КультураГісторыя

Мовы, якія выжылі. Частка 2

Беларуская мова спецыялістамі лічыцца знікаючай. Сёння звычайныя людзі ўжо адчуваюць цяжкасці ў карыстанні беларускай мовай у паўсядзённым ужытку. Многія ж энтузіясты-патрыёты гараць ідэяй выратаваць родную мову, аднавіць ва ўсім яе багацці і прыстасаваць да патрэб сучаснага грамадства.

Але мовазнаўцы ім адкажуць, што аднавіць мёртвыя элементы, якія выйшлі з ужытку, а тым больш стварыць новыя, не атрымаецца. Мова – гэта сістэма, якая развіваецца сама сабой, і магчымасці ўмяшальніцтва чалавека ў гэты працэс абмежаваныя.

Няўжо беларусам застаецца пакорліва глядзець на затуханне роднай мовы?

На шчасце, ў мове ёсць-ткі трысферы, куды чалавек можа усунуць свой нос і нешта там памяняць.

1. Абраць адзін маўленчы варыянт з мноства

Першая сфера – гэта моўныя нормы. Літаратурная мова – а на “жаргоне” філолагаў яна азначае не тую мову, на якой пішуцца літаратурныя творы (дакладней, не толькі тую), а мову “правільную”, урэгуляваную, адзіную для ўсёй нацыі афіцыйную мову – дык вось, літаратурная мова сама па сабе з’явіцца не можа, яе трэба ствараць штучна.

Што гэта значыць? Уявіце сабе тэрыторыю нейкай краіны, напрыклад, Францыі XVII стагоддзя. Народ гэтай краіны гутарыць паміж сабой на нейкай мове. Вядома, на французскай. Але не зусім. У паўночных рэгіёнах размаўляюць так, у Правансе іначай, барон свайму суперніку прэтэнзіі пасля балю будзе выказваць адным чынам, а гандлярка з суседкай на рынку лаецца ўжо зусім па-іншаму. Дзяржаўныя ж законы занатоўваюцца на дыялекце Іль-де-Франс, але кожны пісар піша па-свойму – ніхто не ведае,як правільна.

Французская акадэмія

Трэба ўлічваць, што ў гэты час Францыя ўжо ўяўляе сабой моцную дзяржаву пад кіраўніцтвам аўтарытэтнага манарха. Усім становіцца відавочна, што мова гэтай дзяржавы павінна адпавядаць яе палітычнаму статусу. Стварыць такую мову бярэцца Французская акадэмія па ініцыятыве кардынала Рышэлье.

Акадэмікі пачынаюць вырашаць, які з мноства маўленчых варыянтаў лічыць правільным. Вядома, часцей за ўсё эталонам лічылася маўленне адукаваных дваран сталіцы. Такім чынам тое, што высокім чальцам Акадэміі падавалася прыгожым, станавілася правілам для ўсіх. Напрыклад, Клод Вожля патрабаваў замены артыкля des на de, калі прыметнік знаходзіцца пасля назоўніка ў множным ліку.

Праз пэўны час выходзіць слоўнік французскай мовы, і з гэтага моманту ўсе землі вялікай Францыі павінны выкарыстоўваць тыя словы, якія змешчаны ў ім.

Па ўзору французскай была створана Расейская акадэмія. У яе статуце, напісаным княгіняй Дашкавай, паведамлялася: “Российская Академия долженствует иметь предметом своимвычищение и обогащение российского языка, общее установление употребления слов оного. К достижению сего предмета должно сочинить прежде всего российскую грамматику, российский словарь, риторику и правила стихотворения”. А “сочинил” усё, чаго нехапала расейскай мове, Міхайла Ламаносаў.

Прыкладна тое ж у дачыненні да беларускай мовы зрабіў Браніслаў Тарашкевіч, калі ў 1918 годзе выдаў першы (на сучасным этапе) падручнік па граматыцы.

2. Стварыць арфаграфічныя правілы

Літара "Псі" існавала ў рускай азбуцы да рэформы Пятра

Яшчэ адна сфера, куды мы можам асэнсавана ўмешвацца, гэта арфаграфія. Яна дыктуе, як правільна перадаваць на паперы тое, што мы вымаўляем і чуем. У працэсе развіцця амаль кожнай мовы людзі ў пэўны час адкідваюць непатрэбныя знакі пісьма і выдумляюць новыя для гукаў сучаснай мовы.

Напрыклад, старажытнарускае пісьмо, якое складзена па ўзору грэцкага, выкарыстоўвала тры літары для гука “і”, две для “о” і “ф” і яшчэ шмат чаго непатрэбнага. Адмяніць гэта здагадаліся толькі пры Пятры I. Але часта людзям шкада адмаўляцца ад старых правіл дзеля зручнасці. Так,расейскамоўныя школьнікі пакутуюць над спалучэннямі “жи”, “ши”, якія дагэтуль пішуцца з і, хаця мяккасць гукі “ж” і “ш” страцілі ужо ў XV ст.

Беларуская ж мова, наадварот,згубіла ад беспадстаўных рэформаў. У 30-я гады, у разгар рэпрэсій супраць нацыянальна-культурнага руху на Беларусі, была праведзеная рэформа правапісу. Афіцыйная яе мэта – “падпарадкаванне беларускага правапісу задачам выхавання працоўных мас у духу пралетарскага інтэрнацыяналізму”.

Новыя правілы, напрыклад, адмянялі пастаноўку “ь” паміж мяккімі зычнымі (“свет” замест “сьвет”). Многія беларусы пачалі гэтыя зычныя вымаўляць цвёрда: беларускай мове вучацца па кніжках, а таму размаўляюць так, “як пішацца”. Такім чынам мова губляе адну з сваіх фанетычных адметнасцяў і набліжаецца да рускай.

3. Прыдумаць тэрміны

Наступная сфера мовы, якая не толькі дазваляе, але і патрабуе нашага актыўнага ўдзелу, гэта тэрміналогія. Дзядзька Ламаносаў у свой час сядзеў і выдумваў расейскія словы для навукі, якая нарэшце з Еўропы дабралася да суровыхпрастораў Расеі:“движение”,” равновесие”,” частица” – вось якія цудоўныя тэрміны нарадзіліся ў ягонай галаве.
Прыкладна тое ж ніхто не забараняе зрабіць і нам.

Нязгодлівая граматыка

Усе астатнія сферы мовы – фанетыка, агульная лексіка, марфалогія, сінтаксіс – нам не падпарадкуюцца. Колькі б мы ні выдумлялі новую часціну мовы альбо трэцяе спражэнне дзеяслова, у жывым маўленні людзей гэта ніколі не прыжывецца.

А шкода. Бо гісторыя паказвае нам, што ў краінах, дзе існавала двухмоўе і адна з моваў пачала выцясняць іншую, граматыка хутка разбуралася, лексіка бяднела. “Забытыя” моўныя сродкі – словы і граматычныя формы – запазычваліся з канкуруючай мовы. Менавіта так павольна згасала ў Германіі XVII стагоддзя славянская мова палабян.

4. Альбо – старыць новую мову!

Гісторыя ведае толькі адзін (затое які!) прыклад, калі народу атрымалася адрадзіць мову, якая лічылася мёртвай амаль 2 тысячагоддзі. Вядома, гэта асаблівы народ, які выкруціцца з усялякай, нават самай безнадзейнай, на думку іншых дурняў, сітуацыі.
Першапачатковая мова габрэяў – старажытнагабрэйская, мова Старога запавету – пачала выходзіць з ўжытку ўжо у канцы 1 тыс. да н.э. Новы Запавет напісаны на грэцкай, якая разам з арамейскай стала асноўным сродкам зносін на Святой зямлі.

Пасля выгнання габрэі пачалі засвойваць мову таго народа, на тэрыторыі якога жылі. У межах дыяспар Сярэдняй Еўропы на базе нямецкіх дыялектаў узнік ідыш. Святарства ж і рэлігійная адукацыя ажыццяўляліся на старажытнай мове Старога запавета.

Але ўжо ў XIX ст. габрэі Усходняй Еўропы пачынаюць вяртаць старажытнагабрэйскую мову (іўрыт) ў шматлікія сферы жыццядзейнасці. Пішуцца літаратурныя творы, выдаюцца слоўнікі з сотнямі неалагізмаў.

Са стварэннем дзяржавы Ізраіль іўрыт становіцца афіцыйнай мовай, на якой могуць размаўляць перасяленцы з розных бакоў свету. Дагэтуль ізраільскія вучоныя працуюць над узбагачэннем мовы. Яны ствараюць новыя словы са старымі каранямі па законах габрэйскай граматыкі. Напрыклад, слова кампутар (מחשב– махшэб) створана ад кораня “лічыць”. У слоўніку сучаснага іўрыта слоў у 15 разоў болей, чым у біблейскай старажытнадоўскай мове.

Альбіна ТРУС

P.S. Мы будзем працягваць тэму “Мовы, якія выжылі”. У наступнай частцы чытайце пра мовы краінаў, якія перажылі каланіяльную экспансію, а таксама пра тое, ці будзе ўвесь свет размаўляць на адной мове.

p style=”text-align: right”

Пакінуць адказ