Грамадства

“Вы что, не любите русских?”

Ў горадзе Іркуцку абвінавачваецца ў экстрэмізме беларус Аляксей Кухта, а ў іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага здзейснілі ператрус і знайшлі там “материалы экстремистского содержания”.

Адзначым, што таварыства Яна Чэрскага з’яўляецца адным з самых моцных згуртаванняў беларусаў за мяжой і карыстаецца павагай як вядомых беларускіх навукоўцаў і культурных дзеячаў, так і расійскіх чыноўнікаў. TUT.BY робіць спробу разабрацца, ў чым справа.

Ногі растуць.. са старонкі “Вконтакте”?

17 красавіка на партале Право.Ru, а затым і ў беларускіх СМІ з’явілася інфармацыя пад такім загалоўкам: “Па відэа ў сетцы “Вконтакте” узбуджана справа на лідэра беларускіх нацыяналістаў”. Партал спасылаўся на паведамленне Следчага ўпраўлення Следчага камітэта РФ па Іркуцкай вобласці.
Паколькі асобнага каментара ад расіян журналісты TUT.BY пакуль не атрымалі, будзем спасылацца на афіцыйную заяву: “Следчымі органамі Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да аднаго з кіраўнікоў моладзевага клуба “Крывічы”, 26-гадовага жыхара Іркуцка Аляксея Кухты. Яму прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.282 КК РФ (узбуджэнне нянавісці альбо варожасці, а таксама знявага чалавечай годнасці).

Па словах следчых, Кухта змяшчаў эстрэмісцкія матэрыялы ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”. Следчы камітэт паведамляе, что ў офісе “Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага” былі забраныя “матэрыялы экстрэмісцкага паходжання, выявы лідараў беларускіх нацыяналістаў, якія ваявалі на баку фашысцкай Германіі супраць савецкіх войскаў і здзяйснялі карныя дзеянні супраць насельніцтва”.
У паведамленні Следчага камітэта адзначаецца таксама, што зараз Кухта знаходзіцца пад падпіскай аб нявыяздзе, а расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Яшчэ ўчора TUT.BY пісаў, што Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ужо выказала сваё стаўленне да сітуацыі: Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абуранае дзеяннямі Следчага ўпраўлення Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці, якія нават пры наяўнасці падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да сп. Кухты, не мелі ні падставаў, ні маральнага права наносіць урон сваімі дзеяннямі Алегу Рудакову і Іркуцкаму таварыству беларускай культуры”.
Алег Рудакоў: “Ужо нейкія слабанервныя тэлефануюць і кажуць, што мы павінны звярнуць сваю дзейнасць”.

Алег Рудакоў

Алег Рудакоў

Але ўрон ўжо нанесены. Па словах самога старшыні таварыства Алега Рудакова, якому TUT.BY патэлефанаваў у Іркуцк, апошнімі днямі таварыству толькі і прыходзіцца, што апраўдвацца і кожнаму тлумачыць, што да дзеянняў Аляксея Кухты асветніцкая арганізацыя не мае дачынення.
– Мы збіраемся ў хуткім часе зрабіць свой прэс-рэліз, – паведамляе Алег Рудакоў. – Справа ў тым, што пытанні, якія ўзняў у сваім прэс-рэлізе Следчы камітэт, маюць вялікія недакладнасці. Першае, і самае галоўнае: Аляксей Кухта не з’яўляецца лідарам моладзевага клуба “Крывічы”, тым больш, ён не з’яўляецца яго кіраўніком. Гэты клуб быў створаны 29 красавіка 2009 года і да гэтага часу яго старшыня – Вольга Галанава. Яна таксама і кіраўнік “Крывічоў”, які ў мінулым годзе стаў лаўрэатам фестывалю беларусаў замежжа на “Славянскім базары”.
Старшыня таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага сцвярждае, што яго суполка не займаецца ні палітыкай, “ні тым больш экстрэмісцкімі справамі”.
– Мы займаемся зусім іншым. Мы праводзім нацыянальныя святы, у нас ёсць 17 беларускамоўных гуртоў, якія спяваюць аўтэнтычныя беларускія песні. Ёсць секцыі бытавога танцу, рамёстваў, мы тчэм на кроснах, вышываем, робім кашулі. У таварыства больш за 700 сяброў, два аддзяленні па вялікай па плошчы Іркуцкай вобласці. І чаму Следчы камітэт вырашыў нас ачарніць, выліўшы столькі бруду, я ня ведаю, – тлумачыць Алег Рудакоў.
Як расказвае суразмоўца, падчас ператрусу супрацоўнікі МУС пыталіся: “Вы что, не любите русских? Что вы, считаете, что белорусы лучше русских? Что вы тут, запрещаете на русском языке разговаривать?”.
– Такія жудасныя рэчы казалі, якія не датычацца ні мяне, ні нашай працы, – кажа беларускі сібірак, – Малады хлопец на нейкай старонцы ў “Вконтакте” размясціў нейкія фотаздымкі і нейкія каментары. Вырашыў троху павыпендрывацца, ці як гэта па-беларуску сказаць. Гэта дрэнна, але гэта ягоная асабістая справа. Паўтараю: у нас у таварыстве 700 сяброў, калі сёння прыйдзе чалавек і скажа, што ён беларус і хоча ўступіць у таварыства, я адкажу: “Калі ласка, запрашаем!” А калі назаўтра той жа чалавек, не дай божа, апынецца злачынцам, чаму я і усё таварыства павінны будзем адказваць за яго?
– Але нешта ж, кажуць, знайшлі?
– Ператрус быў, але не было ніякай экспертызы тых матэрыялаў, якія яны забралі ў сядзібе. Нават тлумачэнняў ад мяне яны ніякіх не бралі. А потым раптам выдаюць у прэс-рэлізе, што яны забралі экстрэмісцкія матэрыялы і календары, на якіх былі фашысцкія дзеячы. Дык вось, кажу: гэта мае калекцыйныя календарыкі, якія не маюць ніякага дачынення да экстрэмізму ці чагосьці яшчэ. Там былі Булак-Балаховіч (палітычны дзеяч грамадзянскай вайны, генерал Белай арміі і Войска Польскага, – TUT.BY) і Алесь Гарун (беларускі паэт, пісьменнік і рэвалюцыянер, – TUT.BY), якія да вайны з фашыстамі нават не дажылі. Акрамя календарыкаў, забралі кніжку “Антыбальшавісцкія паўстанні”, дыск “Гуканне вясны” і старыя газеты “Наследие предков” – гэтыя газеты калісьці хтосьці прынёс, я нават ўжо на іх забыўся, таму што да майго таварыства яны дачынення не маюць. Казаў, паглядзіце нашу газету “Маланка”, якую мы выдаем штомесяц, паглядзіце нашы граматы, але пачуў адказ, што ім гэта не цікава. Значыць, прыйшлі мэтанакіравана, каб знайсці нейкую крамолу. Ўсё прыцягнута за вушы, каб зрабіць сенсацыю. Што казаць – сенсацыю зрабілі.
– Раскажыце больш пра Аляксея Кухту. Які ён?
– Аляксей Кухта – малады чалавек у акулярах. Ён не падаецца мне злосным, але, на мой погляд, лёгка паддаецца чужому ўплыву, любіць чымсьці бравіраваць. Вось, дабравіраваўся. Зараз, наколькі я ведаю, ён ніякіх каментароў не дае, нікому нічога не тлумачыць, падпісаў яўку з павіннай.
Па словах Алега Рудакова, сюжэт пра ператрус ў беларускай сядзібе ўжо паказалі па мясцовым тэлебачанні.
– Сюжэт у рэгіянальных навінах пра нас учора выпусцілі раней за сюжэт пра губернатара. Горка смяемся: якая павага! За 16 год не адчувалі ніякага незадаволення з боку мясцовай ўлады – было толькі супрацоўніцтва. Шмат хто з высокіх чыноўнікаў прыходзіў да нас на святы. У мінулым годзе мы сталі лепшым нацыянальна-культурным цэнтрам у Іркуцку. Наша дзейнасць адкрытая і ветлівая да ўсіх. А зараз што? 16 год цікавай, карыснай працы, кату пад хвост? Ведаеце, некаторыя людзі тут, у Іркуцку, прачуўшы пра такія дзеянні Следчага камітэту, разважаюць: дыма без вогнішчу не бывае, а раз ёсць дым, значыць, нешта было. Нават ўжо нейкія слабанервныя тэлефануюць мне і кажуць: “Што вы такое нарабілі? Цяпер вы павінны звярнуць сваю дзейнасць!”.
– На ваш погляд, што можа вярнуць таварыству добрае імя?
– Было б добра, каб губернатар (губернатар Іркуцкай вобласці Дзмітры Мязенцаў, – TUT.BY), альбо нейкая іншая высокапастаўленая асоба, якая нас ведае, выступілі на прэс-канферэнцыі і сказалі: “Давайце падзяляць: ёсць нейкі чалавек, які сапраўды парушыў закон. А ёсць арганізацыя, якую мы ведаем добра ўжо 16 год, і якая дачынення да гэтага парушэння не мае”.
Сняжана Інанец, TUT.BY

Пакінуць адказ