“Студэнцкія гады цудоўныя” – перафразіраваўшы нейкую цытату, кажу я. Але акрамя п’янак, гулянак, дыскатэк і шалёных святаў, у студэнцкім жыцці ёсць слова “вучыцца” і такая справа, як наведванне параў.
Толькі і на парах няма студэнту супакою, не сядзіцца яму 80 хвілін на адным месцы, трэба нешта прыдумаць, нечым займацца альбо пазабаўляцца, каб не чуць гэтае сумнае мурлыканне выкладчыка пра такія далёкія студэнту праблемах маралі і этыкі, псіхалогіі і сацыялогіі і шмат-шмат чаго іншага.
Таму і выдумляюць студэнты сабе забаўкі на час пары. Разнастайнасць гэтых заняткаў уражвае. Ад банальнага разгадвання сканвордаў, прагляду Cosmopolitan альбо новых каталогаў Oriflame, слухання плэера ці бессэнсоўнага тыкання мабільніка і да школьных перакідванняў пісулькамі ды плявання слюнявымі паперкамі праз трубку ад асадкі. Але такія справы таксама хутка надакучваюць, тады студэнт пачынае ўключаць фантазію, па моднаму – крэатыў.
Напрыклад, мае аднагрупнікі старанна два дні “сшыбалі” 36 выкарыстаных квіткоў на тралейбус і аўтобус, зрабілі з іх калоду карт, цяпер рэжуцца квіткамі ў дурня і не выклікаюць ніякай падазронасці з боку выкладчыкаў: квіткі як квіткі, чаго толькі не валяецца на студэнцкіх партах.
Некаторыя студэнты займаюцца творчасцю на тых самых партах. Тут сустрэнеш і звыклыя надпісы “Фізфак – сіла” (потым нехта дапіша – “алкашы”, “уроды”, вось і пайшоў дыялог), “Сэкс па тэлефоне 764-…-… – паклікаць Кацю”, пры чым, патэлефанаваўшы па такой аб’яве, я даведаўся, што рэкламадаўцы нават не ведаюць аб існаванні ўласнай рэкламы. Мабыць так студэнты жартуюць.
Арыгінальна настолькі, што далей няма куды. Сустракаюцца прызнанні, заклікі аб дапамозе, прамовы, выказванні жаданняў: “Не магу без сэкса”, “Філфак шукае маладых і прыгожых хлопцаў, прыходзьце, будзе весела”, “Светка, ты дура, але я цябе кахаю”, “Жыве Беларусь – згіне лукашызм”, “Ад невыканання тэхнікі бяспекі чалавек можа не толькі памерці, але ж і нарадзіцца” і г.д.
А часам можна прачытаць нядрэнныя вершы 🙂 і нават паэмы на розныя тэмы:
“..й стоит не по годам, выпьем за любовь, мадам”, “Выпью шкляначку я ртуці – усё задрала ў інстытуце”, “Лучший друг мой ..ахал Жанну, раскажу я всё декану, друга выгонят тогда, буду ..ахать её я”.
Ёсць ва універсітэце і аматары жывапісу, таму і не здзіўляе, калі раптоўна ў сшытку ці на парце сустрэнеш партрэт злоснага выкладчыка ці малюнак голай аднагрупніцы, і толькі тады зразумееш, што яна нічога сабе.
Я і сам гэты артыкул пісаў на пары, бо потым рэальна будзе лянота, ды і часу не хапае.
А цяпер паназіраем, што ж робяць аднагрупнікі. Вось сябар Жэнька выразаў з паперы нож і спрабуе ім зарэзаць Сярожку. Каця, што сядзіць ззаду, скруціла кавалак паперы ў трубку, прымацавала і размалявала дно, атрымалася ці то шклянка, ці то нейкі дзіцячы калейдаскоп. Андрэй ціха сапіць, бо прыйшоў на пары адразу з дыскатэкі ды яшчэ крыху п’янаватым, таму і схаваўся чым далей. Спытаеце, вось дурань, мог бы нармальна паспаць дома, дык “эн-ку” не хочацца атрымліваць, калі і так ўжо да халеры іх назбіралася ў журнале старасты. Наташа займаецца бізнэсам – дае кансультацыі па каталогу Oriflame. Толькі Марына хуценька піша за выкладчыкам лекцыю, яе канспект перад сесіяй стане вельмі папулярным, як і яна сама.
Часам студэнты нахабяцца да крайнасцяў, асабліва ў вялікіх аўдыторыях, дзе кантролю амаль няма: кладуцца спаць на апошнія рады, п’юць ціхенька піва і нават разводзяць спірт, які таксама потым ужываюць. Ну што тут скажаш: студэнт – істота незвычайная, якую кантраляваць проста немагчыма.
Ды і ты, спадар студэнт, зараз наўрад ці слухаеш выкладчыка, а чытаеш на сваім смартфоне наш сайт, тым самым пацвярджаючы ўсё вышэй сказанае.
Павел Белавус