Categories: Культура

У вёсцы Бабцы знойдзены каменныя крыжы

У вёсцы Бабцы пад Бягомлем на вясковых могілках, якія месцяцца літаральна каля самай трасы Менск-Полацак аматары гісторыі знайшлі 26 каменных крыжоў – вышынёй ад 30 сантыметраў да 2 метраў над зямлёю.
Пра знаходку распавёў Андрэй Дыбоўскі – стваральнік сайту “Глобус Беларусі” – самай поўнай энцыклапедыі беларускай архітэктуры:

Знаходка ўнікальная тым, што каменных крыжоў па ўсёй Беларусі вядома ўсяго некалькі дзесяткаў, знаходка ў Бабцах павялічвае гэтую колькасць амаль на палову.

Не хачу асабліва цягнуць на сябе коўдру, што гэта я здзейсніў такое адкрыццё. Часам я ў інтэрнэт пошуку ўводжу па-беларуску ключавыя словы кшталту “капліца”, “млын” ці “свіран”. Каменныя крыжы таксама перыядычна шукаю. Бо ў даведніках ёсць толькі самыя вядомыя – як у Тураве ці менскім Музеі Валуноў. А па краіне хапае цікавай інфармацыі, пра якія ведаюць толькі мясцовыя краязнаўцы ці выпадкова натрапіўшыя падарожнікі.

Гэтым разам мне пашчасціла – знайшоў некалькі здымкаў невядомых мне раней крыжоў. Асабліва зацікавіла, што чалавек пісаў, што крыжоў там шмат і займаюць яны даволі вялікую плошчу. Пры першай жа нагодзе я выправіўся туды. Першым разам удалося знайсці ажно 21 крыж – і гэта неверагодна для Беларусі! Другі раз адшукаў яшчэ 5 – разам выйшла 26. Магчыма, і гэта не край.

Да якога часу яны адносяцца?

Крыж – хрысціянскі сімвал. Ведаючы, калі на гэтыя землі прыйшло хрысціянства, можна пачынаць будаваць версіі. Адначасова, ведаючы як неахвотна мясцовыя паганцы прымалі новую веру – у Менску капішча было да пачатку ХХ стагоддзя – можна дапусціць, што каменным крыжам ня так і шмат – можа, 200, можа крыху больш гадоў. Але ёсць вельмі цікавая рэч, якая здольная “састарыць” гэтыя аб’екты на шмат стагоддзяў.

Напрыклад, у Камаях пры касцёле стаіць каменны крыж. А на ім – знак у выглядзе перакуленага трохкутніка. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што раней гэта быў паганскі ідал, якому людзі пакланяліся шмат стагоддзяў. А потым прапаведнікі новай рэлігіі вынайшлі хітры спосаб перавучыць людзей. Яны ўзялі – і высеклі з гэтага ідала крыж. Людзі па інэрцыі далей пакланяліся свайму ідалу, але цяпер ён выглядаў у форме крыжа. Згадзіцеся, арыгінальны спосаб навяртання ў сваю веру!..

А на крыжах у Бабцах ёсць нейкія дадатковыя знакі?

Прынамсі на некалькіх я такія знакі знайшоў. Я праграміст з адукацыі, у такіх рэчах ня дужа разбіраюся. Таму дэталёва сфатаграфаваў іх і выкладу здымкі ў інтэрнэт. Калі знойдзецца адмысловец, які зможа расшыфраваць гэтыя знакі – магчыма, удасца датаваць крыжы больш дакладна.

А потым, калі беларусы больш-менш прымірыліся з хрысціянствам – чаму каменныя крыжы дайшлі да нас у такой малой колькасці, чаму іх не сотні?

Па-першае, колькі іх насамрэч, мы ня ведаем. Магчыма, нас чакаюць наперадзе вялікія адкрыцці. У той жа час, кожны раз, калі я бачу такі двухметровы крыж – і ўяўляю, колькі часу трэба, каб яго вырабіць… Думаецца тады, што паставіць звычайны камень, пашліфаваўшы яго з аднаго боку, канешне, было значна прасцей.

З вядомых вам крыжоў якія ўразілі найбольш?

Канешне, гэта найперш Бабцы, пры якія мы з вамі гаворым. 26 крыжоў такога рознага памеру – ад 30 да 196 сантыметраў – гэта ня можа не ўразіць! Згаданы крыж у Камаях таксама западае ў душу. Асабліва ў сукупнасці з самім касцёлам 1601 году. Гэта касцёл абарончага тыпу, мае вежы з байніцамі. Свой клас абароназдольнасці касцёл пацвярджаў неаднойчы. І цяпер у сценах касцёла можна заўважыць каменныя ядры, якія пакінулі тут шведскія гарматы 300 гадоў таму. Ядры не выдалялі – і выглядаюць яны як баявыя ордэны!..

З іншых крыжоў надзвычай цікавыя, канешне, у Тураве. Два зь іх – у чалавечы рост – стаяць у тураўскай царкве. Яшчэ адзін – у царкве суседняй вёскі Пагост. Чацверты крыж знаходзіцца на мясцовых могілках. Ён выглядае з зямлі ўсяго на сантыметраў 30-35, але людзі сцявярджаюць, што крыж расце. Яшчэ я чуў пра гэты крыж, што ён цёплы нават узімку. А жанчыны заўсёды кладуць на яго свае ўпрыгожанні – і тыя “набіраюцца” энергіі. Паколькі я праграміст, не бяруся ацэньваць гэтыя расповеды – проста пераказваю іх вам.

Пра гэтыя крыжы, здаецца, ёсць цікавая легенда?

Так, яе распавядаюць усім турыстам і паломнікам. Нібыта гэтыя крыжы прыплылі з Кіева па Дняпру супраць цячэння. І напачатку іх было ці то 10, ці то 12. Іх усталявалі на беразе ракі ў месцы, дзе крыжы прысталі да берага. За савецкім часам ваяўнічыя атэісты нібыта выкінулі крыжы абратна ў раку. Аднак 4 крыжы выплылі назад. Людзі іх схавалі – і вось сёння мы можам іх пабачыць.

Як вы лічыце, знойдзеныя ў Бабцах крыжы будуць цікавыя толькі адмыслоўцам ці звычайным турыстам таксама?

Калі я гляджу, колькі людзей едзе ў Тураў паглядзець на тыя 4 крыжы – то магу смела свярджаць, што гэтыя крыжы выклічуць ня меншую цікаўнасць!.. Тым больш, што ў Тураве й Пагосце яны ўсё такі стаяць у царкве (тры з чатырох) – а тут яны стаяць, скажам так, у натуральных умовах – на могілках, ды яшчэ і ў лесе. Тое, што могілкі знаходзяцца каля самай трасы Менск-Полацак – таксама, я лічу павінна спрыяць цікаўнасці турыстаў да гэтых унікальных крыжоў.

Першыя цікаўныя ўжо знайшліся. Ды якія! Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін якраз гэтай дарогаю ездзіць у родныя Вушачы. Накіроўваючыся на малую радзіму, дзядзька Рыгор заехаў у Бабцы, калі даведаўся, што тут ёсць такія ўнікальныя крыжы. Праз некалькі дзён народны паэт адгукнуўся на ўбачанае вершам:

У лесе, у зялёнай імжы
Затоеныя вякамі
Каменныя стынуць крыжы
З адсечанымі рукамі.
Калі багоў даўніны
Расьцілі –
Адцялі рукі,
І сталі крыжамі яны,
Сакральныя помнікі-рухі.
Тут часу зацішна яшчэ.
Зьбіраюцца здані з адхонаў.
І камень сьцюдзёна пячэ
Сузор’е паганскіх пісьмёнаў.
Паводле: radyjo.net/4 

 

dzedzich

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

4 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

2 тыдні ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

3 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

3 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago