Школьныя стэрэатыпы альбо уласныя інтэлектуальныя здабыткі? Літаратуразнаўцы і адзін з пісьменнікаў-“лаўрэатаў” каментуюць вынікі апытання “Топ-100 беларускай прозы”.
Нагадаем, што вызначэнне самых папулярных беларускіх твораў пачалося з таго, што Дзедзіч прапанаваў у суполцы Укантакце выкладваць назвы твораў для ўключэння ў спіс галасавання. Усяго карыстальнікамі сацыяльнай сеткі было прапанавана 140 празаічных твораў. У пачатку красавіка адбывалася галасаванне на сайце Dzedzich.org, у якім прыняла удзел амаль 1.400 чалавек.
Дадзеныя апытання прааналізавалі вядомыя берасцейскія філолагі-літаратуразнаўцы, дацэнты ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Генадзь Праневіч і Галіна Ішчанка.
Генадзь Мікалаевіч: “Першыя ў спісе – гэта класічныя творы, якія складаюць аснову ўяўленняў людзей пра беларускую літаратуру. Яны хрэстаматыйныя і ўключаныя ў школьную праграму. Безумоўна, яны з’яўляюцца знакавымі для нашай культуры, у гэтых творах адлюстраваная ідэя беларускасці і паняцці пра нацыянальны характар.Таму іх лідэрства падаецца лагічным і апраўданным.
Сучасная літаратура прадстаўлена нешырока і не займае першых месцаў ў спісе. Відаць, гэтыя творы прапанавала і галасавала за іх тая частка моладзі , якая арыентуецца ў сучаснай культуры. Гэта, як вы любіце казаць, “прасунутая” моладзь, эліта.Творы такіх пісьменнікаў, як Сяргей Егарэйчанка, Альгерд Бахарэвіч, Францішак Аляхновіч і іншыя, не атрымалі афіцыйнай падтрымкі ў сродках масавай інфармацыі, выдавецтвах, школе і г.д. Таму для тых, хто ведае такіх пісьменнікаў, гэта з’яўляецца іх уласным інтэлектуальным здабыткам.
У першыя пункты не трапілі творы са складаным зместам, напрыклад, кніга “У вайны не жаночае аблічча” Святланы Алексеевіч заняла толькі 23 месца. Яе творы не з’яўляюцца забаўляльнымі, у іх паднятыя, так бы мовіць, непрыемныя тэмы – смерці, хваробы. З другога боку, зразумела, што моладзь абірае больш аптымістычныя і жыццсцвярджальныя творы”.
Галіна Мікалаеўна: “Некаторыя вынікі мяне здзівілі. Тое, што моладзь галасавала за такія творы, як “Раскіданае гняздо”, “Хто смяецца апошнім”, тым больш “Шляхціч Завальня”, які ўвайшоў у першую пяцёрку, мне падалося нечаканым. Здавалася б, гэта не тая проза, якая магла б выклікаць зацікаўленасць шырокай публікі.
У спіс увайшлі большасць твораў школьнай праграмы. Гэта сведчыць пра тое, што школа выконвае сваю функцыю і закладае асновы культуры.
Першынство пазіцый Караткевіча ў беларускай літаратуры для мяне выглядае відавочным. У літаратуры савецкіх часоў творчасць Уладзіміра Сямёнавіча прадстаўляла сабой нефармат. З агульнай плыні сялянскай тэматыкі ён выбіваўся. Яго героямі станавіліся шляхцічы, выбітныя персоны, гістарычныя асобы. Ягоная творчасць адлюстроўвала іншую нацыянальную ідэалогію.
Разам з гэтым творы Караткевіча маюць белетрыстычны накірунак, цікавы, захапляльны сюжэт. Тым не менш, з маёй працы са студэнтамі, напрыклад, факультэта дашкольнай адукацыі, вынікае, што для сучаснага пакалення нават Караткевіч з’яўляецца складаным для ўспрымання. Часта мне прыходзіцца проста тлумачыць ім сюжэт.
У школах з літаратурай сябруюць яшчэ менш. Распаўсюджанай з’явай становіцца нечытанне вучнямі твораў школьнай праграмы, якімі б цікавымі яны не былі. Часта такое адбываецца са згоды настаўніка, які спрабуе кампенсаваць гэта “калектыўным абмеркаваннем” ці нейкімі новымі тэхналогіямі.
На гэтым фоне апытанне “Дзедзіча” і ўдзел у ім вялікай колькасці моладзі з’яўляецца вельмі прыемнай падзеяй. Людзі, галасуючы за беларускія творы, разам з тым выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю і зацікаўленасць нацыянальнай культурай”.
***
Свае меркаванні наконт апытання “Топ-100 беларускай прозы” выказаў вядомыбеларускі пісьменнік і наш зямляк (нарадзіўся на Століншчыне) Алесь Наварыч. Яго раман“Літоўскі воўк”, які прысвечаны падзеям паўстання 1863 года і шмат у чым з’яўляецца працягам традыцый Караткевіча, увайшоў сотню лепшых беларускамоўных твораў на думку чытачоў нашага сайта.
Алесь Іванавіч: “Вынікі апытання адлюстроўваюць пэўнае светаўспрыманне, уласцівае нацыянальнааэрыентаванай моладзі. Гэта рамантызм і ідэалізм, увасабленнем якога сталі раманы Караткевіча.
Я сам у пэўны перыяд сваёй творчасці знаходзіўся пад уплывам гэтага светаўспрымання. У дзяцінстве Караткевіч быў маім любімым пісьменнікам”.
Літаратар упэўнены, што тыя беларускія творы, якія мы любім і чытаем, якія вывучаем у школе – гэта так ці інакш вынік савецкай ідэалогіі. “Наш густ сфарміравала імперыя. Да нас на паліцы траплялі тыя творы, якія дазваляла друкаваць Масква. А на якой паперы яны друкаваліся? Сыравіна пастаўлялася з Сібіры. На такой паперы не магло з’явіцца нічога, што б супярэчыла афіцыйнай ідэалогіі”.
Вялікі пласт беларускай літаратуры ў друк так і не трапіў. “Кніга, якую я лічу адной з лепшых, – “Паломніцтва ў Іерусалім” Мікалая Крыштофа Радзівіла (“Сіроткі”). Напісаная яна была на лацінцы, потым перакладалася на польскую. Але аўтар перадаў ёй ліцвінскі дух, ліцвінскае светаўспрыманне.
Мне падаецца неапраўданым мовацэнтрызм , ідэю якога заклаў “Дзедзіч” у сваё апытанне. Беларускамоўная літаратура – гэта ў асноўным тая, што з’яўлялася ў часы Савецкага Саюза. Але нашая нацыя склалася не ў 1882 годзе, калі нарадзіліся Янка Купала і Якуб Колас.
З-за такога завужанага погляда ў спіс не трапілі, напрыклад, Адам Міцкевіч з ягоным “Панам Тадэвушам” і “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага”.
Падрыхтавала Альбіна ТРУС
/p
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…