Сучасны свет, дзякуючы існаванню інтэрнэту ды іншых вынаходніцтваў, ёсць не толькі рэальным, але і “віртуальным”. Нават адукацыю можна атрымаць не зусім звычайным чынам.
Замест таго, каб наведваць універсітэцкія аўдыторыі, выкладчыкі і студэнты могуць камунікаваць у абраны час праз абмен друкаванымі ці электроннымі дакументамі, або, з дапамогай пэўных тэхналогіяў, у рэжыме рэальнага часу. Для гэтай магчымасці і былі распрацаваныя методыкі дыстанцыйнай адукацыі.
Першыя “віртуалы” ў ХVIII стагоддзі
Першым досведам у арганізацыі дыстанцыйнай адукацыі прынята лічыць 1728 год, калі ў адной з газетаў Бостану з’явілася абвестка, праз якую “Галеб Філіпс, настаўнік новага метаду хуткага натавання” шукаў студэнтаў на заняткі, што будуць дасылацца штотыдзень.
Развіццё ў XIX стагоддзі паштовых паслугаў паскорыла павелічэнне камерцыйнай карэспандэнцыі каледжаў у Вялікабрытаніі. А стварыўшы ў 1858 годзе так званую “вонкавую праграму”, універсітэт Лондану стаў першаю навучальнаю ўстановаю, якая давала навуковыя ступені, што атрымліваліся на адлегласці.
У ХХ стагоддзі для дыстанцыйнай адукацыі акрамя пошты выкарыстоўваліся радыё, тэлебачанне, мабільная сувязь ды інтэрнэт. Апошнія дазволілі не толькі мець больш хуткую і непасрэдную камунікацыю паміж студэнтамі і выкладчыкамі, але і практычна сцерці геаграфічную адлегласць і дзяржаўныя межы паміж імі. Сёння адзін з самых буйных універсітэт дыстанцыйнай адукацыі ў Вялікабрытаніі – гэта Адкрыты універсітэт (Open University), заснаваны яшчэ ў 1969 годзе.
Праграма для будучыні
Найноўшай формай дыстанцыйнай адукацыі ёсць адукацыя ў віртуальным свеце – напрыклад у “Second Life“.
“Second Life” існуе з 2003 года. Даступная да сцягвання кліенцкая праграма, якая называецца “Second Life Viewer”, дазваляе 5 млн карыстальнікаў, якія называюцца “рэзідэнтамі”, кантактаваць адзін з адным праз рухомыя аватары. Рэзідэнты могуць даследаваць віртуальнае наваколле, сустракацца з іншымі рэзідэнтамі, бавіць з імі час, удзельнічаць у дыскусіях, вечарынках, супольных вандроўках, ствараць і прадаваць адзін адному тавары і паслугі. Дарэчы, “Second Life” мае сваю віртуальную валюту – Ліндэн-даляр. І гэтая валюта абменьваецца на валюты сапраўднага свету.
Свет “Second Life” – яшчэ і адна з найноўшых віртуальных аўдыторыяў для коледжаў і універсітэтаў. У тым ліку для такіх вядомых, як Прынстан (Princeton University), Адкрыты універсітэт (Open University), Гарвард (Harvard University) ці Стэнфард (Stanford University). Выкладчыкі, якія праводзяць заняткі ў гэтай віртуальнай прасторы, падкрэсліваюць, што такая форма дыстанцыйнай адукацыі максімальна набліжаная да адукацыі ў аўдыторыі. Тут існуюць тыя ж лекцыі, студэнты могуць задаваць пытанні і дыскутаваць. Акрамя гэтага існуе магчымасць “практычных заняткаў”. Напрыклад, у віртуальнай медычнай лабараторыі. Ці музеі, які ў рэальным жыцці месціцца на іншым канцы свету. Тут можна стварыць сваю першую фірму і папрактыкавацца ў менеджменце ці маркетынгу. А калі бізнес пойдзе ўдала – і зарабіць грошай. Акрамя гэтага ў прасторы створаныя віртуальныя бібліятэкі, існуюць копіі помнікаў архітэктуры і нават планетарый.
Патэнцыял для выкарыстання дыстанцыйнай адукацыі ў Беларусі вельмі вялікі
Сусветны досвед будзе карысным і для Беларусі. Патэнцыял для выкарыстання дыстанцыйнай адукацыі ў нашай краіне вельмі вялікі. Такая форма адукацыі можа адкрыць новыя перспектывы для людзей, якія з нейкіх прычынаў не могуць наведваць заняткі ва універсітэцкім будынку. Да таго ж, дыстанцыйная адукацыя звычайна таннейшая, таму можа стаць даступнай для людзей, якія не маюць магчымасці аплаціць адукацыю іншай формы і звязаныя з ёй кошты праезду і пражывання ў іншай мясцовасці. Урэшце, дыстанцыйную адукацыю можна выкарыстоўваць пры стварэнні недзяржаўных адукацыйных праектаў, якія на сённяшнім этапе нельга рэалізоўваць у рэальнай беларускай прасторы.
Але для шырокага выкарыстання дыстанцыйнай адукацыі ў Беларусі трэба спачатку пераадолець праблему камп’ютэрнай граматнасці патэнцыйных студэнтаў і выкладчыкаў. Развіць інфармацыйна-камунікацыйную інфраструктуру. Падрыхтаваць спецыялістаў, якія былі б здольныя распрацоўваць дыстанцыйныя курсы, улічваючы іх спецыфіку.
Калі нельга стварыць універсітэт ва ўласнай краіне – можна стварыць яго ў віртуальным свеце
Дыстанцыйная адукацыя дазваляе зрэалізаваць два асноўныя прынцыпы сучаснай адукацыі : “адукацыя для ўсіх” і “адукацыя цягам жыцця”. Дзякуючы дыстанцыйнай адукацыі спецыялісты могуць няспынна павышаць сваю кваліфікацыю. Да таго ж, абіраючы зручны для сябе час знаёмства з новым матэрыялам. Людзі, што жывуць у невялічкіх населеных пунктах, могуць вучыцца ва універсітэтах, якія месцяцца за сотні кіламетраў ад дому. Пры гэтым не траціць часу на паездкі і грошай на жыццё ў іншым горадзе ці нават у іншай краіне. Такая форма адукацыі дазваляе вучыцца людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадстве, якое недастаткова развітае для таго, каб паўнавартасна ўключыць іх у традыцыйную адукацыйную сістэму.
Акрамя гэтага, сістэма дыстанцыйнай адукацыі дапамагае студэнтам у развіцці такіх якасцяў як самастойнасць, мабільнасць і адказнасць, а гэтаксама развівае навыкі самаадукацыі, што вельмі высока цэніцца на рынку працы.
У групах дыстанцыйнай адукацыі могуць удзельнічаць людзі з розных куткоў краіны і нават з-за яе межаў – што стварае ўнікальнае асяроддзе для абмену вельмі розным досведам і бачаннем свету. Да таго ж дыстанцыйная адукацыя дазваляе яе арганізатарам не аплочваць арэнды памяшканняў для правядзення заняткаў. А калі універсітэт немагчыма з пэўных прычынаў зарэгістраваць ва ўласнай краіне – можна зарэгістраваць яе ў краіне-суседцы. Альбо стварыць дыстанцыйную аўтарскую праграму на базе ўжо існага замежнага універсітэту. У такім выпадку выкладчыкі будуць проста працаваць у замежным універсітэце, а студэнты будуць там вучыцца і там атрымаюць дыпломы. Прычым слова “там” не азначае фізічнага перамяшчэння за мяжу.
Спісванне он-лайн
На жаль, дыстанцыйная адукацыя мае і адмоўныя бакі. Напрыклад, адсутнасць непасрэднай камунікацыі паміж студэнтамі і выкладчыкамі. Часам інфармацыі патрэбная эмацыйная афарбоўка, якую можа даць толькі добры выкладчык пры асабістым кантакце. Праца ў групах, зарганізаваная дыстанцыйна, як правіла не мае творчай атмасферы і не можа даць умення паўнавартаснай каманднай працы.
Да таго ж дыстанцыйная адукацыя патрабуе ад студэнта наяўнасці пэўнай тэхнічнай базы (напрыклад камп’ютэра ды даволі хуткага падлучэння да інтэрнэту). А таксама вельмі моцнай матывацыі, каб сістэматычна самастойна вучыцца.
Адным са слабых бакоў ёсць праблема аўтэнтыфікацыі карыстальнікаў падчас праверкі ведаў. Хоць цяпер існуе ўжо цэлы шэраг распрацовак, скіраваных на мінімізацыю спісвання падчас он-лайнавых тэстаў ды іспытаў. Ад банальнага выкарыстання відэакамераў на камп’ютэрах студэнтаў да ўсталявання спецыяльных праграмаў, якія блакуюць усе іншыя праграмы на кампутары.
Іншай праблемай ёсць высокі кошт пабудовы сістэмы дыстанцыйнай адукацыі на пачатковым этапе (выдаткі на стварэнне самой сістэмы дыстанцыйнай адукацыі, саміх курсаў і набыццё неабходнага абсталявання), а таксама яе адміністравання на далейшых этапах. Але каб пазбегчы такіх выдаткаў, можна проста далучыцца да добрай платформы дыстанцыйнай адукацыі, якая ўжо дзее ў нейкай навучальнай установе – і проста стварыць на яе базе ўласныя курсы. Ці паспрабаваць праводзіць заняткі ў віртуальным свеце.
Адрэсы цэтраў дыстанцыйнай адукацыі ў Беларусі.