Categories: Культура

Разговаривать ці размаўляць?

Сёння мала хто ведае, што ў XIV стагоддзі беларуская мова была асноўнай мовай нашай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага. На ёй размаўлялі і пісалі ўсе слаі грамадства, складаліся ўсе віды дзяржаўных дакументаў. Чаму ж сёння беларуская мова перажывае не найлепшыя часы?

Давайце зазірнем у дадзеныя апошняга (2009г.) перапісу насельніцтва. У Берасці і раёне на момант перапісу пражывала 349.190 чалавек (з іх 311.069 – гараджане). З іх роднай мовай беларускую назвалі 99.562 чалавек. Але мовай, на якой размаўляюць дома, беларускую назвалі толькі 13.922 жыхары. Прычым 5.197 чалавек з іх – жыхары сельскай мясцовасці.

Дарэчы, цікава параўнаць гэтыя дадзеныя з дадзенымі іншых раёнаў вобласці. Вось, напрыклад, у Івацэвіцкім раёне на момант перапісу пражывала 59.906 чалавек. З іх роднай мовай беларускую назвалі 45.809 чалавек (18.528 гараджан і 27.281 вяскоўцаў). Але мовай, на якой размаўляюць дома, беларускую назвалі толькі 28.886 жыхароў (22.555 чалавек з іх – жыхары сельскай мясцовасці). Толькі 6.331 гараджанін Івацэвіцкага раёна размаўляе дома па-беларуску.

Вёска – фарпост беларускай мовы

Вышэйпрыведзеныя дадзеныя сведчаць, што беларускай мовай (рознымі яе дыялектамі) больш карыстаюцца ў вёсцы. Чаму так склалася?

Адказ на гэтае пытанне, у прынцыпе, ёсць. Гістарычныя абставіны склаліся так, што беларускія землі больш як два апошнія стагоддзі ўваходзілі ў склад імперый, дзе дамінуючай нацыяй былі рускія. Спачатку Расейская імперыя, потым – Савецкі Саюз.

Шпаркі рост гарадоў пачаўся ў ХХ стагоддзі, асабліва з сярэдзіны мінулага ўжо веку. У савецкія часы расейская мова пад выглядам «мовы міжнацыянальных зносін у СССР» пачала насаджацца найперш у гарадах.

Носьбітамі расейскай мовы тады сталі розныя дзяржаўныя і партыйныя службоўцы, чыноўнікі, вайскоўцы і чыгуначнікі, якія, як правіла, прыязджалі да нас з Расеі «падымаць гаспадарку». А даўно ўжо вядома, што беларус размаўляе на мове свайго начальніка. Таму гарадскія начальнікі 50-60-х гадоў мінулага стагоддзя сталі праваднікамі расейскай мовы ў Беларусі. Дайшло да таго, што гараджане сталі саромецца размаўляць на роднай беларускай мове.

Але, шаноўныя чытачы, народжаныя ў вёсцы, ці не заўважаеце вы, што калі прыязджаеце да сваіх бацькоў у вёску, вашая расейская мова забываецца і вы пачынаеце гаварыць на мове маці?

У вёсцы ж у савецкія часы расейская мова так і не здолела замацавацца трывала. Канешне, некаторыя аграномы, якія павучыліся дзе-небудзь у горадзе, можа і спрабавалі загаварыць «по-рюски» перад вяскоўцамі, але такіх хутка высмейвалі.

Начальнік! Гавары па-беларуску!

Адрадзіць беларускую мову можна. Для гэтага патрэбна, каб начальнікі загаварылі на ёй. Трэба, каб дыктары тэлебачання пачалі гаварыць па-беларуску. Аднойчы пабачыў нейкую перадачу па тэлевізары, на якую быў запрошаны пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, вядомы аматар беларускай мовы, які валодае ёю «на выдатна». Дык як камічна (калі не трагічна) выглядала, калі замежнік Эрыксан гаварыў па-беларуску, а нашыя, беларускія вядучыя – па-руску…

Сёння многія расейскамоўныя людзі ў Беларусі кажуць, што не хочуць, каб іх прымушалі размаўляць па-беларуску, як гэта было ў пачатку 90-х гадоў.

Правільна, так і не павінна быць. Як расказаў нам Дзмітрый Шыманскі, Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ (партыі, якая выступае за адзіную дзяржаўную беларускую мову ў Беларусі), нават ва Украіне, дзе сітуацыя з нацыянальнай мовай і культурай значна лепшая, ніхто не прымушае чалавека размаўляць на украінскай мове.

– А ў нас працэс беларусізацыі расцягнецца на дзесяцігоддзі. Але ж рухацца ў гэтым накірунку безумоўна трэба, бо без мовы няма народа! Вось пачалі абвяшчаць прыпынкі ў грамадскім транспарце па-беларуску – ніхто ж не супраць. А вуха падсвядома прывыкае чуць беларускую мову. Тое ж самае будзе і з тэлебачаннем, і з іншымі сферамі камунікацыі ў грамадстве. Але ж ключавое слова тут: паступова, – адзначыў Дзмітрый Шыманскі.

Еўрапейскі прыклад

Мая знаёмая жыве ў Літве і з’яўляецца грамадзянкай гэтай краіны. Яна расказвае, што сёння большасць рускамоўных людзей ужо звыкліся запаўняць розныя дакументы па-літоўску.
У заходніх краінах абсалютна нармальна, калі замежнік, які хоча стаць чыноўнікам, вучыць мову той краіны, у якую прыехаў.

Канешне, нельга сказаць, што моўных праблем у Еўропе няма. Вось, напрыклад, у Ірландыі людзі размаўляюць па-ангельску, але дзяржава выдзяляе вялікія грошы на падтрымку ірландскай мовы.

То няўжо беларусы павінны выракацца роднай мовы? Напэўна не, бо не стане мовы, не стане і беларусаў. Трэба памятаць, што нацыя будуецца не з «чаркі і шкваркі», а з духоўных каштоўнасцяў – мовы, самасвядомасці і традыцый.

Павел ДАЙЛІД


dzedzich

View Comments

  • По - перше , не просто Великого Князівства Литовського, а Литовського та Руського ( не Російського, Боже збав тягти сюди москвинів ).І була загальною мовою українців та білорусів.І навіть зараз 95 % слів української мови співпадає з білороськими. Сам по словнику перевіряв. Білоруська просто м"якша вимовою, ніж українська.
    По - друге, розмовляти російськомовних не примушують, але без знання української в Україні ви не зробите ніякої кар"єри.

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

2 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago