Культура

Легенды Косаўскага палаца

У гісторыі замкаў і палацаў заўжды ёсць легенды, таямніцы, якія прывабліваюць  турыстаў. Косаўскі палац – не выключэнне. Прапануем пазнаёміцца з лепшымі легендамі, якія звязаныя з гэтым месцам.

Косаўскі палац. Ідзе рэстаўрацыя.

Косаўскі палац. Ідзе рэстаўрацыя.

Трэба адзначыць, што ў розных краінах і легенды вакол замкаў і палацаў з’яўляюцца розныя. Так, для Англіі вельмі характэрныя легенды пра прывідаў, якія па начах бадзяюцца па палацах. Англійскім замкам нават непрыстойна не мець уласных прывідаў, з-за чаго іх вельмі часта прыдумляюць. І не дзіва! Які ж англійскі турыст пойдзе ў замак без прывіда? Гэта ж зусім нецікава…

У Чэхіі ёсць легенда пра коннага тампліера без галавы, які з’яўляецца на вуліцах Прагі, у Румыніі – пра усім вядомы замак Дракулы.

Беларускія замкі і палацы таксама маюць сваіх прывідаў. Яшчэ Уладзімір Караткевіч пісаў пра прывідаў Белай Дамы і Чорнага Манаха ў Гальшанскім замку. У Лошыцкай сядзібе прывід пані Любанскай дапамагае маладым у справах амурных. У Нясвіжскім замку па начах ходзіць дух Барбары Радзівіл, жонкі караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта Аўгуста.

Шмат легендаў мае і даволі малады Косаўскі палац.

Дарэчы, многія людзі памылкова называюць Косаўскі палац замкам. Але ён не нясе ў сабе абарончых функцый, таму з’яўляецца ўсё ж палацам. Хаця сваімі дэкаратыўнымі зубцамі ён можа і нагадвае замак. Але гэтыя, на першы погляд абарончыя, рысы маюць толькі дэкаратыўны характар.

Падземны ход

Самая папулярная легенда распавядае пра падземны ход даўжынёй 25 кіламетраў ад Косаўскага палаца да Ружанскага.

Сапраўды, непадалёку ад цэнтральнага ўваходу ёсць падземная “пячора”, засыпаная зямлёй. Куды яна вядзе – невядома, але дакладна не да Ружанаў. Гэтая легенда – звычайная выдумка, бо такі тунэль вельмі складана было б зрабіць (як там было б, напрыклад, з вентыляцыяй?), ды ён тут і непатрэбны быў. Падземныя хады з замкаў рабіліся для адступлення падчас аблогі і былі яны, як правіла, 100-700 метраў. Нагадаем яшчэ раз, што палац Пуслоўскіх не планавалася выкарыстоўваць у ваенных, абарончых функцыях.

Акварыўм пад падлогай

Паводле другой легенды, у палацы было каля 100 пакояў. Пры гэтым усе яны адрозніваліся адзін ад аднаго. Былі “блакітны пакой”, “залаты пакой”, “срэбны пакой”, “шкляны пакой”…

Гэтая легенда магла б быць праўдай, тым больш трэба ўлічыць тое, што Пуслоўскія былі надзвычай багатымі людзьмі. Ды і не рабілі ж бы яны ўсе пакоі аднолькавымі, як у студэнцкім інтэрнаце.

Толькі вось наконт пакоя, у якім падлога была шкляной, а пад гэтым шклом плавалі рыбкі, можна быць крышку больш скептычным…

Гляне сонца і ў гэта ваконца

Кажуць, што Косаўскі палац пабудаваны такім чынам, што кожны год пару дзён сонца свяціла ў пэўны пакой, а потым пераходзіла ў іншы.

Даволі неверагодная версія, якую складана было праверыць, пакуль у палацы не было пакояў. Але пасля завяршэння рэстаўрацыі палаца мы абавязкова вопытным шляхам гэта праверым, галоўнае, каб за час рэстаўрацыі вокны на сваіх месцах засталіся.

Ціха! Тут акустыка!

Іншая легеда сцвярджае, што палац быў збудаваны так, што ў ім была неверагодная акустыка. Пляснеш у далоні ў адным канцы палаца – а звон пойдзе да іншага.

Тое, што акустыка палаца была лепшай, чым у сялянскай хаце – гэта факт, бо пакоі былі вялікія і з высокай столлю. Але ж наконт такой гіперакустыкі можна сумнявацца.

Хіба што ў сцены былі умураваны акустычныя збаны, як ў Каложскай царкве. Тады акустыка была б яшчэ лепшай. Але нават у гэтым выпадку, наўрад ці па ўсім палацы быў чуваць звон ад пляскання ў далоні.

Ды і навошта была такая акустыка? А калі ў пана кніжка са стала ўпадзе, гэта ж які грукат будзе ў палацы! Нібы цягнік прайшоў…

Бяззубы леў?

Яшчэ адна легенда кажа, што ў Пуслоўскіх у палацы быў леў, якога яны выпускалі гуляць па калідорах, каб слугі нічога каштоўнага ў палацы не скралі. Улічваючы тое, што ў парку Пуслоўскіх былі ўнікальныя дрэвы з самых розных экзатычных краін, то мог быць у іх і леў.

Але выпускаць льва гуляць па калідорах – гэта глупства. Вы паглядзіце што з вашай мэбляй можа зрабіць звычайны коцік, які вострыць свае кіпці. А калі б аб якую-небудзь канапу Пуслоўскіх павастрыў свае “нажы” леў, як бы яна выглядала? Нават калі б кіпці льву абрэзалі, ён бы і зубы час ад часу вастрыў бы аб столік з чырвонага дрэва… Хіба што леў быў зусім стары, нямоглы, без кіпцяў і зубоў…

А наконт таго, што слугі маглі красці, то варта адзначыць, што навошта ім было гэта рабіць, жывучы ў такіх шыкоўных умовах – каб іх саслалі ў якую вёсачку зямлю ўрабляць? Я думаю, што слугі даражылі сваім даволі высокім статусам.

На санях па солі

Кажуць, што графіня Пуслоўская вельмі любіла катацца на санях. Жадаючы дагадзіць каханай жонцы, граф ладзіў катанні нават летам. Тэрасы парка засцілаліся белымі тканінамі і пасыпаліся соллю, па якой графіня і каталася на санях.

Гучыць даволі праўдападобна. Чаго не зробіш дзеля каханай жонкі, тым больш маючы мора грошай! А жонка ж потым іншым дамам пахваліцца тым, што яе муж гатовы для яе ўсё зрабіць, нават зіму летам. Тут і графу залік, бо ўсе ж ягонай жонцы зайздросціць будуць!

Золата партыі?

Самая апошняя легенда, якую распавядаюць мясцовыя жыхары, кажа, што гадоў 20 таму нейкія турысты знайшлі ў палацы больш за 100 кілаграмаў золата.

Вельмі сумнеўная легенда. Справа ў тым, што апошнія ўладальнікі палаца выграблі адсюль усе каштоўнасці і вывезлі іх у Расею. А пасля іх тут былі палякі, немцы, партызаны, мясцовыя жыхары. Наўрад ці пасля іх тут нешта магло застацца. Падчас апошніх раскопак у 2008г. археолагі радаваліся тут кожнаму цвіку, а на золата яны нават і спадзяванняў не мелі.

Калі мясцовыя фантазіі прыняць за рэчаіснасць, і палічыць, што 20 гадоў таму тут золата сапраўды адкапалі, то ўзнікае пытанне, а чыё ж гэта было золата? Можа гэта было золата камуністычнай партыі, якая закапала яго ў палацы, калі пачалася агонія Савецкага Саюза?

Дык вось дзе яно было, золата партыі! 🙂

Як бы там ні было, усе гэтыя легенды – вялікае культурнае багацце нашага краю. Ад іх нельга адмаўляцца, а трэба берагчы, пераказваць, прыдумляць новыя. Тады і турысты сюды пацягнуцца з усяго свету, і нам будзе што расказаць сваім дзецям падчас экскурсіі да палаца Пуслоўскіх.

Павел Дайлід

 Косаўскі палац. Адзін з праектаў рэстаўрацыі.

Косаўскі палац. Адзін з праектаў рэстаўрацыі.

Пакінуць адказ