Культура

Бабульчына скарбонка

Вы калі-небудзь залазілі ў старыя драўляныя бабульчыны шафы, перабіралі яе даражэнькія старэнькія рэчы ці ўглядаліся ў чорна-белыя фотаздымкі яе маладосці? Калі не, то каб хоць трошкі ўявіць, што можна ўбачыць там, я распавяду вам пра цуды, ўбачаныя мною на запыленых паліцах адной з такіх шафаў.

Прычынай такога майго знаёмства стаў тэлефонны званок бабулі з мэтай зазірнуць да яе па важнай справе. А справа палягала на тым, што неяк раптоўна яна вырашыла ўсё сваё нажытае за больш чым 70 гадоў багацце пера­даць мне, бо, як яна сказала: “Я магу памерці ці трапіць ў псіхушку, тады ўсё маё пяройдзе невядома каму, міліцыянты ўсё забяруць і не аддадуць, дык лепш ты гэта схавай у сваёй хаце.”

І пачалося… Пачалося з алкагольных напояў. Бабуля накіравала мяне ў самыя патаемныя куткі сваёй кватэры, дзе па наводцы былі знойдзены акуратна закручаныя ў шпалеры літровыя бу­тэль­кі з чыстым спіртам. Далей – цікавей.

З шафы я выцягнуў бутэльку азербайджанскага віна 1984 года, якую з сябрам на наступны дзень мы з прыемнасцю і асалодай выпілі, пакінуўшы адно пустую тару з сантыметровым пластом асадку.

Затым некалькі бутэлек хатняга хлебнага самагону невядомых часін, бутэльку класічнай СССРаўскай гарэлкі “Руская”, разлітай ў 1985 годзе на Берасцейскім лікёра-гарэлачным заводзе, а потым яшчэ дзве трохлітровыя шклянкі той жа гарэлкі, закатаныя і схаваныя бабкай у часы сухога гарбачоўскага закона на чорны дзень, які так і не прыйшоў.

На верхніх паліцах, сярод вялікай гары посуду розных памераў і форм, як прафесійны археолаг, я знайшоў абсалютна новую электрычную кавамолку і некалькі пачкаў не молатай кавы. Замест 6 месяцаў, як напісана на пачку, яна праляжала 25 гадоў, таму адразу паляцела ў сметніцу.

Знайшоў закатку для вечак (крышкі для шклянак), у дадатак да якой атрымаў прэзент у выглядзе 5кг тых самых вечак. “На, унучак, трэніруйся на шклянках”, – падбадзё­рыла бабка. Падарункавы набор відэльцаў і нажоў з нержавеючай сталі з горада Колпіна Ленінградскай вобласці 1983г., электрапаяльнік з Херсону (УССР, 1968г.в.) і набор кілішкаў канца 80-х – усё гэтае дабро, ніводнага разу не ўжыванае, з лёгкай бабульчынай рукі стала маім.

“Нашто мне гэтыя рэчы?” – хацелася запярэчыць, але словы: “Бяры, зараз такога нідзе не знойдзеш”, мяне ўпэўнілі – такога я не знайду.

Далей пачаўся поўны абсурд. Цэлы пачак парашку “Лотас” Навамаскоўскбытхіма 1989г. Сябе бабуля не абдзяліла і пакінула ў засеках яшчэ 9 пачкаў, некалькі кілаграмаў мыла “Баннае” і пачак сурвэтак малых стэрыльных, вырабленых у 1965г. на фабрыцы №1 у Верхняволжску. З адваротнага боку пазначаны і спосаб ускрыцця: ніткай разарвіце абалонку.

Пакуль я разбіраўся з навалай багацця, бабулька аднекуль выцягнула зусім новыя, як яна сказала, чэхаславацкія жаночыя туфлі на абцасах. “А вось гэта сяброўцы ва універсітэце падорыш, хай носіць добрыя туфлі, за 50 рублёў купіла, а сама так ні разу і не абула”, – гаварыла яна, трымаючы ў далонях дарагую рэч маладосці. А туфлі на самой справе стыльныя, модныя, “маладзёжныя”. Нешта падобнае зараз зноў вяртаецца ў дзявочую моду.

І нарэшце скончылася свята дробяззю: вялікая адвёртка і нажніцы, разбяры па шкле, вазачкі і збанкі для кветак, 3 метры гумкі для трусоў і 1кг разынак у якасці смачнага падарунка.

“Такога ты зараз не знойдзеш”, – паўтарала бабуля. Я не пярэчыў, прымаў усё, бо што старой пярэчыць, усё роўна будзе так, як хоча сама. Няхай дорыць, мне самому вырашаць, што з падарункамі рабіць.

Можа вось так і ў мяне праляжаць некалькі дзесяцігоддзяў, а потым і я буду ўнукам перадаваць багацці, якія стануць ужо экспанатамі для ўласных калекцый ды аўкцыёнаў. А пакуль проста прыемна акунуцца ў гэтую СССРаўскую гісторыю, дзякуючы тагачасным рэчам зразумець, як і чым жыла мая бабка і людзі яе ўзросту.

І няхай яна шмат не разумее. Не разумее цяперашніх адносін паміж людзьмі, не разумее сучасную моладзь, яе густы і звычкі. Галоўнае, каб мы, будучае пакаленне, разумелі яе.

Павал Белавус

Пакінуць адказ