Моладзь

Колькасць студэнтаў паб’е ўсе рэкорды

На 5 тысяч студэнтаў болей плануецца прыняць сёлета ў беларускія ВНУ. І толькі 854 месцы з іх стануць бюджэтнымі. Агулам з верасня студэнцкія білеты атрымаюць 103 тысячы чалавек — гэта рэкордная лічба.

У мінулым годзе ў ВНУ былі прынятыя больш за 97 тысяч новых студэнтаў (каля 85 тысыч у дзяржаўныя ВНУ), а ў 2010 годзе студэнтамі стануць, як плfнуе Міністэрства адукацыі, цэлых 103 тысячы чалавек — рэкорд для Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння начальнік упраўлення вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Юрый Міксюк, перадае БелаПАН.

Але толькі 17% новых месцаў у ВНУ стануць бюджэтнымі. Агулам толькі кожны трэці студэнт будзе вучыцца на бюджэтным аддзяленні.

Яшчэ больш гіганцкая лічба аб’ядноўвае ўсіх абітурыентаў, якія пачнуць навучанне ў беларускіх ВНУ, ПТВ і ССНУ. Такіх міністэрства налічыла 200 тысяч.

Галоўнай асаблівасцю цяперашняй уступнай кампаніі Міністэрства адукацыі лічыць адсутнасць новаўвядзенняў. Нагадаем, што некалькі дзён таму міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў агучыў прапанову пашырыць уступную кампанію на ўвесь навучальны год.

generation.by

Пакінуць адказ