Пра навучанне ў «залатой клетцы» распавядае выпускнік Коледжу Еўропы Аляксандр Папко.
Я скончыў факультэт паліталогіі і ведаў, што мая адукацыя адчыняе пэўныя дзверы, але гэта толькі базіс. Паліталогія – гэта адукацыя, я не прафесія, таму трэба заўсёды пасля заканчэння універсітэта шукаць нешта больш канкрэтнае і спецыялізаванае. Я выбраў Коледж Еўропы, бо мне хацелася больш даведацца пра еўрапейскія інстытуцыі – як яны функцыянуюць, як яны могуць узаемадзейнічаць з краінамі Усходняй Еўропы, з Беларуссю. Мне хацелася стаць спецыялістам у больш канкрэтнай галіне.
Чым адметная ўстанова, дзе ты навучаўся, і каго там рыхтуюць?
Коледж Еўропы – гэта вельмі спецыфічная установа, якая мае два кампусы. Адзін знаходзіцца у Натоліне (раён Варшавы), а другі ў Бруге ў Бельгіі. У Натолін прымаюць людзей з рознай адукацыяй. Туды можа паступаць і гісторык, і лінгвіст, і інжынер, і біёлаг. Дысцыпліны, якія там выкладаюцца, сумежныя, яны перасякаюцца. Я, напрыклад, навучаўся на спецыялізацыі “Еўразвяз як рэгіянальны актор”. Мы вывучалі знешнюю палітыку Еўразвяза, інстытуцыі, эканоміку, але большы акцэнт быў на стасункі з краінамі Усходняй Еўропы і балканскімі краінамі. У Бруге спецыялізацыя больш канкрэтная: як знешняя палітыка Еўразвязу, функцыянаванне адзінага рынку. Туды прымаюць па большай частцы юрыстаў, эканамістаў, выпускнікоў факультэту міжнародных адносінаў. Лінгвіст альбо інжынер мае мала шансаў паступіць у Бруге, затое у Натоліне патрэбныя людзі з іншым бэкграундам і досведам, людзі якія шырэй глядзяць на працэсы, якія адбываюцца у свеце, якія могуць прынесці свой практычны досвед. Такія рэчы як дыпламатыя, як еўрапейскія справы, патрабуюць не толькі сухіх юрыстаў.
Якія прадметы табе больш за ўсё падабаліся?
Мне найбольш спадабаліся курсы “Замежныя стасункі Еўразвязу”, “Палітыкі і інстытуцыі Еўразвязу”, “На шляху да еўрапейскай энергетычнай палітыкі”, “Стасункі Еўропы і Расеі”, “Рэгуляцыйныя рэформы і бізнэс-клімат”.
Дзе б ты хацеў працаваць? Ці ты паступаў у КЕ для сябе ці для кар’еры?
Беларусам зрабіць кар’еру ў еўрапейскіх установах вельмі цяжка, бо мы не з’яўляемся грамадзянамі Еўразвязу і не можам удзельнічаць у конкурсах на чыноўніцкія пасады ў еўрапейскіх установах. Але мы можам, напрыклад, працаваць у кансалтынгавых агенцтвах, міжнародных фірмах, недзяржаўных арганізацыях альбо ў інстытуцыях, звязаных з ЕЗ, на сваёй Бацькаўшчыне.
Я зараз зразумеў, што, хутчэй за ўсё, паступаў туды для сябе, бо кар’еру зрабіць не так лёгка і мне асабіста больш падабаецца быць даследчыкам, чым чыноўнікам. Я б хацеў працаваць (і зараз ужо супрацоўнічаю) з даследчымі установамі, якія займаюцца еўрапейскай тэматыкай. Гэта не зусім тое, чаму нас вучылі, але перадусім мне гэта вельмі цікава, бо у мяне на першым месцы стаяць не грошы ці нейкая бюракратычная кар’ера, а ўсё ж такі цікавая праца, якая б развівала мяне і была карыснай для іншых.
Ці веды ды дыплом Коледжу могуць дапамагчы табе уладкавацца на працу?
Дыплом, канечне, дапаможа, бо гэта вельмі прэстыжная навучальная установа. Аднак дапаможа не толькі дыплом, але і сувязі ды знаёмствы, якія я набыў. Усе выпускнікі Коледжу Еўропы раней ці пазней трапляюць у Брусель на стажыроўку альбо на працу. Некаторыя застаюцца, іншыя з’язджаюць, але праз Брусель праходзяць усе. Зараз я тут на практыцы і сустрэўся з многімі маімі аднагрупнікамі. Колькасць выпускнікоў, якія працуюць у еўрапейскіх інстытуцыях, а таксама ў такіх прыватных установах, як лобінгавыя альбо кансалтынгавыя агенцтвы, неверагодна вялікая. Хачу падкрэсліць, што каледж не дае адразу залатых гораў, але гэта вялікі штуршок для росту пазней. Звычайна ўсе пачынаюць кар’еру ў інстытуцыях з цікавымі назвамі, але з не зусім цікавымі заробкамі і абавязкамі, але гэта праблема усіх маладых выпускнікоў ВНУ.
Чаму Еўрапейскі Коледж у Натоліне часам называюць “залатой клеткай” і ці было ў цябе такое уражанне?
Уражанне такое было. Сто чалавек жывуць і навучаюцца ў кампусе пры былым палацы сярод вялікага парку на самай апошняй станцыі метро ў Варшаве. Месца даволі ізаляванае ды ціхае, таму студэнты ўвесь час знаходзяцца на невялікай замкнёнай тэрыторыі. Пачуццё прыватнасці вельмі абмежаванае – усе ведаюць, чым ты займаешся і хто ты такі. Я б гэта параўнаў хутчэй з падводнай лодкай, з якой ты не можаш уцячы і ўвесь час бачыш адных і тых жа людзей. Да таго ж, амаль усе студэнты – замежнікі, яны не могуць кантактаваць са сваімі суайчыннікамі, іх кола паўсядзённых адносінаў абмежавана калегамі па каледжы.
Чаму клетка залатая? Таму што ў Коледжы створаныя вельмі камфортныя умовы для жыцця. Там выдатная бясплатная сталоўка. Павары кожны раз стараюцца прыгатаваць для студэнтаў штосьці новае, каб яны не чулі сябе адарванымі ад роднай кухні, ад дому. Адміністрацыя Коледжу арганізоўвае вельмі шмат розных імпрэз і канферэнцый, культурных вечарын, каб зрабіць жыццё людзей больш разнастайным, бо на самой справе з-за замкнёнасці атмасфера там вельмі стрэсагенная. Да таго ж, вучоба ў Каледжы сапраўды вельмі інтэнсіўная. Я прайшоў шмат універсітэтаў, але гэты быў для мяне самы цяжкі. Але зараз, знаходзячыся у Бруселі, я разумею наколькі гэта было важна. Праца ў міжнародных установах сама па сабе вымагае стрэсаўстойлівых спецыялістаў. Я тут часта адчуваю сябе таксама, як у каледжы – размаўляеш увесь час на замежных мовах, стараешся знайсці падыход да людзей, якія маюць іншую культуру працы, кантактаў і зносін. Калі ты патрабуеш некага паслаблення ў працы, твой шэф-італьянец можа гэта зразумець зусім не так, як твой шэф-немец. Напрыклад, праца пасля заканчэння афіцыйнага працоўнага дня ўспрымаецца зусім па рознаму людзьмі розных нацыянальнасцяў. Да гэтага трэба быць гатовым. Трэба быць ветлівым з усімі, асцярожным да сябе, сачыць, як ты сябе паводзіш і што ты кажаш. І гэта таксама часам можа быць прычынай стрэсу. Ён прысутнічаў у каледжы, ён прысутнічае тут – ад гэтага не пазбавішся, бо так працуе Еўропа і еўрапейскія інстытуцыі.
Якія галоўныя крытэрыі, па якіх адбіраюць новых студэнтаў?
Галоўных крытэрыяў, насамрэч, я не ведаю. Гэта трэба пытацца ў адміністрацыі. Наколькі мне падаецца, асноўныя крытэрыі – гэта матывацыя, дыплом ды веданне дзвюх замежных моваў. Навучэнцам каледжу можа стаць і лінгвіст, і лекар, толькі яны павінныя паказаць, чаму яны насамрэч хочуць вучыцца у каледжы і што яны хочаць рабіць пасля яго. Наўрад ці абяруць чалавека, які вырашыў туды паступаць, бо не ведаў, што з сабой зрабіць. Валоданне замежнымі мовамі – таксама вельмі важны крытэрый, паколькі не так шмат людзей, асабліва ў Беларусі, ведаюць добра ангельскую і французскую мову. Без гэтага вучыцца амаль што немагчыма, бо экзамены трэба здаваць і на французскай, і на ангельскай мове.
Якія фінансавыя умовы удзелу у праграме?
Кошт навучання ў Еўрапейскім каледжы складае каля 19.000 еўра. Зразумела, што такіх грошай ні ў каго няма, таму беларусы, якія туды трапляюць, атрымліваюць фінансаванне з боку Еўрапейскай Камісіі. У “добрыя” гады студэнты каледжу атрымліваюць нават кішэнныя грошы.
Каму б ты параіў паступаць у Коледж?
Тым, хто сапраўды вельмі цікавіцца еўрапейскімі ўстановамі і хацеў бы там працаваць альбо напрацоўваць кантакты з Еўропай. У Беларусі настолькі цяжкія адносіны з ЕЗ, што для беларуса знайсці працу, звязаную з ЕЗ, вельмі цяжка. Але я хацеў бы падкрэсліць, што коледж дае вельмі класныя веды, сувязі і добрую падрыхтоўку для працы ў любой міжнароднай установе. Можна пасля яго працаваць і на Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, і на міжнародныя фінансавыя установы, і на транснацыянальныя карпарацыі. Кожны, хто хоча стаць “інтэрнацыянальным” чалавекам, калі ласка, паступайце! Але трэба быць гатовым да вельмі цяжкай вучобы і да таго, каб сур’ёзна шукаць сабе працу пасля выпуску, бо мажлівасцяў насамрэч вельмі шмат. Якая гэта будзе праца, цікавая ці не, і наколькі добра будзе аплачвацца – залежыць ад амбіцыяў і прыкладзеных высілкаў.
Матэрыял для www.adukacyja.info падрыхтавала Таццяна Канаш.