Categories: Культура

Якім будзе Басовішча – 2011?

Менш за сто дзён засталося да 22-га фэсту музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2011”. Сёлета фэст пройдзе з 22 па 24 ліпеня традыцыйна ва ўрочышчы Барык пад Гарадком на Беласточчыне.

Пра тое, хто зайграе на фэсце, як на “Басовішча” змогуць патрапіць аматары беларускай музыкі з Беларусі ды якія неспадзяванкі рыхтуе сёлетні фэст, адказвае старшыня Беларускага Аб’яднання Студэнтаў Кася Кузьміч:

– “Басовішча-2011” – якім яно будзе?

– “Басовішча-2011” будзе перадусім як свежы новы подых. Летась мы зрабілі першы крок, каб штосьці змяніць на гэтым фестывалі, каб паказваць самыя лепшыя рэчы, самую лепшую музыку, самых лепшых артыстаў. Сёлета мы працягваем змены, каб надаць “Басовішчу” свежых сілаў, каб яно прыцягвала больш людзей.

– Як сёння выглядае падрыхтоўка да фэсту? У мінулыя гады нейкія пытанні вырашаліся ў апошні момант.

– Мы ўжо інтэнсіўна працуем ад пачатку года, і можам распавесці пра хэдлайнераў фэсту. Мы таксама можам перадаць добрую інфармацыю наконт візавай падтрымкі ды шмат іншага.
Сёлетні фэст будзе мець шмат хэдлайнераў. Некалькі гуртоў з Беларусі, з Польшчы, а таксама будзе адзін сюрпрыз, пра які пакуль не буду казаць.

Беларускім хэдлайнерамі “Басовішча-2011” будуць гурты Neuro Dubel, IQ48 ды расейскамоўны гурт ТТ-34, які, думаю, з’яўляецца нечаканасцю для многіх. Мы ведаем, што ў гэтага гурту багата прыхільнікаў у Беларусі, ён грае якасную музыку, і мы спадзяемся, што расейская мова песень гурту не будзе перашкодай для таго, каб выступіць на “Басовішчы-2011”.

Гэта не азначае, што мы адыходзім ад беларускамоўнасці фэсту, але, калі мы хочам паказваць іншую музыку, таксама якасную, мы вымушаныя адступаць ад правілаў. Мы не маем уплыву на розныя абставіны. Калі нехта вырашае ствараць музыку на расейскай ці ангельскай мове – гэта яго ўласны выбар.

Арганізатары хочуць паказваць самую лепшую музыку і пераканаць людзей, што беларуская музыка незалежна ад мовы выканання з’яўляецца еўрапейскай якаснай музыкай на высокім узроўні. У гэтым годзе мы запрасілі таксама два польскія гурты – Tymon & Transistors, які ўжо вядомы на польскай музычнай сцэне, ды зусім новы праект R.U.T.A., які паўстаў пры канцы мінулага году, у ім удзельнічаюць вядомыя польскія музыкі. R.U.T.A. запісала дыск з сярэднявечнымі песнямі бунту і нядолі ў новым сучасным гучанні, з выкарыстаннем традыцыйных інструментаў. Большасць польскіх крытыкаў называе гэты праект – музычнай падзеяй 2011 году ў Польшчы.

– Якім чынам выбіраеце ўдзельнікаў фестывалю, ці гэта можа прыватны музычны густ?

– Адразу скажу, што не. У гэтым годзе рашэнне наконт запрашэння таго ці іншага гурту на фэст прымалася паводле двух крытэрыяў: па-першае, ці гурт працуе, развіваецца, запісвае новыя альбомы, запісвае новыя песні, а па-другое, на якім узроўні іх музыка. Мы і самі слухаем шмат музыкі, але перадусім размаўляем з людзьмі, што займаюцца музыкай прафесійна. Нягледзячы на тое, што большасць гуртоў, якія выступяць на сёлетнім “Басовішчы” не будуць вядомыя слухачам, мы хочам, каб людзі нам даверыліся і прыехалі на фестываль, каб паслухаць якасную сучасную музыку.

– Летась ў сувязі са зменай правілаў падачы дакументаў для атрымання візаў у Польшчу вам не ўдалося арганізаваць візавую падтрымку, ці патрапяць прыхільнікі фэсту з Беларусі на “Басовішча-2011”?

– Летась я абяцала пастарацца арганізаваць візавую падтрымку на чарговы фэст. Цяпер мы вядзем перамовы з МЗС Польшчы, якое абяцае дапамагчы атрымаць бясплатныя візы ўсім жадаючым, якія хочуць прыехаць на “Басовішча-2011”. Цягам траўня мы плануем зрабіць набор ахвотных прыехаць на фэст, бо хочам, каб усе паспелі зрабіць візы і прыехалі на фэст.

Хутчэй за ўсё колькасць людзей, якім мы акажам візавую падтрымку мы абмяжоўваць не будзем, як было раней. Мы думаем цяпер, як зрабіць так, каб візы атрымалі людзі, якія сапраўды едуць на фэст, а не выпадковыя асобы. Напэўна, пры падачы дакументаў на атрыманне бясплатнай візы трэба будзе заплаціць або за месца на намётавым полі, або за квіток на аўтобус.

Я не магу пакуль сказаць упэўнена, што будзе менавіта так, бо мы завяршаем перамовы і апрацоўваем усю сістэму, каб пад консульствам у Менску не стаялі вялікія чэргі, людзі не нерваваліся і не нерваваліся супрацоўнікі консульства. Мы намагаемся ўсё добра арганізаваць, бо нам важна прысутнасць аматараў добрай музыкі з Беларусі.

– Якім чынам сёлета праводзіцца адбор удзельнікаў конкурснай часткі?

– Летась у конкурснай частцы фэсту Басовішча прыняло ўдзел усяго 5 гуртоў, бо адборам займалася прафесійнае журы, якое вырашыла, што толькі пяць гуртоў годныя прыняць удзел у конкурсе.

Сёлета мы імкнемся да таго, каб выступіла як мага больш гуртоў, бо хочам заахвоціць большую колькасць гуртоў спяваць па-беларуску таму, што конкурсная частка фестывалю традыцыйна выключна беларускамоўная.

Набор удзельнікаў конкурснай часткі фэсту будзе адбывацца праз інтэрнэт. Акрамя конкурснай часткі традыцыйна пройдзе таксама і вольная сцэна. Для ўдзельнікаў вольнай сцэны няма ніякіх абмежаванняў ні ў мове, ні ў музычным кірунку. Набор на вольную сцэну ужо пачаўся ў лютым, і ужо пададзеныя заяўкі каля 30 гуртоў.

З прычыны абмежавання па часе на вольнай сцэне зайграе не больш за 10 гуртоў, таму перад намі яшчэ вялікая праца, трэба адслухаць і выбраць лепшых, якія і будуць запрошаныя на фэст Басовішча-2011. На сайце фэсту бліжэйшым часам павінна з’явіцца інфармацыя для тых, хто жадае прыняць удзел у конкурснай частцы, таму запрашаем на нашу інтэрнэт-старонку, там знойдзеце ўсю інфармацыю наконт сёлетняга фэсту.

Паводле: http://racyja.com/

dzedzich

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago