Культура

Абавязак кожнага – быць шчаслівым!

Шчасце – пачуцце і стан поўнай, найвялікшай задаволенасці; поспех, удача. Такое азначэнне дае гэтаму паняццю “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (пад рэд. М. Р. Судніка). Аналагічна тлумачыць яго і С. І. Ожэгаў (“Тлумачальны слоўнік расейскай мовы”).

“Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы” падае 127 (!) вобразных азначэнняў слова “шчасце”: яно бязмежнае, вечнае, моцнае, нечалавечае, гарачае, мужнае, чыстае, дзівоснае, але зменлівае, імгненнае, прывіднае, хісткае, сумнае, горкае, трагічнае, колкае, балючае…

Шчасце. 6 літар. Шча-сце. 6 гукаў. ШЧАСЦЕ – што гэта?

Шчасце – гэта асаблівае радаснае пачуццё, якое ахоплівае нас падчас прыемных хвілін або падчас “любоўнага хвалявання”. Сапраўднае шчасце – гэта значна больш, чым проста прыемныя пачуцці. Шчасце – гэта ціхамірнасць, якая ахоплівае нас, калі мы знаходзімся ў сапраўднай згодзе з самім сабой. Гэта страсная рухаючая сіла, якая забяспечвае дасягненне значных мэтаў. Гэта ўсеабдымнае пачуццё, што ўсё добра і жыццё цудоўнае.

Што характарызуе шчаслівых людзей? Яны прабачаюць крыўды, яны аптымістычныя і велікадушныя, не заўважаюць дробных уколаў і з’едлівых заўваг. Сапраўды шчаслівым людзям не прыходзіць да галавы асуджаць іншых за іх расу, узрост, непрывабнасць, фізічныя недахопы, пол або палавую арыентацыю.

Яны спакойна прымаюць іншыя пункты гледжання, якія адрозніваюцца ад іх асабістых, праўда, да таго часу, пакуль гэтыя іншыя погляды не прыносяць шкоду, не пачынаюць парушаць правы іншых людзей. Шчаслівы разумее: быць шчаслівым – значыць нічога не даказваць.

Наша ўласнае шчасце з’яўляецца перадумовай для пазітыўнага ўздзеяння на іншых. Чым больш поўным становіцца наша жыццё, тым большы ўплыў мы можам аказваць на тых, хто нас акаляе ў паўсядзённасці.

Шчаслівыя людзі настроеныя на дапамогу тым, хто гэтага патрабуе. Таму шчасце – гэта нешта большае, чым проста эгаістычная мэта.

Пачніце з самага простага – станавіцеся шчаслівейшымі зараз. Пачаць можна так: падыміце куточкі вуснаў угару. Гэта добры пачатак. Нашыя паводзіны ўплываюць на думкі і эмоцыі. Існуе зваротная нервовая сувязь паміж мышцамі твару і мозгам.

Напружваючы мышцы твару ва ўсмешцы, мы паляпшаем настрой. Даследчыкі лічаць, што той, хто вядзе сябе, як шчаслівы чалавек, з большай верагоднасцю становіцца ім. Рабіце выгляд, што вы шчаслівыя – і вы сапраўды будзеце шчаслівыя.

Змясціце ўсмешлівыя тварыкі паўсюль, дзе вам гэтага хочацца, – на люстэрках, сценах, тэлефонах, каб яны ўвесь час прыгадвалі вам усмешку.

Удзельнікаў псіхалагічнага эксперыменту папрасілі пабыць у людным месцы з рознымі выразамі твару. На ўсмешку людзі адказвалі ўсмешкай у палове выпадкаў, у той час як на пахмурны выраз твару рэагавалі рэдка.

Іншае даследаванне выявіла, што ўсмешлівыя людзі ацэньваюцца партнёрамі як больш шчырыя і вы-клікаюць больш даверу. Больш таго, пры прыёме на працу перавага, як правіла,  аддаецца кандыдатам, што ўсміхаюцца. Усмешлівыя афіцыянты атрымліваюць большыя “чаявыя”, а ўсмешлівым кіроўцам даішнікі радзей выпісваюць штрафы.

Шчаслівыя людзі лягчэй знаходзяць сяброў. Чалавечай прыродзе ўласціва імкненне знаходзіцца побач са шчаслівым чалавекам, які прымушае нас адчуваць сябе лепш.

І яшчэ: думайце пазітыўна. Нашыя думкі матэрыяльныя. Тое, пра што вы думаеце зараз, абавязкова споўніцца ў будучым. Будзьце шчаслівыя!

Ці ўмееце Вы быць шчаслівым?

1. Калі часам засяроджваецеся на думцы пра пражытае жыццё, ці прыходзіце вы да высновы, што:

а) усё было хутчэй дрэнна, чым добра;
б) было хутчэй добра, чым дрэнна;
в) усё было выдатна.

2. У канцы дня звычайна:

а) незадаволеныя сабой;
б) лічыце, што дзень мог бы прайсці лепш;
в) кладзецеся спаць з пачуццём задавальнення.

3. Калі глядзіцеся ў люстэрка, думаеце:

а) “О Божа, час бязлітасны!”
б) “А што, яшчэ зусім нядрэнна!”
в) “Усё выдатна!”

4. Калі даведаецеся пра буйны выйгрыш каго-небудзь са знаёмых, думаеце:

а) “А мне ніколі не пашанцуе!”
б) “Ах, чорт! Чаму ж не я?!”
в) “Аднойчы так пашанцуе і мне!”

5. Калі, да прыкладу, пачуеце па радыё пра якое-небудзь дрэннае здарэнне, кажаце сабе:

а) “Вось так аднойчы будзе і са мной!”
б) “На шчасце, гэтая бяда мяне абмінула!”
в) “Гэтыя рэпарцёры наўмысна нагнятаюць страсці!”

6. Калі абуджаецеся раніцай, часцей за ўсё:

а) ні пра што не хочацца думаць;
б) узважваеце, што рыхтуе вам сённяшні дзень;
в) задаволеныя, што пачаўся новы дзень, і вас чакаюць новыя сюрпрызы.

7. Думаеце пра вашых прыяцеляў:

а) “Яны не такія цікавыя і чуйныя, як хацелася б”;
б) “Канешне, у іх ёсць недахопы, але ў агуле яны добрыя”;
в) “Выдатныя людзі!”

8. Параўноўваючы сябе з іншымі, лічыце:

а) “Мяне недаацэньваюць!”
б) “Я не горшы за астатніх!”
в) “Я варты лідэра, і гэта, бадай, прызнаюць усе!”

9. Калі вашая вага павялічылася на 5-6 кг:

а) пачынаеце панікаваць;
б) лічыце, што ў гэтым няма нічога асаблівага;
в) тут жа сядаеце на дыету.

10. Калі вы прыгнечаныя:

а) праклінаеце лёс;
б) ведаеце, што дрэнны настрой міне;
в) стараецеся развеяцца, развесяліцца.

КЛЮЧ.

Кожны адказ: а – 0 балаў; б – 1 бал; в – 2 балы.

0-7 балаў. Вы прывыклі глядзець на ўсё скрозь чорныя акуляры, лічыце, што лёс прыгатаваў Вам долю чалавека няўдачлівага, нешчаслівага. Старайцеся больш часу праводзіць у кампаніі вясёлых аптымістаў. Добра было б нечым заняцца, знайсці хобі.

8-12 балаў. Шчасце і няшчасце выражаюцца для Вас вядомай формулай “50/50”. Калі хочаце схіліць вагі на свой бок, старайцеся не пасаваць перад цяжкасцямі, абапірайцеся на сяброў, не пакідайце іх у бядзе.

13-16 балаў. Напэўна, Вы “аптымальна” шчаслівы чалавек, і радасці ў Вашым жыцці яўна больш, чым смутку. У Вас цвярозы склад розуму і лёгкі характар. Вы не панікуеце, сутыкаючыся з цяжкасцямі, цвяроза іх ацэньваеце. З Вамі камфортна.

17-20 балаў. Вы да таго шчаслівыя, што нават не верыцца, быццам такое магчыма! Радуецеся жыццю, не звяртаеце ўвагі на непрыемнасці і жыццёвыя нягоды. Чалавек Вы жыццярадасны, падабаецеся людзям сваім аптымізмам, але… ці не занадта павярхоўна і легкадумна Вы адносіцеся да ўсяго, што адбываецца? Можа, крыху цвярозасці Вам не зашкодзіць?

Падрыхтавала Алена Дземідзюк

0 Comments

Пакінуць адказ