Экалогія

Ці пагрэемся мы на ветры?

Шматлікія “энергетычныя войны” Беларусі з Расеяй усё больш актуалізуюць тэму развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі, у тым ліку і ветраэнергетыкі. На якім узроўні ў Беларусі знаходзіцца развіццё ветраной энергетыкі і наколькі гэта перспектыўна паспрабуем разгледзіць у гэтым артыкуле.

Капля ў моры энергіі?

Паводле дадзеных Еўрапейскай асацыяцыі ветраэнергетыкі, штогод у свеце адбываецца павелічэнне энергіі, якая здабываецца дзякуючы ветракам. У 1997 годзе дзякуючы ветраной энергетыцы ў свеце было здабыта 7475 мегават (МВт) энергіі, у 2005 годзе – 59004 МВт, у 2009 годзе – 157000 МВт. Паводле прагнозу, атрыманне энергіі з ветру ў 2010 годзе ўзрасце да 170000 МВт.

У краінах Еўразвяза ў 2005 годзе з энергіі ветру выпрацоўвалася каля 3% выкарыстоўваемай электраэнергіі. У 2007 годзе ветракі Германіі выпрацавалі 6,2% электраэнергіі краіны, а ў Даніі – 18,3%.

Можа некалькі працэнтаў вырабленай энергіі з ветру здаюцца і капляй у моры выкарыстоўваемай энергіі, але трэба памятаць, што запасы энергіі ветра больш чым у сто разоў перавышаюць запасы гідраэнергетыкі ўсіх рэк планеты. Таму многія краіны бачаць у ветраэнергетыцы вялікія перспектывы.

Перспектывы

Да 2020 года Германія плануе здабываць 20% электраэнергіі з энергіі ветру, падобныя планы мае і Новая Зеландыя. Пэўныя перспектывы на ветраэнергетыку ўскладаюць многія краіны Еўрасаюза, Канада, ЗША, Кітай, Індыя, Японія, Венесуэла і іншыя.

Як бачым, пераважна развітыя краіны развіваюць гэтую галіну энергетыкі. Тлумачыцца гэта тым, што напачатку ў ветраэнергетыку трэба інвеставаць значныя сумы, і толькі потым яна пачне прыносіць даход.

Затое ветраныя генератары практычна не скарыстоўваюць выкапнёвага паліва. Работа ветранога генератара магутнасцю 1 МВт за 20 гадоў дазваляе зэканоміць 29 тысяч тон вугалю, або 92 тысячы барэлей нафты. Акрамя таго, такі ветрагенератар штогадова скарачае выкіды ў атмасферу 1800 тон вуглякіслага газу, дзевяці тон дыаксіду серы, і чатырох тон аксідаў азоту.

Паводле прагнозаў экспертаў, да 2050 года сусветная ветраэнергетыка дазволіць скараціць штогадовыя выкіды вуглякіслага газу на 1,5 мільярда тон.

А ў Беларусі?

Адзіная ў Берасці ветравая турбіна. СП "Белтрансойл"

Адзіная ў Берасці ветравая турбіна. СП "Белтрансойл"

У Беларусі ветраная энергетыка яшчэ толькі развіваецца. Як расказаў нядаўна журналістам рэктар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага універсітэта імя Сахарава, старшыня праўлення асацыяцыі “Узнаўляемая энергетыка” доктар тэхнічных навук, прафесар Сямён Кундас, Беларусь валодае значным ветраэнергетычным патэнцыялам, які ацэньваецца ў 1600 МВт. На тэрыторыі нашай краіны выяўлена каля 1840 пляцовак, дзе можна устанаўліваць ветраэнергетычныя станцыі.

Як кажа Сямён Кундас, па ветрапатэнцыялу Беларусь адпавядае патрабаванням камерцыйнай мэтазгоднасці развіцця ветраэнергетыкі. Па гэтаму патэнцыялу Беларусь знаходзіцца на ўзроўні Польшчы і іншых краін Усходняй Еўропы.

Праблема развіцця ветраэнергетыкі ў нашай краіне палягае найперш у тым, што яна патрабуе значных інвестыцый. Сусветныя вытворцы выпускаюць пераважна ветраўстаноўкі вялікай магутнасці, якая дасягае ад 1-2 да 6 МВт. Вядома, што 1 такі МВт каштуе адзін мільён еўра. Знайсці такія інвестыцыі, якія акупаюцца праз 6-10 гадоў, даволі складана. Таму з 76 краін свету, якія выкарыстоўваюць энергію ветру, Беларусь займае 68 месца.

Пакуль развіццё ветраэнергетыкі ў Беларусі сутыкаецца з непаразуменнем чыноўнікаў, ды і стаўка сёння робіцца на зусім іншы накірунак энергетыкі – у бліжэйшыя гады ў краіне будзе пабудавана 161 цеплавая станцыя на мясцовых відах паліва. Падобная міні-ЦЭЦ ужо працуе ў Пружанах і забяспечвае каля 60 % патрэбаў горада ў электраэнергіі.

Тым часам, на пачатак 2010 года ў Беларусі выпрацоўвалі 1,1 МВт электраэнергіі каля 10 вераустановак (пры вышэйзгаданым патэнцыяле нашай краіны ў 1600 МВт). А да канца 2010 года планавалася заканчэнне будаўніцтва першай ў Беларусі ветраной устаноўкі мегаватнага класа каля в. Грабнікі Навагрудскага раёна магутнасцю 1,2 МВт. Акупіцца гэтая ўстаноўка праз 17-20 гадоў. Затое для экалогіі карысць ветрака пераацаніць цяжка. Ветраэнергетыка – перспектыўная галіна энергетыкі Беларусі, для развіцця якой патрэбна стварыць у нашай краіне адпаведную заканадаўчую базу і разбіць сцяну непаразумення адказных чыноўнікаў.

Уцечка мазгоў

Трэба сказаць, што і беларускія навукоўцы займаюцца праблемамі ветраной энергетыкі. Яшчэ ў 1998 годзе беларускі вучоны Мікалай Лаўрэнцьеў вынайшаў выдатны ветраагрэгат, які можа ўстанаўлівацца проста на даху будынка.

Але, як гэта часта бывае, вынаходніцтва засталося незапатрабаваным і адзін з вучняў Лаўрэнцьева прывёз беларускую распрацоўку ў Вялікабрытанію, дзе з 2002 года пачалася серыйная вытворчасць ветракоў…

Павел Дайлід. г. Івацэвічы


Пакінуць адказ