На галоўнай плошчы ля “нулявога” кіламетру з’явіліся кветкі і лампадкі ў памяць ахвяраў выбуху ў менскім метро, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Такім чынам жыхары Брэста ўзгадалі ахвяраў тэракту на станцыі метро “Кастрычніцкая” і выказалі сваю салідарнасць са сваякамі загінуўшых і параненых.
Разам з тым было адзначана, што гэтая трагедыя пакінула шмат пытанняў, адказы на якія не былі атрыманыя падчас суду над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым. “Нават страшна ўявіць сабе, што за гэтае злачынства маглі быць расстраляныя невінаватыя людзі, і таму колькасць ахвяраў павялічылася”, – кажа адзін з ініцыятараў акцыі памяці Ігар Маслоўскі.
Каб не прыцягваць увагу праваахоўных органаў, якія маглі не дазволіць запаліць свечкі і ушанаваць памяць загінуўшых, час і месца сустрэчы з гэтай нагоды арганізатары акцыі ў Брэсце захоўвалі ў таямніцы. Само мерапрыемства прайшло без інцыдэнта.
Крыніца: Праваабарончы цэнтр “Вясна”