Адукацыя

Што згубілі рэктары беларускіх ВНУ з-за візавых санкцый?

Санкцыі супраць беларускіх рэктараў былі ўведзеныя Еўразвязам упершыню 21 лютага 2011 года. Сярод гэтых рэктараў, як вядома, і рэктар аднаго з берасцейскіх універсітэтаў М. Часноўскі.

Агулам сярод 231 асобы, што цяпер маюць статус неўязных у ЭЗ, толькі сем чалавек унесеныя ў «чорныя спісы» за адлічэнні беларускіх студэнтаў. Іх шэнгенскія візы ануляваныя, а рахункі ў еўрапейскіх банках заблакаваныя. Але гэта не галоўныя страты, што панеслі кіраўнікі ВНУ і беларуская адукацыя агулам праз увядзенне візавых санкцый.

1. Балонскі працэс

У студзені 2012 Балонская працоўная група рэкамендавала адмовіць Беларусі ў яе заяўцы на далучэнне да Балонскага працэсу. Беларусь імкнецца далучыцца да працэсу найперш дзеля падвышэння прэстыжу ўласнай сістэмы адукацыі ў вачах замежных студэнтаў. Апошнія шанцы ўсё ж такі папасці ў Балонскую сістэму раставалі на вачах у тым ліку і дзякуючы пастаянным напамінам еўрапейскім чыноўнікам аб існаванні ў Беларусі практыкі выкідання студэнтаў з ВНУ за палітычную пазіцыю. Менавіта за датычнасць да адлічэння студэнтаў «пасля 19 снежня [2010 году] або пры іншых нагодах» 5 беларускіх рэктараў і трапілі ў спіс неўязных.

Такім чынам, Балонская працоўная група пастаянна звяртала ўвагу і на існаванне спісу беларускіх кіраўнікоў ВНУ, што паспелі паплаціцца за адлічэнні студэнтаў шэнгенскімі візамі. А ў выніку гэта паўстала адной з прычын немагчымасці ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс.

2. Вандроўкі па Еўропе

Між тым, рэктары з «чорнага спісу» не адразу пазбавіліся сваіх візаў, то бок магчымасці ездзіць у ЭЗ бесперашкодна.

У жніўні 2011 году праз 6 месяцаў пасля ўнясення ў «чорны спіс» Еўразвяза свайго прозвішча, рэктар БДУ Сяргей Абламейка вырашыў накіравацца ў Італію. Як паведамлялася, на канфэрэнцыю. Верагодным запрашальнікам выступіў партнёр БДУ ўнівэрсітэт Трэнта, у які Абламейка лётаў за год да гэтага дзеля падпісання дамовы аб супрацоўніцтве.

Але як толькі інфармацыя аб візіце трапіла ў СМІ, амбасада Італіі абвясціла аб ануляваньні шматразовай шэнгенскай візы, што была выдадзеная Абламейку яшчэ ў 2010. Рэктар БДУ застаўся дома.

3. Студэнтаў

У мінулым годзе прэм’ер-міністр Мясніковіч паставіў перад беларускімі рэктарамі амбітны план: павялічыць колькасьць замежных студэнтаў у Беларусі з 9 да 30 тысячаў. Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч дапрацаваў план на нечаканы лад: ён вырашыў заняцца «прапрацоўкай еўрапейскага рэгіёну, а канкрэтней — Балканаў, а таксама Індыі». Маўляй, каб не толькі студэнты з Усходу і Афрыкі, але і «еўрапейскія» ехалі ў Беларусь за ведамі і дыпломамі.

Але атрымліваецца пакуль усё інакш. Колькасць замежных студэнтаў сапраўды расце, але па-ранейшаму за кошт такіх краін, як Туркменія і Кітай. Нечакана Беларусь увайшла ў адукацыйныя трэнды ў такой далёкай ад нас, але багатай нафтай і расавымі супярэчнасцямі краіны, як Нігерыя.

4. Рэпутацыю і грошы

Усе папярэднія пункты ў выніку зводзяцца да стратаў у рэпутацыі, што ў сваю чаргу вядзе да бюджэтных паразаў: няма Балонскага працэсу і замежных студэнтаў — няма і грошай з Еўропы і ад замежных навучэнцаў.

Неслі рэктары ў мінулым годзе і іміджавыя выдаткі: мала хто захоча мець сур’ёзныя справы з людзьмі, чые прозвішчы ўнесеныя ў чорныя спісы Еўразвязу. Асоба рэктара ў спісе людзей, супраць якіх уведзеныя санкцыі — гэта параза ўсяго ўніверсітэту. Гэта, у прыватнасці, прызнае і ўнесены ў «чорны спіс» рэктар Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Мечыслаў Часноўскі:

«Калі абмяжоўваюць кіраўніка, у пэўнай ступені гэта адбіваецца на дзейнасці ўстановы».

Паводле generation.by

Фота: generation.by

Фота: generation.by

Пакінуць адказ