Адной з…

1 тыдзень ago

Яўгенія Гадун: актрыса і рэжысёрка Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы

Тэатр – месца нараджэння эмоцый і сапраўднай магіі. У свеце мастацтва, дзе кожны крок –…

3 тыдні ago

Натхненне на старонках: стваральніца кніжнага клуба аб важнасці зносін і літаратуры

У эпоху лічбавых тэхналогій, калі зносіны зводзяцца да паведамленняў у мэсэнджарах і пастам у сацыяльных…

4 тыдні ago

Выстава актуальнага мастацтва “Фаза: Самасць”

“Працы вельмі асабістага характару ўразаюцца ў сцены завадскога будынка і даюць гледачу магчымасць падумаць аб…

1 месяц ago

Раслінны квэст ад Кірыла Кветкі і Іў Рашэ

Да 1005-годдзя Берасця Кірыл Кветка сумесна з Іў Рашэ арганізаваў цікавы квэст. Яго сутнасць у…

2 месяцы ago