Тэзаўрус

Рожы для жыдовак

Беларуская мова, на жаль, даўно не мае магчымасці развівацца “нармальна”. Ужо некалькі стагоддзяў яе існаванню замінаюць суседнія мовы.

Праўда, хіба нельга знайсці мову, якая зусім не зведала чужога ўплыву, але ў нашым выпадку гэты ўплыў значна большы, чым гэта звычайна бывае. Найбольш відавочна ён праяўляецца ў лексіцы.

Гэта не толькі яўныя запазычанні – паланізмы, русіцызмы і да т.п., уплыў гэты праяўляецца і ўскосна. Пра такі ўскосны ўплыў, праілюстраваны асобнымі прыкладамі, і пойдзе ніжэй гаворка.

Рожа

У цяперашніх слоўніках гэтая кветка падаецца як “ружа”. На тое, што гэта паланізм, паказвае прыраўнанне гэтага слова да такога ж у іншых славянскіх мовах, ды і спосаб яго напісання ў польскай мове – “róża” – паказвае на этымалагічнае “о” ў гэтым слове, якое толькі ў выніку уласцівых менавіта польскай мове фанетычных працэсаў пачало вымаўляцца як “у”.

Чаму ж у беларусаў прыжыўся гэты паланізм? Адной з прычын можа быць тое, што ў расейскай мове слова “рожа” значыць “хара”. Любому хвораму на комплекс нацыянальнай ніжшыні гэтага даволі каб ужываць “больш культурнае” “ружа”.

А беларускі народ ужывае слова “рожа” без усякіх комплексаў, звяртаючыся да Божай Маці ў сваёй рэлігійнай песні:

“Астрабрамска Маці Божа,
Ты – прачыста майска рожа…”

І нам нішто не павінна замінаць ужываць гэтае слова на сваім натуральным месцы.

Жыд

Слова “яўрэй” – гэта чысты русіцызм. Памятаю, мая бабуля вымаўляла яго з нейкаю натугаю ў голасе, неяк прыблізна так: “ев’рэй”, а па-простаму ўжывала слоў (з сімпатыяй да гэтага народа) “жыд”, “жыдоўка”, “па-жыдоўску”.

Слоўнік Яна Станкевіча падае словы: “жыд”, “жыдок”, “жыдзіца” (жанчына яўрэйскай нацыянальнасці), “паўжыдак”, “жыдзіла” (з пазнакай “пагардлівае”).

Слова “жыд” нагэтулькі пашыранае на ўсёй этнічнай тэрыторыі беларускай, што, здаецца, няма патрэбы гэтую пашыранасць, як і беларускасць яго даводзіць. Тут ужо прычына незамацавання слова “жыд” як літаратурнай нормы крыху іншая. У гэтым выпадку ўжыванне гэтага слова у дадатак часта запынялася рознымі занадта разумнымі рэдактарамі-карэктарамі.

Хрэстаматыйны ўжо прыклад – адмова уключыць верш Купалы “Жыды” ў чарговы зборнік вершаў з-за “непаліткарэктнай” назвы. Цікава, што ў украінцаў сітуацыя падобная (бо былі падобныя гістарычныя ўмовы) – і яны намагаюцца вярнуць сабе сваё спрадвечнае слова “жид” замест “єврей”.

Апошнія гады ў некаторых беларускіх выданнях можна сустрэць словы “габрэй”, “гэбрай”, “габрай”. Але калі “яўрэй” – русіцызм, то вышэйпададзеныя словы – гэта чыстыя карыкатуры, штучныя інтэлігенцкія наватворы, стылізаваныя пад беларушчыну, і ад гэтага яшчэ больш шкодныя.

Але можна заўважыць, што і слова “жыд”, дзякуй Богу, ўсё часцей сустракаецца на старонках перыядычных выданняў.

Будзем спадзявацца, што яно запануе ўрэшце ва ўсёй беларускай мове.

Дзярмо

Яшчэ адным цікавым словам ёсць слова э-э… “дзярмо”. Нічога смешнага тут няма. Дзярмо (або дзярно) – гэта дзёран, дзірван. Адзін з вершаў Уладзімера Жылкі пачынаецца так:

“Бяспынна, глуха процьма часу
Глытае хараство і моц.
Заход бяздушным, светлым пасам
Адзначыў свежае дзярмо.”

У сваім лісце ад 24.06.1924 да Антона Луцкевіча Жылка “апраўдваецца” так:

“Між іншым “дзярмо” і ёсць “дзярмо”. Так я чуў на Навагрудчыне і сустрачаў, калі не мыляюся, у Шэйна, і чаму б так не пакінуць у зборніку? Мая вялікая просьба – быць да аўтара ласкавым, і калі што і не так, калі што спрэчна, то вырашаць на карысць пісакі.”

Аднак у некаторых выданнях (Пожні. с. 50; Творы. с. 45) гэтае слова ўсё ж замененае на “дзярНо”, насуперак рыфме (з словам “моц”, якая вымагае якраз формы “дзярмо”). Пазбаўляймася забабонаў у дачыненні да гэтага беларускага слова.

Коратка яшчэ пра колькі слоў.

Прыбор” – у беларускай мове гэтае слова значыць “аздоба”, “упрыгожанне”, і гэта пры тым, што само слова “ўпрыгожваць” гэта калька з расейскай мовы (“у” + “крашать”). Дык ясна, што лепей ужываць “прыбор”, “прыбіраць”.

Харошы” – замест яго ў нас ужываюць часцей “прыгожы”. І гэта дзіўна, бо словы “харошы”, “хараство”, “харашыня” нашмат больш пашыраныя. Часцейшаму ўжыванню мабыць зноў жа замінае, на жаль, тое, што ў расейскай мове слова “хороший” мае значэнне “добры”, і пры шырокім распаўсюджанні ў нас расейскай мовы сэнс гэтага міжмоўнага пароніма можа зацямняцца.

Пазорны” – гэта значыць “харошы з выгляду”, “пазорная дзяўчына” – гэта камплімент. Вельмі пашыранае слова: зафіксавана ў слоўніках Шатэрніка, Насовіча, у творах Крушыны, таксама на Вілейшчыне, Случчыне, Ігуменшчыне. І чаму яно не зрабілася нарматыўным? Проста дзіўна. Мабыць і тут не абышлося без “ускоснага ўплыву” расейскай мовы.

Які будзе вывад з напісанага? Здаецца, мірнага сужыцця беларускай і расейскай моў дасягнуць нельга ў прынцыпе. Так што ці мы, ці яны. Слова “кампраміс” трэба забыць. А на чый бок стаць – хай вырашае кожны для сябе сам.

Юрка Агіевіч

0 Comments

Пакінуць адказ