7 жніўня адбудзецца вандроўка, прысвечаная чарговай гадавіне з дня народзінаў славутай беларускай паэткі Ларысы Геніюш.
Разам з вядомым краязнаўцам і музыкам Аляксеем Фраловым удзельнікі вандроўкі наведаюць родныя мясціны паэткі.
Па словах Валерыі Чарнаморцавай, якая дапамагае ў арганізацыі мерапрыемства, вандроўка атрымала назву “Тэра Геніюш”, і яе галоўны пункт – гэта Жлобаўцы:
– Тэра Геніюш, зямля Геніюш, зямля геніяў – наша такая глыбінная мэта даведацца адкуль пайшоў геній нашай славутай паэткі. Мы планавалі гэты маршрут зыходзячы з таго, што мы бы хацелі наведаць вось гэтыя мясціны, менавіта Жлобаўцы, там будуць вельмі цікавыя цэрквы, касцёлы, прычым мы выбіралі менавіта такія цэрквы і касцёлы, каб гэта былі архітэктурныя адметнасці, якія маглі б папасць пад назву “Тэра Геніюш”.
Удзельнікі вандроўкі таксама наведаюць Война, Зэльву, Пескі, Луна, Гудзевічы ды іншыя мясцовасці. Завершыцца вандроўка ў Воўпе. Таксама ў Жлобаўцах плануецца невялікі канцэрт з удзелам барда Андрэя Мельнікава.
Ахвотныя прыняць удзел у вандроўцы могуць звяртацца на кантактны нумар + 375 293 072 713.
“- Скажы, скуль ты, хлопча?
– З зямлi беларускай –
стуль, дзе льецца Нёман
мiгатлiвай стужкай.
Дзе лугi буйныя,
ураджайны землi,
дзе старыя вербы
ля гасьцiнцаў дрэмлюць.
Дзе лясы як ў казцы –
ўсё з дубоў адвечных;
дзе ў нетры пушчаў
глянуць небясьпечна.
Я з краiны слаўнай,
з гарадоў прыгожых,
што ня зналi колiсь
цьмы чужой, варожай.
Родны сьцяг наш горда
уздымаўся ў гору
ад балтыйскiх хваляў
аж па Чорна Мора!
У маiм краi казкi,
сiвыя курганы;
там зрадзiлась песьня
вешчага Баяна.
Выпiлi вякi ўжо,
на’т зь Нямiгi воду –
славу нашых продкаў
засланiла воддаль.
Але, ўсё-ж, я горды
нашых сэрцаў сiлай –
мы падымем славу
з курганоў-магiлаў.
Бо мы хочам волi
горача i цьвёрда,
бо мы хочам славы
для Пагонi гордай!”
Ларыса Геніюш