Грамадства

Вернікаў у Вялікдзень прымусілі фарбаваць фасады дамоў

З нагоды прыезду высокага чыноўніка мясцовыя ўлады прынялі рашэнне добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю і нават пафарбаваць фасады бліжэйшых дамоў, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Новы скурна-венералагічны дыспансер са стацыянарам адчыніўся ў Салігорску 18 красавіка. На ўрачыстую цырымонію прыязджаў старшыня Мінаблвыканкаму Барыс Батура. З гэтай нагоды гэтае добраўпарадкаванне, зробленае было па традыцыі ў аўральным парадку і на добраахвотна-прымусовай аснове і адбылося.

Па інфармацыі салігорскіх праваабаронцаў, праваслаўных вернікаў, якія з’яўляюцца работнікамі СГУВП “ЖКГ “Комплекс”, гэткім чынам прымусілі фарбаваць дамы да прыезду чыноўніка нават у светлае свята Вялікдня ў нядзелю 15 красавіка, адно з галоўных рэлігійных святаў праваслаўных хрысціян. Свабода сумлення, а гэта і свабода веравызнання, нагадваюць праваабаронцы, павінна быць гарантавана ўсім людзям. Гэта азначае не толькі права быць вернікам або няверуючым, выбіраць або мяняць сваю веру, але таксама мець права быць выслуханым і зразуметым ў сітуацыі, калі яго сумленне не дазваляе яму выконваць абавязкі, якія супярэчаць яго рэлігійным перакананням.

Праваабаронцы выказваюць сваё неразуменне: з аднаго боку, улады ў дабраахвотна-прымусовым парадку збіраюць грошы з жыхароў гораду на будаўніцтва Хрыстараждзественскага сабору, а з іншага – прымушаюць вернікаў працаваць у велікодныя святы, калі ў гэтым няма аніякай неабходансці, звязанай з аховай грамадскай бяспекі, парадку, здароўя ці маралі.

Салігорскія праваабаронцы заклікаюць мясцовыя ўлады шанаваць правы вернікаў і правы чалавека ўвогуле.

Паводле: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Пакінуць адказ