У рамках руху Еўрапейскіх клубаў у беларускай моладзі з’явіліся магчымасці атрымаць інфармацыю пра ЕЗ, усе бакі жыцця і адукацыі ў еўрапейскіх краінах.
«Самае галоўнае, што сёння можа даць Еўропа моладзі, – гэта адукацыя», – упэўненая кіраўніца мінскага Еўрапейскага клуба Наталля Мотуз, якая выступала на яго паседжанні. Мінскі Еўрапейскі клуб распачаў сваю працу менавіта з сустрэчы, прысвечанай адукацыі ў Еўропе, і адкрыцця Еўрапейскай бібліятэкі на пачатку новага навучальнага года.
Еўрапейскія клубы – гэта не чарговае вынаходніцтва беларускай грамадзянскай супольнасці, а перайманне добрых традыцыяў нашых заходніх суседзяў, такіх як Польшча або Славакія, што ўжо далучыліся да Еўразвязу. Але перад далучэннем у гэтых краінах існавала шчыльная сетка такіх клубаў, якія распаўсюджвалі інфармацыю пра ЕЗ, падтрымлівалі кантакты адно з адным і такім чынам паволі распаўсюджвалі ідэю аб’яднанай Еўропы сярод насельніцтва, асабліва моладзі.
Такую сетку клубаў было вырашана зрабіць на базе руху «За свабоду», які ўжо меў досвед правядзення Еўрапейскіх ўікэндаў, што дагэтуль ладзіліся цягам некалькі гадоў у Мінску. Але дзейнасць Еўрапейскіх клубаў не абмежаваная толькі сталіцай. Свае клубы ёсць ува ўсіх абласных цэнтрах, а ў гэтых клубаў – развітыя інфармацыйныя парталы.
У Віцебску, дарэчы, Еўраклуб існаваў раней і цяпер проста далучыўся да агульнай сеткі. Кіраўнікі клубаў хутка плануюць адукацыйны візіт у польскі Вроцлаў, каб павучыцца ў польскіх калег, як пашыраць і паляпшаць сваю працу і самі Еўраклубы. Адным з апошніх штрыхоў у стварэнні клубаў сталася іх графічнае аздабленне. У выніку спаборніцтва прыкладна дваццаці маладых мастакоў і дызайнераў напрыканцы кастрычніка быў абраны лагатып Еўраклуба.
На спатканні могуць прыходзіць усе зацікаўленыя. Інфармацыю пра будучыя сустрэчы і семінары арганізатары распаўсюджваюць праз сацыяльныя сеткі і ўласную базу звестак, якая паволі дапаўняецца новымі падпісантамі пасля кожнага спаткання. Паводле і Наталлі Мотуз, і Юрыя Меляшкевіча, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення руху «За свабоду», які актыўна дапамагае клубу, на спатканні звычайна прыходзіць каля дваццаці чалавек, але склад ўдзельнікаў значна мяняецца ў залежнасці ад тэмы сустрэчы, і на кожнай з іх ёсць новыя для арганізатараў асобы.
Мэтавая аўдыторыя Еўраклубаў – моладзь. Можа, таму першая мінская сустрэча, прысвечаная адукацыі, была адной з самых папулярных. Неўзабаве арганізатары вырашылі, што трэба далей пашыраць адукацыйную тэматыку па асобных краінах, дапаўняць агульную даведачную інфармацыю практычнымі парадамі па складанні матывацыйных лістоў і перакладзе адзнак, а таксама асабістым досведам былых студэнтаў, якія атрымлівалі адукацыю ў краінах Еўразвязу. Наталля распавяла, што зацікаўленасць у такіх ведах ёсць, але маладзёны часта не ведаюць, дзе шукаць інфармацыю, якія існуюць адукацыйныя парталы, як атрымаць стыпендыю або іншае фінансаванне на вучобу ды стажыроўку.
Часткова запоўніць гэтую інфармацыйную пустку пакліканая таксама еўрапейская бібліятэка, што дзейнічае пры клубе. Кожны можа прыйсці і ўзяць дахаты адну або некалькі з прыкладна дзвюх соцень кніжак.
Апроч кніг і часопісаў, бібліятэка ўключае лічбавыя носьбіты інфармацыі, а таксама даведнікі, у тым ліку турыстычныя. Канчатковая мэта праекту – стаць паўнавартаснай часткай фонду буйной бібліятэкі, каб больш чытачоў змаглі атрымаць доступ да інфармацыі як пра Еўразвяз, так і пра яго стасункі з нашай краінай. З пачатку лістапада ўжо даступны электронны тэматычны каталог бібліятэкі, і, калі трэба, можна загадзя замовіць патрэбную кнігу.
У мінскім Еўраклубе, апроч адукацыйнай, таксама прайшлі іншыя тэматычныя сустрэчы, прысвечаныя спорту, у прыватнасці альпінізму, і культуры пратэстаў. На гэтых сустрэчах праводзіліся параўнанні паміж Беларуссю і ЕЗ, удзельнікі дзяліліся назіраннямі, здабытымі на радзіме і за мяжой, а таксама абмяркоўвалі, як можна дастасаваць еўрапейскі досвед да беларускай рэчаіснасці.
Юрась Меляшкевіч распавёў, што бліжэйшыя сустрэчы клуба будуць прысвечаныя месцу беларускай мовы ў Еўропе і праваслаўю ў Еўразвязе.
На першую сустрэчу запросяць іншаземцаў, якія з уласнага жадання або з неабходнасці вывучылі беларускую мову. Удзельнікам, у тым ліку і беларускім экспертам з Таварыства беларускай мовы, прапануецца паразважаць, што трэба рабіць беларусам, каб абудзіць цікавасць да мовы не толькі сярод саміх беларусаў, але і сярод еўрапейцаў, якое месца беларускай мовы ў еўрапейскай моўнай сям’і.
На іншую сустрэчу, прысвечаную праваслаўю ў Еўразвязе, завітаюць госці з Францыі – нашчадкі колішніх імігрантаў з Расіі. Яны распавядуць, як дзейнічаюць праваслаўныя суполкі, цэрквы і парафіі ў Францыі, і чаму праваслаўе не цярпіць ад суіснавання з каталіцкай большасцю. Гэтаксама будуць падрыхтаваныя даклады пра Балгарыю і Грэцыю, дзе праваслаўная рэлігія не перашкодзіла і не знікла ў выніку інтэграцыі з ЕЗ. Юрась Меляшкевіч лічыць, што гэтая тэма асабліва важная для Беларусі, бо беларускія праваслаўныя вернікі могуць меркаваць, што праваслаўе і ЕЗ несумяшчальныя і таму яны страцяць у выніку інтэграцыі з аб’яднанай Еўропай.
Планы на будучыню – пашырэнне актыўнасці
У бліжэйшы час мінскі Еўраклуб таксама плануе новыя сустрэчы наконт адукацыйных магчымасцяў ужо ў асобных краінах ЕЗ. Але пад адукацыяй арганізатары Еўраклуба разумеюць не толькі фармальныя інстытуты, але і распаўсюджванне ведаў пра Еўропу з розных бакоў.
У далейшых планах арганізатараў яшчэ і выданне бюлетэня, стварэнне асобнай інтэрнэт-старонкі, а таксама афіцыйная рэгістрацыя як асобнай арганізацыі. Але пакуль што, бадай, галоўная задача – распаўсюджванне інфармацыі як пра саму арганізацыю, так і пра тэматычныя сустрэчы, а таксама пра еўрапейскую бібліятэку. І, безумоўна, дастасаванне дзейнасці Еўраклубаў да патрэбаў іх удзельнікаў. Падаецца, што найгалоўнейшы вынік працы – павелічэнне кола ўдзельнікаў клубаў і пашырэнне іх дзейнасці па ўсёй краіне, у тым ліку па раённых цэнтрах. Наколькі гэта магчыма, пакажа час, але, можа, такі досвед суседніх краінаў ЕЗ будзе плённы і ў Беларусі.
Паводле n-europe.eu