Грамадства

Першыя баі на педагагічным фронце

Журналіст “Дзедзіча” паразмаўляла з выпускнікамі берасцейскага “педуніверсітэта”, якія пачалі працаваць настаўнікамі ў школе. Такім чынам атрымалася зрабіць выснову пра некалькі “абломаў”, якія чакаюць кожнага, хто ўпершыню ступае на хісткую сцежку настаўнічання.

Я – не самы круты

Першае знаёмства маладога спецыяліста з калегамі звычайна падымае самаацэнку. Табе падаецца, што усе яны старыя, непрыгожыя, закасцянелыя і кансерватыўныя. А ты такі энергічны, крэатыўны і цікавы! Ты атрымліваў дзевяткі і дзесяткі, і нават перамог у конкурсе выразнага чытання на факультэце! Ты поўны запалу і гатовы паказаць усім, на што здольны.

І вось, першае выпрабаванне: ты склаў гадавы план у тэрмін і, горды сабой, нясеш яго ў канцылярыю, а там адказваюць “Угу, добра” і абыякава кладуць яго ў стос такіх жа тэчак. Ніхто пляскаць у далоні табе не збіраецца. Аказваецца, усе гэтыя змучаныя і пазбаўленыя энергіі жанчыны таксама здалі план у тэрмін і, не чакаючы падзякі, садзяцца за наступны.

Праз пэўны ж час ты разумееш, што тваёй энергіі ледзь хапіла на напісанне справаздачы аб правядзенні інфармацыйнай гадзіны і плана-канспекта мерапрыемства “Сустрэча з ветэранам”. А ў цябе яшчэ грошы на харчаванне не сабраныя, не вызначаны дзяжурны на званках і конкурс “Малады настаўнік года” праз тыдзень. І тут ты азіраешся на калегаў, якія ўсё гэта ўжо зрабілі, і пачынаеш падазраваць, што яны – пераапранутыя агенты спецыяльнага падраздзялення.

Ніякай самадзейнасці!

Ты абаяльны і лёгка разумеешся з людзьмі, двое малалетніх пляменнікаў ад цябе ў захапленні. Таму ты ўпэўнены, што з класам лёгка наладзіш кантакт. Галоўнае, адстаньце са сваімі парадамі і дайце мне весці ўрокі па-свойму. Фігушкі! Ніхто па-свойму рабіць табе нічога не дазволіць, пакуль ты не заробіш пачэснае званне ветэрана педагагічнай працы.

Рыхтуйся, што да цябе раз на тыдзень альбо раз на дзень (залежыць ад школы і энтузіязму дырэкцыі) будуць завітваць дырэктарка, завуч па вучэбнай працы, адказны педагог, дасведчаныя калегі, санстанцыя і г.д. Кожны будзе даваць табе парады, і калі ты не будзеш прытрымлівацца іх у наступны раз, яны моцна пакрыўдзяцца. А ў адносінах да маладога спецыяліста стрымліваць і ўтойваць свае крыўды не вельмі прынята. Так што табе прыйдзецца засвоіць асновы дыпламатыі, каб кожны раз утаймоўваць чарговы канфлікт, і асновы дзэн-будызма, каб правільна на яго рэагаваць.

Бацькоўская апека

Ты думаеш, што самае страшнае у прафесіі настаўніка – гэта забыць нешта на ўроку і даць дзецям няправільную інфармацыю? Памыляешся, самае страшнае ў прафесіі настаўніка – гэта бацькоўскія сходы. Пад пытальным позіркам бацькоў тваіх выдатнікаў, здзеклівым – бацькоў двоечнікаў і падазроным – бацькоў актывістаў БРПА забыць усё, што ведаў і падрыхтаваў, вельмі проста.

А падрыхтаваў ты ім інфармацыю пра тое, што яны мусяць здаць колькі грошай у фонд школы і яшчэ некалькі – на наведванне канцэрту народнага ансамбля. Што Вася Іваноў памаляваў парту ў кабінеце матэматыкі, а Клава Дудкіна не прайшла агляд на часотку. А Вова Сідараў ня робіць хатніх заданняў, бо, па яго словах, яму няма дзе. Таму ты заўтра завітаеш у госці да Сідаравых , каб праверыць умовы жыцця дзіцяці (свае спадзяванні, што дарослы Сідараў будзе па такой нагодзе цвярозым, ты ў слых не выказваеш).

Зорны шлях можа прывесці ў балота

Звычайна ад універскай практыкі і першых дзён працы ў школе ў маладых людзей застаюцца добрыя ўражанні. Новая атмасфера, нязвыклая сацыяльная роля, новыя дасягненні і поспехі. Але з цягам часу, калі да ўсяго прызвычаішся, эйфарыя затухае. Штодзённая мітусня, якая не прыносіць выніку, пачынае дакучаць. Ты заўважаеш, што з кавалераў застаўся толькі лашара-інфарматык ў акулярах і з засаленымі валасыма, а свой гардэроб ты абмяркоўваеш толькі з гардэробніцай, якая ужо цэлы месяц цікавіцца, калі ты нашыеш вешалку сабе на паліто. Ад няма чаго рабіць ты нават пачынаеш браць удзел у інтрыгах Мадрыдскага двара, якія разварочваюцца ў настаўніцкай.

І апраўданне ўсяму гэтаму можа быць толькі тады, калі ты сапраўды нешта лепіш з гліны пад назвай “вучні”. Як толькі ты адмаўляешся ад гэтай “наіўнай” і “рамантычнай” мэты, ты становішся яшчэ адной дэкарацыяй цырка, які пануе навокал.

Альбіна ТРУС

Пакінуць адказ