Выстава “Вясновыя эцюды” адкрылася 26 лютага ў Брэсцкай мастацкай галерэі “Беларт“. На ёй экспануюцца 23 працы дзвюх мастачак з Львова.
29-гадовая Дарына Скрыннік–Місько прадставіла свой алейны жывапіс: 12 карцін, галоўным чынам кветкі (цюльпаны, ружы, ірысы, нарцысы, півоні і інш.); 28-гадовая Міраслава Ражко — 11 твораў, выкананых у аўтарскай тэхніцы — габелен на шкле з цыклу “Дрэвы як сны”.
Мастачкі былі ўдзельніцамі выстаў ва Украіне, Грэцыі, Чэхіі, Польшчы, Славакіі. У Беларусі гэта іх першая экспазіцыя. Як адзначалася на вернісажы, творчасць Скрыннік–Місько і Ражко адрознівае ўменне, выкарыстоўваючы простыя сюжэты, укласці ў іх глыбокі сэнс, сваю жыццёвую філасофію.
“Выстава знаёміць нас з сучасным мастацтвам Украіны. У кожнай працы мы бачым пошук мастакоў. Сінтэз ткацтва і сцякла — проста адкрыццё. Дзякуючы шклу габелены становяцца паветранымі, аб’ёмнымі і гучаць зусім па-новаму”, — адзначыла старэйшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнай адукацыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Грыцэнка.
Выстава арганізавана пры садзейнічанні генеральнага консульства Украіны ў Брэсце і будзе працаваць да 12 сакавіка.