Грамадства

Мітынг на “Варшаўскім масце”(ФОТА)

На памежным пераходзе Варшаўскі мост жыхары Берасця правялі стыхійны мітынг. Гараджане выказалі сваё абурэнне ў сувязі з загадам кіраўніка краіны аб забароне вывазу з Беларусі шэрагу тавараў.

Каля пемажнага пераходу Варшаўскі мост сабраліся 70 чалавек. Памежны пераход не быў перакрыты, што звязана з адсутнасцю арганізатараў. Людзі патрабавалі, каб да іх прыехаў губернатар Канстанцін Сумар. Але прысутныя на мітынгу чыноўнікі мытні і памежнікі з супрацоўнікамі МУС сказалі, што пытанне аб мяжы па-за юрысдыкцыяй губернатара, кажа жыхар Берасця Андрэй Дземчук:

Да людзей выйшлі супрацоўнікі МУС, пагранічнікі і мытнікі. Начальнік мытні прапанаваў гараджанам пісаць скаргі. Але людзі настойвалі на тым, каб да іх прыехаў губернатар Канстанцін Сумар. На гэта міліцыянты адказалі, што пастанова прынята Саўмінам і Сумар не мае да гэтага ніякага дачынення. Людзі выказалі сваё абурэнне і разышліся. Хаця я не выключаю, што магчыма будзе яшчэ нейкая акцыя.

З мітынгоўцамі ў асноўным размаўляў кіраўнік пагранічнага пераходу, але ад адказаў на канкрэтныя пытанні ён ўхіляўся. Гараджане ж патрабавалі адмены ўведзеных ўрадам краіны абмежаванняў на вываз за мяжу аўтамабільнага паліва, прадуктаў харчавання, цыгарэт беларускай вытворчасіці. Гаворыць жыхар Берасця Алесь Змагар:

Выйшаў да нас кіраўнік Берасцейскай мытні. Але ён ухіляўся ад адказаў на прамыя пытанні. Адказы былі ў асноўным пустыя і нічога не значылі. Людзі, падавалася, дасягнулі піку цярпення, з-за такой прапаганды”.

Чыноўнікі мытні і пагранічнікі пераконвалі людзей, што праз некаторы час сітуацыя павінна змяніцца, распавядае пра сустрэчу на памежным пераходзе жыхар Берасця Андрэй Дземчук:

Было сказана, што магчыма праз некалькі тыдняў сітуацыя выправіцца. Верагодна, што вынікам сустрэчы стане хаця б некаторая палёгка уведзеных мер. У нашай краіне пакуль народ нічога не кажа, сітуацыя не зменіцца. Многія не згодны з тым, што чыноўнікі прымаюць рашэнне, народ праглынуў і так далей будзе.

Меркавалася, што мітынг будзе падобны на той, што адбыўся на пераходзе Кузніца Беластоцкая-Брузгі. Але, як кажа каардынатар “Руху За свабоду” у Берасці Дзяніс Турчыняк, не было арганізатараў:

Людзей не так і шмат было, каля 50-70 сабралося. Шмат міліцыянтаў. Нават аўтазак прывезлі, які быў схаваны ў кустах. Акрамя міліцыі шмат супрацоўнікаў КДБ. Няма арганізатараў, людзі па-просту стаяць, размаўляць паміж сабой.

У Беларусі дзейнічае абмежаванні на вываз за мяжу аўтамабільнага паліва, цыгарэт беларускай вытворчасці, свініны, птушынага мяса, цукру, мукі, мясных і малочных кансэрваў, крупаў і макаронных вырабаў.

Таксама фізічным асобам забаронена вывозіць лядоўні, газавыя пліты, цэмент, пральныя парашкі беларускай вытворчасці.

Паводле: Радыё Рацыя

Фота:  virtual.brest.by


 

Пакінуць адказ