Паленне – самая дзіўная чалавечая звычка. Звычайны тытунь не прыносіць кайфу, шкодзіць здароўю і каштуе грошай. Але дзеці і моладзь усё роўна пачынаюць паліць. Чаму?
Я не буду разважаць пра тое, больш сённяшняя моладзь паліць ці меньш, модна зараз паленне ці не модна. Усе роўна аматараў цыгарэт зараз многа і сярод гламурных тусоўшчыкаў, і сярод “адбросаў грамадства”, сярод студэнтаў і працоўных на заводзе, сярод хлапцоў і дзяўчын.
Памятаю, у школе ў нас паліла недзе палова вучняў. Я не рабіла сярод іх сацыялагічнага даследавання, каб высветліць, хто і чаму паліць, а хто і чаму – не. Але розніцу паміж першымі і другімі заўважыць нескладана. Мне падаецца, што да групы спажыўцоў тытуню далучаюцца “смелыя” – дзеці, якія не хочуць слухацца старэйшых, кідаюць выклік грамадскім нормам і любяць увагу да сваёй персоны.
Гэта лёгка патлумачыць. У дзяцінстве чалавек жыве па інструкцыям старэйшых, таму што свайго досведу не мае. З узростам ён спрабуе рабіць нешта самастойна і парушаць інструкцыі. У выніку ў падлеткавым асяроддзі дарослым лічыцца той, хто дзейнічае наперакор патрабаванням старэйшых.
Я сама ў школе спрабавала паліць, і пачуццё, што я раблю нешта недазволенае, вельмі мяне задавальняла. Але, калі гуляць у дрэнную дзяўчынку мне стала нецікава, я гэты занятак кінула. Варта было б чакаць таго ж і ад маіх сябровак. Але чамусьці ва ўніверсітэце я заўважыла, што адсотак дзяўчын з водарам тытуню толькі ўзрос. Мабыць, ім не хапіла смеласці ў дзяцінстве, і свой выклік грамадству яны робяць толькі зараз. А мабыць жаданне пахуліганіць толькі ў мяне знікла з выхадам з падлеткавага перыяду.
Цікавае назіранне робяць мае сябры, якія пэўны час пражылі ў Еўропе і ЗША. Там няма такога негатыўнага стаўлення да палення з боку грамадства, як у нас. У належных месцах паляць не чырванеючы і жанчыны, і дзяўчыны. Але сярод заходняй моладзі цыгарэты не вельмі папулярныя, у той час калі жанчыны ва ўзросце паляць даволі многа. Моладзь аддае перавагу як раз таму, што забараняецца грамадскай думкай – “траўцы” (альбо марыхуане).
Ну што ж, ”свято место пусто не бывает”. Няўжо ў такім выпадку няма сэнсу змагацца са шкоднай сацыяльнай з’явай, бо на яе месца ўсё роўна прыйдзе іншая?…
Альбіна Трус