Еўраклуб

“Вучыцца, вучыцца ды вучыцца” – знакаміты запавет за мяжой

Пра свой досвід навучання за мяжой расказвае чытачка сайта adukacyja.info – як трапіць на праграмму, чаго гэта каштуе, як здаваць іспыты і, ўвогуле, як гэта – быць студэнтам за мяжою?

“Калісьці даўно я чула гісторыі пра тое, што нехта вучыцца за мяжой ды яшчэ і стыпендыю атрымлівае. Ставілася, аднак, да іх як да гарадскіх легенд – маўляў, быў гэта сябар жонкі-бацькі-цёткі – а на самой справе, не існуе гэтых людзей. Занадта павінна пашанцаваць у жыцці, каб і вучыцца ўзялі, і грошы на гэтую справу давалі. Тым не менш, зараз я сама – адна з герояў гэтых гісторый. Так, гэта ўсё сапраўды здарылася са мной, а значыцца, можа здарыцца і з вамі.

Я вучуся ў Боне, у Акадэміі Дойчэ Вэле (Deutsche Welle Akademie). Калі хто не ведае, дык Дойчэ Вэле – буйная медыя ўстанова, мэта якой – расказваць замежнікам пра Нямеччыну. Пры ёй існуе Акадэмія, якая звычайна займаецца трэнінгамі ды майстар-класамі для журналістаў з розных краін. Тры гады таму Акадэмія вырашыла выйсці на новы ўзровень і сумесна з Бонскім універсітэтам (Universität Bonn) і Вышэйшай школай Бон-Райн-Зіг (Hochschule Bonn-Rhein-Sieg) арганізавала магістрскую праграму International Media Studies. Цяпер штогод сюды запрашаюць маладых журналістаў з усяго свету. У выніку толькі ў маёй групе – моладзь з 16 краін: Беларусі, Інданэзіі, Новай Зеландыі, Пакістана, ЗША, Бразіліі і іншых.

Галоўнае – жаданне

Калі вы зазірнеце на старонку любога еўрапейскага ўніверсітэта, дык спіс патрабаванняў да абітурыента можа адбіць ўсялякае жаданне нават спрабаваць атрымаць там месца. Але, сапраўды, трэба толькі пачаць – шматлікія дакументы ўсё ж такі магчыма падрыхтаваць і сабраць. Большасць з іх – гэта даведкі, дзе і як вы вучыліся і працавалі, пераклад дыплома з усімі адзнакамі, характарыстыкі і гэтак далей. Так што, па сутнасці, падрыхтаваць іх не складана – толькі што прыйдзецца пабегаць па кабінетах усялякіх начальнікаў ды чыноўнікаў.

Іншая справа – моўныя тэсты. На маю праграму патрабавалі два – англійскі IELTS і нямецкі TestDAF. Па-першае, каштуюць яны не мала: немцам і англічанам няма справы да нашых крызісаў і нізкіх заробкаў, таму і патрабуюць яны каля 100-130 еўра за экзамен. Па-другое, нават калі вы ведаеце мову, рыхтавацца давядзецца ўсё роўна, бо тэсты – рэч спецыфічная, і калі не ўлічваць, што акрамя, напрыклад, багатай лексікі, у IELTS важна яшчэ і добра структураваць тэкст, то адзнаку можна атрымаць нашмат ніжэйшую за сапраўдныя веды.

Яшчэ адзін важны момант – матывацыйны ліст, які трэбы даслаць у ВНУ разам з астатнімі дакументамі. Справа такая: кожнаму ўніверсітэту хочацца верыць, што ён такі ўнікальны, і вучыцца вы хочаце толькі там, а ў іншае месца не пойдзеце, нават калі папросяць. Таму я ўважліва праглядзела праграму майго курса, падумала, чым менавіта яна мяне прываблівае, вылучыла прадметы, якія найбольш мяне цікавяць.

З другога боку, трэба ўлічваць і магчымыя патрабаванні да кандыдатаў: каго і чаму хочуць бачыць студэнтам? І я пачала пісаць ліст, дзе падрабязна тлумачыла, што, напрыклад, прадмет “Медыя, грамадства і палітыка” для мяне цікавы, бо я хачу працаваць у палітычнай журналістыцы. Што я ўжо маю досвед, але хачу глядзець на гэтую сферу з больш шырокай перспектывы. Канешне, хлусіць не трэба, але раставіць акцэнты, на мой погляд, неабходна.

Яшчэ адна парада: не лянуйцеся дасылаць у ВНУ электронныя лісты! Гэта відавочна сведчыць, што вы зацікаўлены ў паступленні, а не проста рассылаеце свае дакументы па ўсім свеце, каб атрымаць халяўную візу. Шчыра кажучы, для мяне гэта было не так і проста, бо на сайце праграмы былі зразумела апісаны ўсе патрабаванні, апісанне курса і гэтак далей. Таму я прысвяціла нямала часу таму, каб выдумаць новае пытанне: трэба было і паказаць зацікаўленнасць, і не выглядаць дурной: было б дзіўна пытацца пра тое, пра што і так напісалі на сайце.

Канешне, мой досвед не ўніверсальны. Але ў маім выпадку гэта спрацавала, і пасля доўгіх месяцаў падрыхтоўкі і чакання вынікаў я нарэшце атрымала ліст, які пачынаўся словамі “Сардэчна запрашаем!”

Студэнт!

Пачынаць вучобу ў іншай краіне было цікава і страшна адначасова. Мяне ўпершыню пасялілі ў інтэрнат. Так што больш ніхто не скажа: “Не жыла ў інтэрнаце – не ведаеш студэнцкага жыцця!” Жыла і ведаю. Але, канешне, па нашых стандартах жыву я амаль у гатэлі: асобны пакой з маленечкай кухняй і ваннай – проста цуда!

Асобная гісторыя – навучанне на замежнай мове. Спачатку было вельмі цяжка ўвесь час успрымаць інфармацыю па-нямецку ды і нават па-англійску. Гэта патрабавала абсалютнай увагі, і ўжо пасля дзвюх лекцый я адчувала сябе нібыта пасля змены на заводзе.

Аднагрупнікі адразу падаліся вельмі цікавымі і мілымі людзьмі. Але розніца ў культурах усё ж такі пачала вылазіць з цягам часу. Аднойчы напрыканцы пары Гемечу – мой калега з Эфіопіі – устаў і гучна аб’явіў, што памрэ ў панядзелак, таму хоча развітацца з намі і сказаць, каб мы не сумавалі па ім. Маўляў, ён бачыў гэта ў сне, а эфіопы такім з’явам давяраюць. Вось гэта была сапраўдная нямая сцэна па Гогалі! Ніхто не ведаў, як рэагаваць, бо казаў ён сур’ёзна. У панядзелак стала лягчэй: на пачатку заняткаў мы былі радыя ўбачыць Гемечу жывым і нават здаровым. Ён растлумачыў, што бачыў у сне толькі дзень, калі павінен памерці – 25-га кастрычніка – а год не бачыў. Так што ў яго ёсць неблагія шансы памерці гадоў праз семдзесят.

Іншы выпадак, дзе сапраўды сутыкнуліся нашыя культуры, адбыўся на першай сесіі. Справа ў тым, што немцы дазваляюць падчас пісьмовага іспыту выходзіць у туалет – дзе вы такое бачылі ў нашых універсітэтах? Зразумела, што нехта вырашыў выкарыстаць такі шанец і схаваў у туалеце падручнік, дакладней, два – адпаведна для дзяўчынак і хлопчыкаў. Падручнікі знайшлі, і ўсім, хто выходзіў, паграджала пераздача. Зразумела, такая перспектыва не радавала. Таму, калі сталі разбірацца, то студэнтка з Нямеччыны, пазнаўшы почырк сваёй суайчынніцы, адразу ж “здала” яе прафесару. Другі чалавек прызнаўся сам і нават публічна папрасіў прабачэння ў усёй групы. Для нашага, як мы тут кажам, “савецкага” блоку – то бок дзяўчынак з Беларусі і Расіі – гэта не падзея – ну падручнік у туалеце, ну хацеў нехта спісаць, і што? На нашу думку, куды горш было “здаць” сяброўку – вось гэта ўжо сапраўды дрэнна. Таксама адрэагавалі і нашыя аднагрупнікі-азіаты. А вось прадстаўнікі Заходняй Еўропы і ЗША паставіліся да сітуацыі інакш: распачаўся неверагодны скандал, некаторыя студэнты перасталі нават размаўляць з вінаватымі, нягледзячы нават на прынесеныя прабачэнні. У выніку ніякай пераздачы нават і не было, але, што называецца, “асадак застаўся”: касымі поглядамі група абменьвалася яшчэ паўгады.

Іспыты

Мае сябры заўсёды здзіўляюцца, калі я кажу нешта пра іспыты. “А што, вас там яшчэ і вучыцца прымушаюць?” І сапраўды, калі ўяўляеш студэнцкае жыццё за мяжой, то на думку прыходзяць клёвыя еўрапейскія вечарынкі, новыя сябры і падарожжы ў бязвізавай прасторы. А вось шматлікія іспыты, лекцыі, праекты і пісьмовыя работы на думку не прыходзяць, хоць, як аказалася, менавіта яны і запаўняюць увесь час.

Іспыты ў Германіі значна адрозніваюцца ад беларускіх, але, трэба адзначыць, што вучыць трэба і тут, і там. На вусныя іспыты кожнага студэнта запрашаюць у асобны час, таму ніхто не сядзіць пад дзвярыма і не спрачаецца за магчымасць пайсці ў першай, апошняй ці ў якой там яшчэ пяцерцы. Іспыт прымаюць два выкладчыкі, якія таксама вядуць пратакол адказу. Пачынаецца гаворка хвілін на двадцаць –– без усялякіх білетаў і часу на падрыхтоўку. Закранаецца шмат тэмаў, у тым ліку просяць паразважаць аб чымсьці на падставе матэрыялу, што вывучалі падчас семестру. Мне такі варыянт спадабаўся – па-першае, калі я ведаю прадмет, то мяне не заваляць на асобным пытанні. А па-другое, ніхто мяне асабіста не прымушаў назваць “усе дзесяць пунктаў” ці на памяць расказаць чарговае вызначэнне.

Пісьмовы іспыт складаецца звычайна з трох-чатырох прадметаў, таму рыхтавацца трэба адразу да ўсяго. Цікава, што ніякага спісу пытанняў, зноў жа, не існуе. Вось што праходзілі – тое і вучыце. Гэта даволі складана, бо, сапраўды, усё не вывучыш, а пэўнага арыенціру няма. Але у той самы час, на мой погляд, аб’ём, які трэба падрыхтаваць, значна менш, чым быў у маім родным БДУ. Там на іспыт па літаратуры трэба было прачытаць некалькі дзесяткаў твораў мастацкай літаратуры старонак па дзвесце кожны.

Вольны час

Вось гэта ўжо сапраўднае студэнцкае жыццё! Інтэрнат, вольны час, вечарынкі! Дзіўна, але ў інтэрнат можна запрашаць сяброў, пакідаць іх у сабе хоць бы і на тыдзень, і вяртацца ноччу хоць а першай гадзіне, хоць а пятай. Нікога няма на першым паверсе – адчыняй ключом дзверы і ідзі. Да таго ж, у самім інтэрнаце кожны тыдзень абсалютна афіцыйна праводзяцца вечарынкі з гучнай музыкай і таннай выпіўкай – дарэчы, найтаннейшай у горадзе.

Даволі часта мы праводзім вечарынкі самі з аднагрупнікамі. Хтосьці запрашае да сабе, і тады кожны прыносіць нейкую нацыянальную страву – у выніку можна пачаставацца і бразільскімі прысмакамі, і кітайскім супам. Здагадайцеся, што ж могуць прынесці беларусы? Зразумела, “Кока-колу”! Гатаваць я не ўмею, а “Кока-кола” ўжо заслужыла права звацца нашым нацыянальным напоем. Ну добра-добра, гатавалі мы таксама і дранікі. Але заняло гэта гадзіны тры, бо ў гаспадароў не было прыстойнай таркі. Таму, калі мы нарэшце скончылі, госці ўжо разыходзіліся, і нашыя дранічкі толькі сфатаграфавалі, каб пасля вылажыць на фэйсбук з подпісам “беларускі дэсерт”. Ды і хай: затое мы самі добра пачаставаліся!

Канешне, вучоба за мяжой – гэта цудоўны досвед, які дазваляе пазбавіцца многіх стэрыятыпаў і значна пашырыць свае погляды. І ўражанні ад гэтых некалькіх год будуць яшчэ доўга натхняць, нават калі студэнцтва ператварыцца ва ўспамін з далекага мінулага”.

Крыніца: adukacyja.info

Пакінуць адказ