Адукацыя

Стыпендыі ўзнялі да рэкордных 47$

Стыпендыі для беларускіх студэнтаў зноўку падвышаюць, ужо другі раз за апошнія паўгады. Зараз іх памер будзе вагацца ад 376 да 788 тысячаў рублёў. Гэта новыя рэкордныя лічбы ў беларускай адукацыі.

Са зменай тарыфнай стаўкі першага разраду з траўня расце і навучальная стыпендыя студэнтаў. Вырастуць выплаты прыкладна на 5%, што павялічыць мінімальную стыпендыю да 376 тысяч ці $47, а максімальную стыпендыю, на якую могуць прэтэндаваць толькі студэнты БДУ, да 788 тысяч ці $97. Гэта лічба толькі на 200 тысяч меней за мінімальны заробак.

У 2011 годзе стыпендыі падвышалі ледзь не штомесяц. Апошні ж квартал беларускія студэнты першай ступені навучання атрымлівалі выплаты, памер якіх не мог перавышаць мяжы ў $92.

Характэрна, што памер стыпендыі ў $47 — мяжа, якую выплаты беларускім студэнтам яшчэ ніколі не пераходзілі (гл. графік). Гэтак максімальны пакуль узровень стыпендый быў дасягнуты напрыканцы 2008 году, а таксама ў студзені 2012. Цяпер фармальна можна казаць аб тым, што беларускія, а найперш менскія студэнты, якія да 1 ліпеня не плацяць за грамадскі транспарт, жывуць лепей, чым калі-небудзь.

З іх самае «салодкае» жыццё ў навучэнцаў БДУ і Акадэміі кіравання. У студэнтаў першай ВНУ стыпендыі на 30% болей, чым ва ўсіх астатніх, у Акадэміі — на 15%.

Мінімальная стыпендыя ў беларускай магістратуры цяпер будзе роўная $73, у аспірантуры — $197.

Крыніца: generation.by

Пакінуць адказ