Памятаю, ішоў матч Галандыя – Расея, і я спытала ў свайго сябра , за каго ён. “За нашых, канешне, што за пытанне!” – адказаў Вася. З гэтага выпадку я і пачала задумвацца, хто такія нашы: ці беларусы, ці рускія, ці тыя і тыя разам.
На шчасце, пасля нялёгкіх і марудных пошукаў, я знайшла навуковыя абгрунтаванні раздзялення паняццяў беларусы і рускія. І цяпер мне і майму сябру засталося высветліць, чыіх рысаў у нас болей і каго нам лічыць “сваімі”.
(Навуковыя здабыткі я падаю ў разбаўленым з маімі уласнымі думкамі выглядзе).
У дапятроўскай Расеі заходні ўплыў быў нязначны і здзяйсняўся праз пасярэдніцтва ўкраінскіх і беларускіх зямель. Пазней, у імператарскую эпоху такі ўплыў здзяйсняўся “зверху” – праз падарожнікаў і эмігрантаў-дваран, пісьменнікаў, журналістаў, гувернёраў і тычыўся перш за ўсё сфераў культуры і навукі.
У Беларусі ўплыў Захада ішоў “знізу” – па этнічным суседстве – і закранаў у тым ліку побыт і дробную гаспадарку, а ў часы ВКЛ таксама адміністратыўна-прававы лад (Статуты княства, магдэбурскае права, выбарныя прадстаўнікі ў органах цэнтральнай ўлады).
У Расеі сялянская грамада (община) існавала аж да рэформ Сталыпіна (1906-1911 гг). Грамада дзяліла зямлю паміж сялянамі па колькасці “душ”(мужчын), пры гэтым зямля не прадавалася і была як бы нічыёй.
Што да беларускіх земляў у 18-19 ст., то тут сялянскай грамады не было. Пасля адмены прыгоннага права (1861 г.) частка сялян атрымала ва ўласнасць тую зямлю, якой яна карысталася да рэформы.
Таму беларускія сяляне былі мацней прывязаныя да сваей зямлі, а іх гаспадарчая самастойнасць вышэй, чым у рускіх.
У паслярэвалюцыйнай Расеі калгасы як бы рэстаўравалі былую грамаду, у той час як для беларускіх сялян калектывізацыя была нязвыклым і злым новаўвядзеннем. У Заходняй жа Беларусі калгасаў не было аж да 1939г.
Усе гэтыя акалічнасці мелі шэраг наступстваў. У псіхалогіі беларусаў значнымі сталі рысы самастойнага, прыватнага чалавека, індывідуаліста, адказнага за самога сябе і за сваю справу перад сям’ёй.
У рускіх залежнасць ад грамады спарадзіла страх да свабоды і адказнасці, “иждивенческие” стэрэатыпы свядомасці. (Нават у рускіх былінах і казках герой ляжыць 33 гады на пячы і чакае, калі за яго будзе працаваць чароўны шчупак ці “трое из ларца”). Калектывізм свядомасці узмацняўся і ідэямі праваслаўнай “соборности” – адзінства ўсіх веруючых ува Хрысце з прыярытэтам групавой маралі.
У нашы дні праяву азначаных рыс можна назіраць у адносінах да магчымай саюзнай дзяржавы. Сярод рускіх больш прыхільнікаў інтэграцыі, чым сярод грамадзян Беларусі. Гэта бачна і па сацыялагічным апытанні. Прычым, трэба ўлічваць, што апытанне было праведзена лабістамі аб’яднання, таму рэальныя лічбы, напэуна, значна меншыя.
Па прычыне адрозненняў у статусе рускіх і беларусаў у Расейскай імперыі, рускія ўсведамлялі сябе народнай асновай дзяржавы, у той час калі этнічная самасвядомасць беларусаў падаўлялася. Рускім надаваўся статус”дзяржаўнага народа” (формула Александра ІІІ), галоўнага і аб’ядноўваючага народа імперыі.
Гэтую думку актыўна выкарыстоўвалі і савецкія прапагандысты. Яна не знікла ў свядомасці расейцаў і да гэтага часу, таму яны так клапоцяцца аб захаванні рускай мовы і культуры ў іншых краінах.
Беларусы ж заўседы (прынамсі, пасля часоў Льва Сапегі) адчувалі сябе непаўнавартаснай нацыяй, амаль рускімі, але, на жаль, не зусім. Таму беларусы так абыякава ставяцца да нацыянальнага самавызначэння, да сваей мовы і культуры, якую яны лічаць правінцыйнай.
Пасля канца савецкай эпохі былі дэмантаваны некалькі характэрных помнікаў і перайменаваны некалькі вуліц у знак змены ідэалогіі. Але, у адрозненне ад “народнага” звяржэння ў жніўні 1991 г. помніка Дзяржынскаму ў Маскве, у Беларусі ніводная з падобных акцый не была ініцыяваная “знізу”: усе рабілася па загаду ўлады.
Ды наогул, да перайменавання вуліц беларус адносіцца не тое што абыякава, а нават негатыўна. Ён хучэй падлічыць, колькі грошаў на гэта выдаткавана і спалохаецца, якая пачнецца блытаніна з дакументамі, чым ацэніць яго семіятычную важнасць.
Абыякавасць да сімвалаў выяўляецца ў абыякавасці да выбару нацыянальнага герба і сцяга. Простага абывацеля не цікавіць, што сённяшняя дзяржаўная сімволіка адлюстроўвае пераемнасць савецкіх каштоўнасцяў, у адрозненне ад герба і сцяга 1991г., якія азначаюць выбар каштоўнасцяў БНР.
Сведчанне асіміляцыі натуральна бачыцца у тым, што чалавек лічыць сваей роднай мовай не мову свайго народа, а нейкую іншую. З усіх народаў СССР рускія – гэта самы устойлівы да асіміляцыі народ: па дадзеных перапісу 1989 г., мову свайго народа лічылі роднай 99,8% рускіх (гэта самы вялікі паказчык), 98,4 % грузін, 98,1 % чачэнцаў, 80,1% украінцаў і толькі 70,9 % беларусаў.
Рускія, калі жывуць у іншай краіне, імкнуцца стварыць там сваю рускую суполку і падтрымліваць рускі лад жыцця. Беларусы ж, нават жывучы ў сваей краіне, імкнуцца дасканала авалодаць і карыстацца чужой мовай і культурай. Такая бікультурнасць прыводзіць да пэўнага расколу ў свядомасці беларусаў, да парадоксаў у іх мысленні.
Хоць пераважная большасць беларусаў лічыць беларускую мову роднай (па дадзеных 1999г. 85,6%), у жыцці ёй мала хто карыстаецца. Таксама большасць аддае перавагу расейскаму тэлебачанню і рускім кнігам.
Атрымліваецца, мільёны людзей не размаўляюць на мове, якую лічаць роднай, што дало падставу нямецкаму даследчыку П.Векслеру назваць беларускую сітуацыю шызаглосіяй.
Стэфанія МАЛЮТА
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…