Рух “За Свабоду” запрашае ўсіх творчых людзей паўдзельнічаць у конкурсе на лепшы лагатып для заснаванай арганізацыяй сеткі Еўрапейскіх клубаў.
У шэрагу беларускіх гарадоў распачалі дзейнасць Еўрапейскія клубы, каб прапагандаваць еўрапейскую інтэграцыю і папросту раскрываць беларусам Еўрапейскі Саюз.
Мэты Еўрапейскіх клубаў:
- Папулярызацыя ідэяў еўрапейскай інтэграцыі Беларусі, уводзіны беларусаў у еўрапейскі кантэкст;
- Стварэнне дыскусійных пляцовак для абмеркавання прапановаў па паляпшэнні сітуацыі ў Беларусі праз набліжэнне да еўрапейскіх стандартаў;
- Звяртанне ўвагі беларусаў на інавацыйныя ідэі ў жыцці еўрапейцаў, папулярызацыя дзейнасці грамадскіх арганізацый і ініцыятываў.
На дадзены момант Еўрапейскім клубам патрэбны лагатып. Таму мы звяртаемся да ўсіх, хто здольны маляваць і нараджаць цікавыя ідэі, паспрабаваць стварыць яго.
Асноўныя патрабаванні да лагатыпа:
- Працы могуць быць выкананыя ў адвольнай тэхніцы і колеравай гаме, з магчымасцю іх наступнай мадыфікацыі, напрыклад, у пячатку ці элемент бланка.
- Выявы лагатыпаў прымаюцца ў электронным выглядзе ў фармаце cdr (CorelDRAW), jpg, а таксама ў выглядзе адсканаваных малюнкаў з іх абавязковым апісаннем.
- Файлы з лагатыпамі не павінны перавышаць 5 Мб. Малюнак лагатыпа ў фармаце *.jpg мусіць мець памер, які дазваляе паўнавартасна ацаніць яго якасці (рэкамендаваны памер 1000-1600 пікселаў па большым баку).
- Лагатып будзе выкарыстоўвацца Еўраклубамі розных гарадоў, таму на выяве павінна быць месца для размяшчэння назвы горада.
- Лагатып мусіць быць простым і лёгка пазнавальным.
Лагатып можа ўтрымліваць назву “Еўраклуб” або “Еўрапейскі клуб”. Колькасць работ ад аднаго ўдзельніка неабмежаваная. Працы дасылайце, калі ласка, на электронную скрыню [email protected]. У лісце пазначайце свае імя і прозвішча, кантакты: e-mail, тэлефон. Лісты прымаюцца да 10 кастрычніка 2011 г.
Аўтары найлепшых работ будуць адзначаныя прызамі. Пераможцу чакае грашовая ўзнагарода.
Арганізатары конкурса пакідаюць за сабой права далейшай публікацыі і размяшчэння конкурсных прац у сетцы інтэрнет у межах асветніцкай і іншай дзейнасці з пазначэннем імя аўтара.