Другі дзень стаў музыкальным. Пачаўся ён з песень падчас працы, пасля валанцеры зымправізавалі музыкальна-танцавальную паузу ў рок стылі. Нават знайшліся адпаведныя строі: адзін – іконы стыля Боба Дзілана і другі – антыгероя дня Грыгорыя Лепса.
А ўвечары забаўляць працуючых на лецішчы прыехаў прафесійны выканаўца – Алесь Камоцкі. Канцэрт спевака стаў сапраўднай падзеяй для вескі Залессе – на летнік завіталі мясцовыя жыхары.
А пасля імпрэзы многія валанцеры з’ехалі дадому. І сталася так, што ў складзе гэтых многіх аказаліся ўсе мужчыны. Дзяўчыны засталіся сам-насам у вялікім недабудаваным доме ноччу. Тут чытач, напэўна, прадчувае апісанні жахлівых трылераў.
Але усё было нашмат празаічней. Пасля беззмястоўных жаночых гутарак каля вогнішча, калі мы абмылі костачкі ўсім нашым хлопцам, нам нічога не засталося, як ісці класціся спаць. Надвор’е і ў гэты дзень нас не асабліва радавала, таму ў сырыя наметы лезці не хацелася. Вырашылі раскладваць спальнікі у хаце – на старых канапах, што засталіся ад былых гаспадароў.
Нарэшце ўлягліся спаць. Але ніхто доўга не адважваўся выключыць святло, здавалася, што ад страху мы ніколі не заснем. Я набралася мужнасці, націснула на выключальнік і няпэўным крокам дайшла да ложка. Але ледзь мая галава датыкнулася да мяккага спальніка, як я адразу адрубілася.
Раніцай спрабавала даведацца, ці адбываліся ноччу нейкія жахі. Але дзяўчынкі прызналіся, што таксама праспалі ўсю ноч і нічога не чулі і не бачылі.
А з пачаткам новага дня нас чакалі новыя цяжкасці. Каб выпіць танізуючай гарбаткі з печывам, трэба было распаліць вогнішча. Чым мы і займаліся гадзіны дзве, пакуль сусед дзед Генадзь не прынес нам сухіх дроў. Пасля сняданку памылі посуд і высветлілася, што без хлопцаў нам цяжка знайсці сабе забавы. Таму чакаем…
Альбіна Трус
З.Ы. З-за кепскай сувязі фоткі выкладзем пазней.
))) даааа…без хлопцаў цяжка
Прывiтанне ад Вiталя, прыеду у сераду з ранку,не прагонiце?))
Прыязджай, канешне!!! 🙂