Вы калі-небудзь залазілі ў старыя драўляныя бабульчыны шафы, перабіралі яе даражэнькія старэнькія рэчы ці ўглядаліся ў чорна-белыя фотаздымкі яе маладосці? Калі не, то каб хоць трошкі ўявіць, што можна ўбачыць там, я распавяду вам пра цуды, ўбачаныя мною на запыленых паліцах адной з такіх шафаў.
Прычынай такога майго знаёмства стаў тэлефонны званок бабулі з мэтай зазірнуць да яе па важнай справе. А справа палягала на тым, што неяк раптоўна яна вырашыла ўсё сваё нажытае за больш чым 70 гадоў багацце перадаць мне, бо, як яна сказала: “Я магу памерці ці трапіць ў псіхушку, тады ўсё маё пяройдзе невядома каму, міліцыянты ўсё забяруць і не аддадуць, дык лепш ты гэта схавай у сваёй хаце.”
І пачалося… Пачалося з алкагольных напояў. Бабуля накіравала мяне ў самыя патаемныя куткі сваёй кватэры, дзе па наводцы былі знойдзены акуратна закручаныя ў шпалеры літровыя бутэлькі з чыстым спіртам. Далей – цікавей.
Затым некалькі бутэлек хатняга хлебнага самагону невядомых часін, бутэльку класічнай СССРаўскай гарэлкі “Руская”, разлітай ў 1985 годзе на Берасцейскім лікёра-гарэлачным заводзе, а потым яшчэ дзве трохлітровыя шклянкі той жа гарэлкі, закатаныя і схаваныя бабкай у часы сухога гарбачоўскага закона на чорны дзень, які так і не прыйшоў.
На верхніх паліцах, сярод вялікай гары посуду розных памераў і форм, як прафесійны археолаг, я знайшоў абсалютна новую электрычную кавамолку і некалькі пачкаў не молатай кавы. Замест 6 месяцаў, як напісана на пачку, яна праляжала 25 гадоў, таму адразу паляцела ў сметніцу.
Знайшоў закатку для вечак (крышкі для шклянак), у дадатак да якой атрымаў прэзент у выглядзе 5кг тых самых вечак. “На, унучак, трэніруйся на шклянках”, – падбадзёрыла бабка. Падарункавы набор відэльцаў і нажоў з нержавеючай сталі з горада Колпіна Ленінградскай вобласці 1983г., электрапаяльнік з Херсону (УССР, 1968г.в.) і набор кілішкаў канца 80-х – усё гэтае дабро, ніводнага разу не ўжыванае, з лёгкай бабульчынай рукі стала маім.
“Нашто мне гэтыя рэчы?” – хацелася запярэчыць, але словы: “Бяры, зараз такога нідзе не знойдзеш”, мяне ўпэўнілі – такога я не знайду.
Далей пачаўся поўны абсурд. Цэлы пачак парашку “Лотас” Навамаскоўскбытхіма 1989г. Сябе бабуля не абдзяліла і пакінула ў засеках яшчэ 9 пачкаў, некалькі кілаграмаў мыла “Баннае” і пачак сурвэтак малых стэрыльных, вырабленых у 1965г. на фабрыцы №1 у Верхняволжску. З адваротнага боку пазначаны і спосаб ускрыцця: ніткай разарвіце абалонку.
Пакуль я разбіраўся з навалай багацця, бабулька аднекуль выцягнула зусім новыя, як яна сказала, чэхаславацкія жаночыя туфлі на абцасах. “А вось гэта сяброўцы ва універсітэце падорыш, хай носіць добрыя туфлі, за 50 рублёў купіла, а сама так ні разу і не абула”, – гаварыла яна, трымаючы ў далонях дарагую рэч маладосці. А туфлі на самой справе стыльныя, модныя, “маладзёжныя”. Нешта падобнае зараз зноў вяртаецца ў дзявочую моду.
І нарэшце скончылася свята дробяззю: вялікая адвёртка і нажніцы, разбяры па шкле, вазачкі і збанкі для кветак, 3 метры гумкі для трусоў і 1кг разынак у якасці смачнага падарунка.
“Такога ты зараз не знойдзеш”, – паўтарала бабуля. Я не пярэчыў, прымаў усё, бо што старой пярэчыць, усё роўна будзе так, як хоча сама. Няхай дорыць, мне самому вырашаць, што з падарункамі рабіць.
Можа вось так і ў мяне праляжаць некалькі дзесяцігоддзяў, а потым і я буду ўнукам перадаваць багацці, якія стануць ужо экспанатамі для ўласных калекцый ды аўкцыёнаў. А пакуль проста прыемна акунуцца ў гэтую СССРаўскую гісторыю, дзякуючы тагачасным рэчам зразумець, як і чым жыла мая бабка і людзі яе ўзросту.
І няхай яна шмат не разумее. Не разумее цяперашніх адносін паміж людзьмі, не разумее сучасную моладзь, яе густы і звычкі. Галоўнае, каб мы, будучае пакаленне, разумелі яе.
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…