Моладзь

Колькі студэнтаў можа змясціць аўтобус?

Студэнты з Літвы  вырашылі праверыць колькі іх можа змясціцца ў  міжнародны аўтобус. І атрымалася, што ў тры разы больш, чым разлічвалі канструктары!

9 траўня на Дзень Еўропы, студэнты Міжнароднага юрыдычнага і прадпрымальніцкага ўнівэрсытэту ў Вільні ўсталёўвалі рэкорд — спрабавалі да адмовы запоўніць аўтобус Simple Express.

У выніку ў 54-мясцовым аўтобусе апынуліся 161 студэнт і студэнтка.

«Нам спадабалася гэтая ідэя — да адмовы запоўніць аўтобус і пабіць рэкорд латышскіх студэнтаў — іх было 130», — сказаў кіраўнік самакіраваньня студэнтаў ВНУ Наўрымас Міхайлюкас.

Падобны рэкорд латышскія студэнты ўсталёўвалі летась.

Моладзь сабралася ля жоўтага аўтобуса ў Вільні раніцай. Студэнты заходзілі ў аўтобус па адным і запоўнілі яго на працягу 20 хвілін. Вынікі студэнцкіх экспэрымэнтаў будуць перададзеныя літоўскаму агенцтву Factum, якое рэгіструе рэкорды.

Паводле generation.by

Пакінуць адказ