Грамадства

Якая яна – Беларусь?

Распачалася акцыя-конкурс для моладзі на лепшы сімвал Беларусі “Беларусь гэта…”. Інтэрнэт карыстальнікам прапанавана далучыцца да абмеркавання і галасавання, каб разам абраць самы годны варыянт.

Культура кожнага народу мае свае сімвалы. Яны прэзентуюць унікальнасць і непаўторнасць кожнай краіны, яе адметныя рысы. Нідэрланды пазнаюць па ветраках і цюльпанах, Аўстралію па кенгуру, Японію па катана і сакэ, Расію па самавару і матрошках.
А з чым у замежнікаў, а перад усім у нас саміх асацыюецца Беларусь? З бульбай, трактарамі, ці наогул ні з чым?
У краіне з тысячагадовай пісьменнай культурай, з багацейшай фальклёрнай спадчынай, рынак сувенірнай прадукцыі, скажам мякка, не самы багаты і разнастайны. А часам ён і наогул мае адноснае дачыненне да беларускай культуры.
Арганізатары конкурсу прапануюць менавіта Вам, маладым беларусам, вызначыць, што варта лічыць сваім, атаясамліваць з роднай краінай.

Цягам месяца будуць прымацца прапановы бачання вобразаў Беларусі, каб пасля найбольш папулярныя выставіць на шырокае абмеркаванне і галасаванне.
Па яго выніку будзе выраблена сувенірная прадукцыя з сімваламі-пераможцамі. Кожны з актыўных удзельнікаў дыскусіі будзе мець магчымасць атрымаць сабе значак, бралок ці іншы сувенір з абранай выявай. А аўтары трох лепшых прэзентацый будуць узнагароджаны.

На конкурс прымаецца тэкст не большы за 12 сказаў. Ён мусіць пачынацца са словаў Беларусь гэта…, і далей мець назву і апісанне той рэчы, з’явы якім, вы лічыце, беларусы могуць сапраўды ганарыцца. А так сама утрымліваць абгрунтаваны адказ на пытанне чаму гэты сімвал варты пашаны. Можна дадаваць і ілюстрацыі, але не абавязкова.
Прапанаваныя сімвалы могуць быць любымі: прадметы побыту і рамесленыя тэхналогіі, артэфакты розных сасловій і гістарычных эпох, міфалагічныя персанажы і іншыя элементы культуры. Вобразы могуць мець канкрэтнае ўвасабленне альбо быць абстрактнай з’явай. Адзінае, яны мусяць быць дакладна беларускія, пажадана ўнікальныя (не мець аналагі ў іншых культурах), і не з’яўляцца дзеючай сімволікай арганізацый і устаноў. Прапановы можна выкладаць на адпаведнай старонцы ўкантакце ці дасылаць на скрыню [email protected]
Вашыя варыянты будуць адразу бачны ўсім ўдзельнікам і даступны для абмеркавання. Але асноўны выбар будзе зроблены пазней, пад час галасавання і з дапамогай журы конкурсу.

Распавядзіце ўсім, якой Вы бачыце сваю краіну!

Пакінуць адказ